Вірусам SARS-CoV-2 з пачатку пандэміі заразіліся каля 132 млн чалавек ва ўсім сьвеце, звыш 2,8 млн памерлі. Выздаравелі больш за 106 млн пацыентаў. DW аглядае падзеі вакол пандэміі за 5 красавіка.
У Грэцыі адменена частка абмежавальных захадаў
У прыватнасьці, з 5 красавіка аднаўляецца праца большасьці крам, але мясцовыя жыхары павінны загадзя аформіць свой візыт у інтэрнэце, унутры крамы адначасова могуць знаходзіцца ня больш за 20 чалавек. Буйныя гандлёвыя цэнтры застаюцца зачыненыя. Акрамя таго, у выходныя сем’ям і групам ня больш за тры чалавекі дазволена рабіць паездкі ўнутры краіны.
Агульны паказчык захворваньня ў краіне застаецца пакуль на высокім узроўні. З пачатку пандэміі ў Грэцыі выявілі больш за 275 000 выпадкаў заражэньня, больш за 8,3 тыс. чалавек памерла.
У Расеі прырост колькасьці заражэньняў за суткі склаў 8646 выпадкаў
Лік зафіксаваных сьмяротных вынікаў за суткі — 343. Агулам у Расеі з пачатку эпідэміі афіцыйна зарэгістравалі 4 589 540 выпадкаў заражэньня, 100 717 памерлі і 4 211 133 ачунялі.
Кіргізстан купляе расейскую вакцыну
Урад Кіргізстану выдзяляе 2,5 млн даляраў на закуп расейскай вакцыны «Sputnik V». Паводле словаў міністра аховы здароўя краіны Алымкадыра Бейшэналіева, на якія спасылаецца «Інтэрфакс», цяпер ідуць перамовы з расейскім бокам адносна цаны за адну дозу. Яна можа абысьціся ў 8–10 даляраў, «магчыма, таньней», заявіў міністар. Пастаўка прэпарата чакаецца ўжо ў красавіку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Афіцыйная статыстыка COVID-19: Мінздароўя трэці дзень запар паведаміла пра 9 сьмерцяў за суткіКіраўнік Міністэрства аховы здароўя таксама паведаміў, што Кіргізстан пакуль устрымліваецца ад атрыманьня вакцыны AstraZeneca ў рамках праграмы COVAX з прычыны магчымых пабочных рэакцый. З 29 сакавіка ў Кіргізстане ўжо робяць прышчэпкі кітайскай вакцынай Sinoрharm.
У Вэнэсуэле новы максымум сутачнага прыросту — 1786 інфікаваных
Агулам з пачатку эпідэміі ў краіне з насельніцтвам больш за 28 млн чалавек афіцыйна зарэгістравана 166 123 выпадкі заражэньня, 1662 пацыенты памерлі.
Аднак гэтыя дадзеныя ставяцца пад сумнеў апазыцыяй і няўрадавымі арганізацыямі. Больш заразны бразыльскі варыянт каранавірусу вельмі хутка распаўсюджваецца ў краіне. Паводле сьведчаньняў відавочцаў, лякарні і клінікі Вэнэсуэлы перапоўненыя.
Ва Ўкраіне — больш за 10 тысяч выпадкаў за суткі
Ва Ўкраіне за суткі выяўлена 10 179 новых выпадкаў інфікаваньня каранавірусам SARS-CoV-2, памерлі 254 пацыенты. Агульная колькасьць выпадкаў заражэньня з пачатку эпідэміі — летась у траўні — склала 1 755 888, памерлі 34 587, выздаравелі 1 352 139.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: COVID: недавер да AstraZeneca; Эўропа адстае; «лідэры постпандэмійнага сьвету»У Кіеве зь сёньняшняга дня ўступаюць у сілу больш строгія абмежаваньні. У прыватнасьці, у сталіцы Ўкраіны зачыняюцца ўсе школы і дзіцячыя сады. Праезд у грамадзкім транспарце абмяжоўваецца толькі работнікамі прадпрыемстваў крытычна важнай інфраструктуры. Мэр Кіева Віталь Клічко абавязаў кіраўнікоў прадпрыемстваў адправіць супрацоўнікаў на дыстанцыйную працу або даць ім адпачынкі.
Локдаўн ва ўкраінскай сталіцы ўведзены да 16 красавіка, але можа быць прадоўжаны.
Улады Рэспублікі Карэя папярэдзілі пра магчымы пачатак чацьвёртай хвалі
Урад Паўднёвай Карэі не выключае пачатку чацьвёртай хвалі эпідэміі. Колькасьць новых выпадкаў заражэньня ў краіне зноў расьце. У сувязі з пагаршэньнем эпідэміялягічнага становішча органы аховы здароўя Рэспублікі Карэя заклікалі грамадзян строга выконваць карантынныя патрабаваньні.
За суткі зарэгістраваныя 473 выпадкі заражэньня SARS-CoV-2. Агульная колькасьць пацьверджаных выпадкаў інфікаваньня дасягнула 105 572. За 24 гадзіны ў краіне памерлі 4 пацыенты з COVID-19.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Аргентыны заразіўся COVID-19, нягледзячы на прышчэпку расейскай вакцынайУсяго з пачатку эпідэміі ад наступстваў каранавіруснай інфэкцыі тут памерлі 1748 пацыентаў. Ачунялымі, па дадзеных партала Worldometer, у Рэспубліцы Карэя лічацца 96 900 чалавек.
У Нямеччыне сутачны прырост заражэньняў склаў 8497 выпадкаў
За апошнія 24 гадзіны, паведамляе Інстытут імя Робэрта Коха, памерлі 50 пацыентаў. Усяго з пачатку эпідэміі ў краіне выяўлена 2 893 883 выпадкі заражэньня, агульная колькасьць зьвязаных з SARS-CoV-2 сьмяротных вынікаў узрасла да 77 013. Паправіліся амаль 2,6 млн чалавек. Насельніцтва Нямеччыны — каля 84 млн жыхароў. Дадзеныя, якія публікуюцца ў выходныя і сьвяточныя дні, як правіла, ніжэйшыя за рэальныя паказчыкі з прычыны меншага ліку праведзеных тэстаў і няпоўнай інфармацыі з рэгіёнаў.
За апошнія 7 дзён з разьліку на 100 000 жыхароў зарэгістравана 128 выпадкаў заражэньня. Найвышэйшага значэньня паказчык захворваньня дасягаў 2 сьнежня 2020 году — 197,6 выпадка.
Амаль дзьве траціны немцаў ня вераць, што фэдэральны ўрад зможа, як было абяцана, прапанаваць кожнаму ахвотнаму прышчапіцца ад каранавірусу да 21 верасьня.
У Кітаі за суткі выяўленыя 32 новыя выпадкі
Сутачны прырост заражэньняў у Кітаі стаў максымальным з 31 студзеня — 32 чалавекі захварэлі. Пра гэта паведаміў у панядзелак Дзяржкамітэт аховы здароўя КНР. Зь ліку новых інфікаваных 17 прыбылі з-за мяжы, 15 заразіліся ўнутры краіны. Гэтыя хворыя выяўленыя ў горадзе Жуйлі ў паўднёвай правінцыі Юньнань, што мяжуе з М’янмай, Лаосам і Віетнамам. Новых сьмяротных выпадкаў не зафіксавана.
Урад Жуйлі ўвёў хатні карантын для ўсіх гарадзкіх жыхароў, прыпыненая праца шэрагу прадпрыемстваў, стаў больш жорсткім кантроль над нелегальным перасячэньнем мяжы Кітаю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША першымі ў сьвеце вакцынавалі 100 мільёнаў чалавекУсяго ў Кітаі за час пандэміі зафіксавана 90 305 выпадкаў заражэньня, 4636 сьмяротных вынікаў і 85 431 выздараўленьне.
Калюмбія ўводзіць камэнданцкую гадзіну
Гэта зьвязана з запоўненасьцю ложкаў у аддзяленьнях інтэнсіўнай тэрапіі, паведаміў прэзыдэнт Іван Дуке. Цяпер, пры запоўненасьці ложкаў на 85%, на вуліцах будзе забаронена знаходзіцца з 18.00 да 05.00 па мясцовым часе. Пры запоўненасьці ложкаў ад 80 да 85 працэнтаў — з 20.00, пры 70–79 працэнтах занятых ложкаў — з 22.00, а пры 50—69 працэнтах — з поўначы. Гэтая мера дзейнічае з 5 па 19 красавіка.
Акрамя таго, тыя, хто выяжджае ў рэгіёны з высокім узроўнем заражэньняў, па вяртаньні павінны правесьці 7 дзён у карантыне, дадаў кіраўнік дзяржавы. Першы локдаўн у Калюмбіі дзейнічаў з сакавіка па верасень 2020 году.
У Вялікай Брытаніі ўводзяць бясплатныя тэсты
Усе жыхары Вялікай Брытаніі ў найбліжэйшы час атрымаюць магчымасьць два разы на тыдзень бясплатна тэставацца ад каранавірусу. Да гэтага часу хуткія тэсты былі даступныя толькі асабліва неабароненым групам насельніцтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі колькасьць памерлых ад каранавірусу дасягнула 2285 чалавекТэставаньне абсалютна неабходнае, каб не паставіць пад пагрозу посьпехі брытанскай кампаніі вакцынацыі пасьля заплянаваных паслабленьняў карантынных захадаў, падкрэсьліў прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан.
Італія заклікала краіны да супрацоўніцтва ў справе вакцынацыі
Неаднолькавая хуткасьць вакцынацыі ў розных краінах — найбуйнейшая пагроза для аднаўленьня сусьветнай эканомікі, лічыць кіраўнік Банку Італіі Іньяцыё Віско. Ён заклікаў дзяржавы Вялікай дваццаткі захоўваць цеснае супрацоўніцтва ў пытаньнях прышчэпачнай кампаніі і ўстрымацца ад дачаснага спыненьня захадаў падтрымкі эканомікі.
У Вугоршчыне абмяжоўваюць мэдыйнае асьвятленьне вакцынацыі
Вугоршчына абмяжоўвае правы журналістаў на асьвятленьне кампаніі вакцынацыі супраць каранавірусу. Толькі дзяржаўны мэдыяхолдынг MTVA зможа рабіць відэаздымку і фатаграфіі ў лякарнях і кабінэтах лекараў, дзе вакцынуюць насельніцтва.
Як адзначана ва ўнутраным лісьце спэцыяльнага органу, які рэгулюе працу лячэбных устаноў, абмежаваньне на доступ СМІ матывуецца тым, што яны будуць замінаць правядзеньню вакцынацыі.
Славенія прыпыняе выкарыстаньне вакцыны AstraZeneca
Славенія прыпыняе вакцынацыю жыхароў, маладзейшых за 60 гадоў, прэпаратам брытанска-швэдзкага канцэрну AstraZeneca. Улады вырашылі пачакаць вынікаў дасьледаваньняў, якія могуць паказаць на сувязь паміж ужываньнем гэтай вакцыны і ўтварэньнем тромбаў у прышчэпленых людзей, патлумачыла прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Насіце маскі ў грамадзкіх месцах. У Менску ўзмоцняць эпідэмічны кантрольШэраг краін Эўропы ўжо прыпынялі выкарыстаньне прэпарату ад AstraZeneca. У рэдкіх выпадках у прышчэпленых людзей утварыліся тромбы, некаторыя з вакцынаваных у выніку памерлі. Пасьля правядзеньня праверкі Эўрапейскім агенцтвам лекавых сродкаў (EMA) Нямеччына і большасьць іншых краін аднавілі прымяненьне вакцыны.
У Францыі журналісты выкрылі візыты чыноўнікаў у падпольныя рэстараны
Пракурор Францыі даў паліцыі ўказаньне расьсьледаваць верагоднае парушэньне дзейных абмежаваньняў шэрагам міністраў.
Тэлеканал M6 некалькі дзён раней выпусьціў рэпартаж, зьняты схаванай камэрай. На відэа бачны пэрсанал і наведнікі парыскага рэстарану, якія ня носяць маскі і не захоўваюць дыстанцыю. Суразмоўца рэпартэраў сьцьвярджае на камэру, што ў апошнія дні павячэраў зь некалькімі міністрамі ў шэрагу рэстаранаў, якія атрымалі назву «падпольных».
Рэстараны і бары ў Францыі зачыненыя з канца кастрычніка 2020 году, а з 3 красавіка ў краіне ўведзены агульнанацыянальны карантын. Прадстаўнік ураду Францыі адхіліў апублікаваную інфармацыю, а міністар эканомікі, фінансаў і аднаўленьня Бруна Ле Мэр падкрэсьліў, што ўсе яго калегі выконваюць устаноўленыя правілы.