Адначасова з тым, як Петуноў вымушана вярнуўся на радзіму, у Пскоў, яго старэйшага сына беларускія ўлады спачатку арыштавалі, а затым выслалі ў Літву, а жонка (а зь ёй і малодшыя дзеці) была адпраўлена пад хатні арышт у справе аб пашкоджаньні дакумэнту — паведамленьня аб ператрусе, расказаў Петуноў у інтэрвію праекту Север. Реалии.
«У дачыненьні да вас прынята рашэньне пра высылку з Рэспублікі Беларусь у інтарэсах грамадзкага парадку. У адпаведнасьці з прынятым рашэньнем вам забаронены ўезд у Рэспубліку Беларусь на пяць гадоў», — чытае Петуноў апавяшчэньне з райвыканкаму, якое прадпісвае яму выехаць у Расею. — Цынізм гэтай паперы жахлівы! Забіваць людзей беспакарана, судзіць і саджаць — вось іх «парадак». Самыя сапраўдныя сучасныя фашысты».
Расея і Беларусь узаемна высылаюць «нядобранадзейных» грамадзян суседняй краіны, калі тыя «засьвяціліся» на пратэстах. У лютым зь Пецярбургу выслалі Руслана Хазіна: ён выступаў супраць рэжыму Лукашэнкі каля беларускай амбасады і дапамагаў суайчыньнікам, уцекачам у Расею ад рэпрэсій. У сакавіку паліцыя паспрабавала выправадзіць яшчэ трох актывістаў: Юлію Штанько, яе мужа Паўла і Ягора Мякіньнікава. Ім ставілі ў віну парушэньне міграцыйнага ўліку, суд прызнаў іх вінаватымі, але вырашыў не дэпартаваць, а прызначыў штрафы.
Адначасова зь Беларусі высылаюць расейцаў, якія засьвяціліся ў пратэстах супраць Лукашэнкі, такіх як Ільля Петуноў.
Ільля апавядае, што прыехаў у Беларусь у 1990 годзе па разьмеркаваньні, каб працаваць інжынэрам на Смаргонскім заводзе аптычнага станкабудаваньня. Праз чатыры гады разам з кампаньёнам ён пачаў разьвіваць свой бізнэс — высокатэхналягічнае паліраваньне і дэкараваньне сталовых прыбораў і посуду. У 2001 годзе кампаньёны зарэгістравалі ТАА «Белпрамсэрвіс», сталі вырабляць мэталічны посуд і прыборы з нержавейнай сталі. Сёньня ў кампаніі працуюць больш за сорак чалавек: «Белпрамсэрвіс», паводле Петунова, займае 50% беларускага рынку посуду і плянуе выйсьці на расейскі.
Праблем з беларускімі ўладамі ў яго прадпрыемства, паводле Ільлі, ніколі не было. «Белпрамсэрвіс» спансараваў мясцовы футбольны клюб «Смаргонь», раённую лякарню, таварыства інвалідаў і сабор. Але ўсё зьмянілася, калі восеньню 2020 году Петуноў разам зь дзясяткамі тысяч іншых беларусаў выйшаў на вулічныя пратэсты — упершыню за 30 гадоў жыцьця ў Смаргонях.
«Да 9 жніўня 2020 я жыў паводле тэорыі парасона, — расказвае Петуноў. — Быў я і мае блізкія, мае супрацоўнікі: яны жылі пад маёй апекай. Я ахоўваў гэты вонкавы пэрымэтар, каб гэтая дзяржава ня совалася туды. І з уладамі дамовіўся: вы не чапаеце мяне, я — вас. Я плачу падаткі, вы мне даяце магчымасьць працаваць. Але яны ўварваліся пад мой парасон і разбурылі мой сьвет. А потым — сямʼю».
Петуноў кажа, што «ў пратэсты трапіў праз жонку». Вольга Петунова разам з мужам заснавала «Цэнтар падтрымкі прадпрымальніцтва», уваходзіла ў апякунскія рады мясцовых дзіцячых садкоў і школаў, а ў жніўні 2020 году вырашыла стаць чальцом аднаго з выбаркамаў у Смаргонях. На перадвыбарным сходзе Горадзенскага штабу Сьвятланы Ціханоўскаў яна, паводле Ільлі, голасна абвясьціла, што не дапусьціць фальсыфікацый на карысьць Лукашэнкі на сваім участку.
Празь некалькі дзён пасьля гэтага Вольгу выклікалі на дзяжурства ў выбарчую камісію, а потым абвясьцілі, што яна нібыта кантактавала з хворай на каранавірус калегай. Пад гэтай падставай ёй забаранілі працаваць у дзень выбараў, але дазволілі прагаласаваць. Вольга паставіла галачку за Ціханоўскую, а вечарам з Ільлём і дзецьмі пайшла на плошчу.
«Я ўпершыню ўбачыў разгон і такіх міліцыянтаў — выскачылі чэрці з аўтазака і пачалі лупіць і затрымліваць людзей», — успамінае той дзень Петуноў.
Некалькі дзён пасьля выбараў у Беларусі, кажа Ільля, ён проста назіраў за пратэстамі збоку. Але ўжо 15 жніўня выйшаў на першы ў сваім жыцьці пратэставы мітынг: яго вядучай была ягоная жонка.
«Чым я магу змагацца? У мяне няма зброі, але я магу выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю. Я выйшаў, таму што быў глыбока абураны нахабнай і беспардоннай фальсыфікацыяй і неадэкватным гвалтам, забойствам людзей, — тлумачыць Петуноў. — У рэальнасьці за Лукашэнку прагаласавалі 20% беларусаў, і тое ня ўсюды. Турмы і ІЧУ былі так забітыя затрыманымі на пратэстах, што ў камэрах людзі толькі стаяць маглі. Столькі было параненых і зьбітых, што шпіталі захлынуліся. Гэтыя прыдуркі думалі, што будзе ўсё, як у 2010 годзе: усіх адмяцелілі, пасадзяць — і аціхне. Але выйшла столькі, што ўся іх гнілая сыстэма задыхнулася».
Пасьля візыту Лукашэнкі на завод колавых цягачоў, дзе рабочыя дружна крычалі яму «Сыходзь», улады па ўсёй Беларусі пачалі арганізоўваць праўладныя мітынгі. Ільля і Вольга прыходзілі туды з фатаздымкамі пабітых і забітых пратэстоўцаў.
«Мянты не давалі нам падняць плякат. Там былі і рэальныя лукашысты, я глядзеў ім у вочы. Да дырэктара заводу падышоў, а ён вочы хавае, — апавядае Ільля. — Відаць, што чалавеку страшна, прыйшоў з-пад палкі, але жонка ў выканкаме працуе — дзявацца няма куды».
Пасьля гэтых паходаў на мітынгі сямʼя прыцягнула пільную ўвагу беларускіх сілавікоў. Ільля кажа, што першы пратакол за «актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве» ён атрымаў пасьля шэсьця 6 верасьня. Тады на плошчы ў Смаргонях сабраліся крыху больш за сто чалавек, якія калёнай прайшлі па цэнтральнай вуліцы.
У той дзень Ільля быў на акцыі з 15-гадовым сынам Ванем: у яго інваліднасьць у сувязі з мэнтальным захворваньнем. Улады ўгледзелі ў гэтым пагрозу жыцьцю непаўналетняга. Пракуратура вынесла Петунову дадатковае папярэджаньне, а суд аштрафаваў прадпрымальніка на 2260 рублёў (больш за $850).
Старэйшага сына Ільлі Цімафея (яму 31 год) за гэтую ж акцыю спачатку арыштавалі на трое сутак, а потым яшчэ і аштрафавалі.
25 верасьня міліцыя прыйшла да Петунова зь ператрусам. Гэта адбылося пасьля таго, як у Смаргонях зьявіліся ўлёткі з партрэтамі і пэрсанальнымі зьвесткамі пра сілавікоў. Затрымалі некалькі чалавек, і нехта паведаміў, што нібыта «перадаў клей» Вользе Петуновой.
«Забралі нават дыскі дзяцей з гульнямі, тэлефон у сына-інваліда выцягнулі. І — раз! Прадʼявілі пастанову аб арышце жонкі. Але Воля да гэтага недатычная! — расказвае Ільля. — Яе пратрымалі ў СІЗА 72 гадзіны. Сын-інвалід перажываў ад таго, што маму забралі, і стаў дом разносіць, а ён дужы — 90 кіляграмаў».
«Я патэлефанаваў у міліцыю, а яны: „Чаго ты тэлефануеш? Ня трэба было на плошчу хадзіць!“ Яны стварылі гэтую сытуацыю і яшчэ і зьдзекуюцца!» — абураецца Ільля.
У лістападзе Цімафея Петунова за чарговую акцыю пратэсту зноў арыштавала міліцыя. Тады ж, калі Вольга вярнулася з адпачынку ў Турэччыне, яе затрымалі проста ў аэрапорце: сілавікі шукалі ў яе грошы, нібыта прывезеныя з-за мяжы для фінансаваньня мерапрыемстваў.
«Воля плакала, крычала, я гэта чуў, але ня мог дапамагчы, нават бачыў, як там што адбывалася», — успамінае Ільля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці дваіх дзяцей Паліна Шарэнда-Панасюк паведаміла пра катаваньні ў берасьцейскім СІЗАЗатым кожны месяц на Петунова заводзілі новыя і новыя адміністрацыйныя справы. Спачатку яго абвінавацілі ў выгуле сабакі без намордніка, а затым у хуліганстве — на прыпынку ён нібыта паказаў кулак міліцыянтам, якія яго здымалі. Суд зноў прызначыў прадпрымальніку штрафы.
Другі ператрус у Петуновых быў у лютым. Міліцыя прыйшла да іх з новым абвінавачаньнем у паклёпе: на сайце «Карнікі Беларусі» зноў зьявіліся пэрсанальныя зьвесткі пра сілавікоў, і сьледчыя вырашылі, што гэта зрабіла Вольга Петунова.
Ільля кажа, што ў ягонай жонкі праз новую крымінальную справу здалі нэрвы.
«Воля на эмоцыях кінула гэтую паперу і наступіла на яе. Мянты хутка выклікалі СК. І вось зьявілася трэцяя крымінальная справа: пашкоджаньне афіцыйных дакумэнтаў, учыненае з карысьлівых ці іншых асабістых памкненьняў, — тлумачыць Петуноў. — А ў Волі гістэрыка была, яна ў вельмі цяжкім эмацыйным стане, думала, што яе зноў арыштуюць! І так гэтыя допыты ішлі пастаянна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сядзеў на «Шанхаі», быў у «Навінках», перахварэў на ковід. Што вядома пра палітвязьня з «плошчы Перамен» Сьцяпана ЛатыпаваУ лютым апынуўся ў СІЗА і сам Ільля: яго затрымалі пасьля суду ў справе аб улётках і раздачы клею. Пасьля прысуду нехта ў калідоры крыкнуў «Жыве Беларусь», і за «парушэньне вызначанага парадку правядзеньня масавага мерапрыемства» за кратамі апынуліся больш за дзесяць чалавек. Сын Петунова Цімафей у гэты час таксама сядзеў.
18 сакавіка Ільлі абвясьцілі, што і яго прысутнасьць на тэрыторыі Беларусі непажаданая. Прыкладна ў гэты самы час сын патэлефанаваў яму і сказаў: «Тата, мяне выкінулі на нэўтральнай паласе каля памежнага пераходу. Я дэпартаваны ў Літву».
Яшчэ праз гадзіну Вольгу Петунову пасадзілі пад хатні арышт у рамках справы пра пашкоджаную пастанову аб ператрусе. Паводле Ільлі, яе могуць па гэтым артыкуле адправіць у турму на два гады.
Атрымаўшы пастанову аб высылцы, Ільля ня стаў чакаць, пакуль яго арыштуюць і дэпартуюць прымусова. Ён перадаў справы прадпрыемства кампаньёну і хутка зьехаў.
«Зь беларускага боку мяжа ніяк не кантралюецца. „Палітычныя“ да 20 сьнежня 2020 году маглі зьехаць, калі не былі ў базе „невыязных“. А потым — толькі калі пусьцяць расейскія памежнікі, — распавядае Ільля. — Воля не магла зьехаць са мной, таму што яна знаходзіцца пад хатнім арыштам і Расея яе адразу выдасьць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камэры на Акрэсьціна заліваюць канцэнтраванай хлёркай. Доктар тлумачыць, чым гэта шкодна«У мяне няма цяпер пляну, як быць. Я нічога не магу зрабіць, — кажа прадпрымальнік. — Але я ведаю, якая сёньня сытуацыя ў Расеі: яна сямімільнымі крокамі ідзе ў Беларусь. Гэта страшна: не выключаю, што ў мяне будзе і наступная рэлякацыя. Жыць у краіне „Паўночная Карэя“ я ня буду. Я нешта ў гэтым жыцьці стварыў і хачу правесьці яго рэшту нармальна, каб не было сорамна».
«Мяне можна зьнішчыць фізычна, але жыць, як яны хочуць, я ня буду. У іх нічога не атрымаецца, я лепш загіну ў гэтай барацьбе», — зазначае Ільля Петуноў.