Найноўшая гісторыя 1 красавіка ў Беларусі: сьмех скрозь сьлёзы

«Аналітыкі заўважылі, што грамадзкі клімат апошніх 20-ці гадоў у Беларусі зусім не спрыяў публічным праявам шчырага сьмеху», — пісалі мы на сайце svaboda.org 1 красавіка 2013 году. На жаль, тое самае можна сказаць пра любы з апошніх (20? 26?) гадоў. З чаго мы жартавалі 1 красавіка 2011–2020?

2011

У 2011-м на дзень дурняў было не да жартаў. Яшчэ ня змоўкла рэха падзеяў 19 сьнежня 2010, яшчэ сядзелі ў турмах былыя прэзыдэнцкія кандыдаты. У тым годзе на падзею Юры Дракахруст адгукнуўся блогам:

«Сёлета такі год, калі ў дзень сьмеху не да сьмеху, як ніколі. Хаця... хіба скрозь сьлёзы, над абсурдам жыцьця»...

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 1 красавіка 2011 – сьмех скрозь сьлёзы

2013

Найперш мы правялі просты тэст на пачуцьцё гумару.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: А як з пачуцьцём гумару ў вас?

Пасьля мы вырашылі першакрасавіцкую тэму сур’ёзна: запыталіся ў вядомых людзей — ці купляліся яны на розыгрышы сяброў і калегаў. Самую забаўную гісторыю расказаў Станіслаў Шушкевіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 1 красавіка: дзень жартаў і розыгрышаў

2015

Год прэзыдэнцкіх выбараў, самых невыразных і незаўважных за ўсю іх гісторыю. Кампанія наблізілася да фазы вылучэньня кандыдатаў. Паводле нашых зьвестак, апазыцыя высунула жанчыну. І гэта была не Тацяна Караткевіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джокер апазыцыі — Дар’я Домрачава

Але пачалі мы дзень больш сэнсацыйнай навіною.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КХП БНФ заклікае адзначаць 1 красавіка як Дзень Адстаўкі

2016

Пасьля адносна ціхіх выбараў грамадзкі клімат крыху памякчэў, і жартаваць на 1 красавіка перастала быць нечым недарэчным. Летам 2016-га ў Беларусі меліся зьявіцца пасьлядэнамінацыйныя грошы. Новых грошай ніхто яшчэ ня бачыў, таму тэма прайшла лёгка — пасьля нават давялося дапісваць падрабязны дысклэймэр.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нацбанк абнавіў дэнамінаваныя рублі

2017

Усплёск грамадзкага неспакою, спароджаны «дармаедзкім дэкрэтам», стаўся важнай падзеяй году, вакол якой грэх было не пажартаваць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усіх, хто не заплаціў «падатак на дармаедзтва», возьмуць на абавязковую працу ў сілавыя структуры

2018

Праз тыдзень пасьля адзначэньня 100-годзьдзя незалежнасьці Беларусі са шматтысячным сьвяткаваньнем пад Опэрным тэатрам у Менску можна было паверыць у што заўгодна, напрыклад у гэта (праўда, фоткі ў артыкуле выглядалі вельмі падазрона).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У нямецкім банку знайшлі грошы БНР. Амаль 63 мільёны эўра

2019

Калі пераглядаць першакрасавіцкія публікацыі, шукаючы сярод іх жарты, кідаецца ў вочы, што часам бывае немагчыма сказаць — ці гэта жарт, ці абсурдная праўда. Апошнімі гадамі ў Беларусі адбывалася столькі абсурду, што чытач ужо прызвычаіўся да ўсяго. Напрыклад, да такога.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За спробу падаіць «помнік карове» на Камароўцы затрыманая 15-гадовая дзяўчына

Або такога.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску з помніка Калініну зробяць помнік Каліноўскаму. І пераймянуюць плошчу

Зрэшты, мы зрабілі на гэтую тэму адмысловы тэст: паспрабуйце самі адрозьніць праўду ад жарту.

2020

У Беларусі, як і ва ўсім сьвеце, запанавала пандэмія, і ўсім зноў стала не да жартаў. І ўсё ж 1 красавіка людзі яшчэ ня страцілі пачуцьця гумару.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карантын у жартах і мэмах. Як людзі ўсьміхаюцца падчас пандэміі

2021?

Здавалася б, сёньня ў Беларусі — як ніколі — не да сьмеху: пандэмія, рэпрэсіі, гвалт... Аднак у такой сытуацыі тым болей патрэбная ўзаемная падтрымка, салідарнасьць, цеплыня. І беларусам ёсьць каму ўсьміхацца, з кім жартаваць, з чаго сьмяяцца. Нават сёньня. Тым болей сёньня. Зь першым красавіка вас!