«З хаты праз тормаз прадолам на кабінэты». Філёляг правяла два месяцы ў Жодзіне і расказвае пра турэмны жаргон

Вольга Калацкая

Перакладчыца і выкладчыца ангельскай мовы Вольга Калацкая была за кратамі на Акрэсьціна, у Жодзіне і на «Валадарцы». Кажа, што даведалася там шмат новага. У тым ліку пра адзінае беларускае слова, якое прыжылося ў турмах.

Перакладчыцу Вольгу Калацкую затрымалі ў яе дома 15 студзеня, выпусьцілі 24 сакавіка. Цяпер яна на «хатняй хіміі». За кратамі прабыла больш за два месяцы. Некалькі дзён на Акрэсьціна ў ІЧУ, затым два месяцы ў сьледчай турме Жодзіна, яшчэ некалькі дзён у Пішчалаўскім замку на вуліцы Валадарскага ў Менску.

«Я сябе адчуваю вельмі добра, — кажа Вольга Калацкая. — Шчасьлівая, што нарэшце трапіла дадому, нарэшце пабачыла маці, нарэшце магу нармальна яе глядзець. Гэта для мяне найвялікшае шчасьце».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перакладчыцу Калацкую асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі» за 2 поўхі Азаронку. ФОТА

«Сярод „непалітычных“ трапляліся вельмі цікавыя людзі»

Вольга кажа, што найлепшыя ўмовы мела на «Валадарцы», найгоршыя — у ІЧУ на Акрэсьціна. Але Вольга ўдакладняе, што ўмовы ўтрыманьня зьняволеных могуць моцна адрозьнівацца і ўнутры самога СІЗА. Напрыклад, на Валадарскага ёсьць як вельмі добрыя камэры, так і «дзікія» памяшканьні ў сутарэньнях, разьлічаныя на ўтрыманьне дзясяткаў чалавек.

«У Пішчалаўскім замку я была ў вельмі прыстойнай камэры, у параўнаньні з Жодзінам, — узгадвае перакладчыца. — Яна па памеры была значна меншая за жодзінскую, але значна больш цывілізаваная. Я там упершыню, прабачце, пабачыла нармальную прыбіральню і нармальны рукамыйнік».

Сукамэрніцаў за гэты час у Вольгі Калацкай таксама было шмат. Асабліва хутка яны зьмяняліся ў ІЧУ на Акрэсьціна. У сьледчай турме Жодзіна Вольга сядзела ў адной камэры з журналісткай Белсату Кацярынай Андрэевай.

«Яна мне адразу экскурсію па камэры правяла, растлумачыла нейкія завядзёнкі, якія дазваляюць жыцьцё ў турме зрабіць лягчэйшым. Мы вельмі шмат размаўлялі з Кацяй. Я проста дзівілася, наколькі гэта пры ўсёй вонкавай крохкасьці, кранальнасьці моцны чалавек. Нязломны, са стрыжнем. Яна па-добраму вельмі амбітная. Я перакананая, што яе чакае бліскучая, зорная журналісцкая кар’ера. Мне вельмі хочацца, каб яна вырасла ў зорку першай велічыні».

Вольга кажа, што, паводле яе назіраньняў, у адной камэры звычайна ня можа знаходзіцца больш за 2–3 «палітычных». Ёй давялося адбываць пакараньне з самымі рознымі вязьнямі, абвінавачанымі ў тым ліку ў крадзяжах, парушэньні рэжыму «хатняй хіміі» і іншых правапарушэньнях. На «Валадарцы» Вольга была ў адной камэры з палітзьняволенымі Вікторыяй Міронцавай і Ксеніяй Сырамалот.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволенай Ксеніі Сырамалот працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай да 22 красавіка

«Сярод „непалітычных“ таксама трапляюцца вельмі цікавыя людзі, — кажа Вольга. — Неверагодна цікавыя. Увогуле ў кожнага чалавека там, за кратамі, свая ўнікальная біяграфія, свая гісторыя. Я нават вяла дзёньнік з мэтай занатаваць усё гэта, бо з часам забываецца, губляецца. Спадзяюся раней ці пазьней некаторыя ўрыўкі з гэтага дзёньніка апублікаваць. Мне дазволілі забраць яго з сабой, я ажно сама зьдзівілася».

Вольга Калацкая пасьля вызваленьня з залі суду 24 сакавіка

Вольга Калацкая трапіла за краты ўпершыню. Прызнаецца, што раней зь ёй здараўся толькі штраф за безьбілетны праезд, які яна сплаціла на месцы. Асноўныя яе занятки цяпер — пераклады і навучаньне ангельскай мове. Яна восем гадоў адпрацавала ў Лінгвістычным унівэрсытэце, дзе выкладала граматыку і практыку маўленьня. Цяпер у «вольным плаваньні». Турэмная мова, кажа Вольга, для яе стала абсалютна новым досьведам.

«Я раней ніякім чынам не сутыкалася з крымінальным сьветам, нават шансону ня слухала, — кажа перакладчыца. — Таму мне цяжка меркаваць, што ўжываецца і можа ўжывацца з гэтага боку кратаў, альбо толькі за кратамі. Аднак, безумоўна, цікавыя словы і выразы там ёсьць. Мне падалося, што там шмат эўфэмізмаў».

Вольга прызнаецца, што імкнулася не размаўляць на турэмнай мове. Не прымаць яе як частку новага жыцьця. За ўвесь час знаходжаньня ў сьледчай турме толькі некалькі разоў вымавіла словы «шконка» і «баландзёр». За што, здаецца, дакарае сябе дагэтуль. На просьбу Свабоды перакладчыца ўзгадала некалькі самых частых тэрмінаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Азаронак прызнаўся, што справу супраць перакладчыцы Калацкай ініцыяваў Сьледчы камітэт. Пракурор просіць два гады «хатняй хіміі»

Слоўнік

«Хата» — гэта камэра. Калі заходзіш у камэру, то, значыць, «заяжджаеш у хату». Адпаведна, калі ты выходзіш з камэры альбо на волю, альбо ў іншае месца, то ты «вымятаесься». Чаму «вымятаесься» менавіта, цяжка сказаць. Магчыма, таму, што табе зычаць раз і назаўсёды адтуль выйсьці.

«Тармазы» — дзьверы ў камэры, якія аддзяляюць яе ад калідора. Менавіта праз «тармазы» вязьні «заяжджаюць» альбо «вымятаюцца» з «хаты».

«Кармушка» — вечка ў «тармазах», празь якое ў «хату» падаюць ежу, перадачы, дакумэнты вязьням на подпіс. А таксама лісты і карэспандэнцыю.

«Бар» — палічкі ў куце «хаты», прызначаныя для асабістых рэчаў вязьняў і прадуктаў. У кожнага зь вязьняў свая палічка. «Пайсьці ў бар» — узяць нешта са сваёй палічкі.

«Шконка», «шканар» — турэмны ложак, часта адкідны. Вольга прызнаецца, што гэта было ці не адзіным словам з «турэмнага слоўніка», якое яна некалькі разоў за час зьняволеньня ўсё ж выкарыстала.

«Вейкі» — шырокія мэталічныя пласьціны на турэмных вокнах, падобныя да жалюзі. Прызначаныя, каб перашкодзіць сувязі паміж рознымі «хатамі».

«Рабочая хата» — камэра, адкуль можна перагаворвацца зь іншымі камэрамі альбо перадаваць туды запіскі. Усе камэры ў СІЗА і турме дзеляцца на «рабочыя» і «нерабочыя». Перакладчыца кажа, што ёй у Жодзіне давялося сядзець акурат у «нерабочай хаце». Таму навіны з волі яна з сукамэрніцамі даведвалася пераважна ад навічкоў.

«Конь», «Якар» — адмысловыя прыстасаваньні, каб перадаваць паміж «рабочымі хатамі» так званыя «малявы» — запіскі. Вользе давялося сядзець у «нерабочай хаце», пра выкарыстаньне такіх рэчаў яна чула толькі са словаў іншых зьняволеных.

«Падняць маляву» — атрымаць нелегальнае паведамленьне зь іншай камэры.

«Павесьці на кабінэт» — выклікаць на допыт да сьледчага альбо на сустрэчу з адвакатам. Сустрэча са сьледчым можа адбыцца 1–2 разы за ўвесь час у СІЗА. Частата візытаў адваката залежыць ад дамоўленасьці зь ім. Да Вольгі ў Жодзіна за два месяцы сьледчы прыехаў адзін раз.

«Прадол» — калідор, у які выходзяць дзьверы камэр. Вартаўнік, які пільнуе гэты калідор, — «прадольны». У абавязкі «прадольнага» ўваходзіць сачыць за парадкам на паверсе, ён таксама забараняе вязьням удзень раскладаць нары і ляжаць на іх.

«Карпусны» — вартаўнік, адказны за корпус турмы. Непасрэдны кіраўнік «прадольнага».

«Баландзёр» — зьняволены, які развозіць ежу па «прадоле». Пры гэтым слова «баланда», як кажа Вольга, у яе камэры не ўжывалася зусім.

«Крыса» (пацук) — зьняволены, які нешта скраў у сваіх сукамэрнікаў альбо данёс на іх адміністрацыі турмы.

«Сьмецьце» — адзінае беларускае слова з турэмнага жаргону, якое сустрэла Вольга Калацкая, пакуль была за кратамі. Па яе словах, існуе нават паўлегенда, якую любяць апавядаць вязьні. Маўляў, калі перадаваць пакунак са сьмецьцем вартаўніку і выкарыстаць пры гэтым расейскае слова «мусор», то ён адкажа, што «мусор» — гэта ён. А сьмецьце трэба называць «сьмецьцем». «Прынамсі ў размове з аховай зьняволеныя выкарыстоўваюць беларускае слова „сьмецьце“, а не расейскае „мусор“», — кажа Вольга.

«Падагнаць» — падараваць, пакінуць. «Падгон» — падарунак. Звычайна вязьні «падганяюць» адзін аднаму рэчы падчас пераездаў. «Мне Каця Бахвалава падагнала некалькі торбаў, — згадвае Вольга Калацкая. — Яны мне былі вельмі патрэбныя падчас пераезду на Валадарскага». Сама Вольга «падганяла» сукамэрніцам алоўкі і флямастары.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі падчас занятку. Што вядома пра справу перакладчыцы Вольгі Калацкай

«Ад турэмнай мовы старалася адасобіцца як мага далей»

«Мой добры сябра, ужо, на жаль, нябожчык, Зьміцер Саўка, у 2010 годзе атрымаў кароткатэрміновую пуцёўку ў сьледчую турму Жодзіна, — узгадвае Вольга Калацкая. — Тады ён дзяліўся сваімі ўражаньнямі пра завядзёнкі, жодзінскія катакомбы. Я цяпер згадвала Зьмітра, зноў і зноў дзякавала яму. Зьмітра тады вельмі цікавілі ўсе гэтыя словы, гэтая лексыка. Калі ён вярнуўся, то зь дзікім захапленьнем расказваў пра ўсё. Зьміцер мне расказваў, што лыжка называецца „вясло“. Але ў нас такога слова не ўжывалі».

Па словах Калацкай, пераход на «турэмны жаргон» моцна залежыць ад канкрэтнага чалавека. Некаторыя вязьні хочуць хутка адаптавацца і пачынаюць выкарыстоўваць такія словы нават з пэўнай асалодай.

«Я, наадварот, хацела ад яго адасобіцца як мага далей, — кажа Вольга. — Гэта тая мова, якую я б не хацела выкладаць. Для мяне было важна захаваць дыстанцыю ад таго асяродзьдзя. Не пусьціць гэтую мову ў сябе. Натуральна, калі ты ў камэры, то хоць аб сьценку галавой біся — нічога ня зьменіш. Але ад цябе залежыць, ці ты прымеш у душу, у сябе гэтую рэальнасьць як норму. Менавіта як норму, як тое, што гэта для цябе асабіста стала нармальным. Для мяне непрыманьне гэтай лексыкі было спосабам захаваць вернасьць іншым нормам».

Як і ў паўсядзённым жыцьці, за кратамі Вольга размаўляла з усімі і паўсюль па-беларуску. Кажа, што праз гэта часам узьнікалі праблемы. Нідзе яшчэ ёй не даводзілася так часта тлумачыць, чаму яна гаворыць на роднай мове.

«Пасьля затрыманьня, у турмах так было, — згадвае перакладчыца. — Здаралася, што я нешта пыталася ў „карпуснога“, а ён мог адказаць мне на чыстай беларускай мове — „Не разумею я вашай беларускай мовы“. А сукамэрніцы спрабавалі па-беларуску са мной. Калі ня стала, то хаця б пэўныя фразы, словы. Гэта мне было вельмі прыемна, вельмі радасна. Але ўвесь час, стала па-беларуску гаварыць „непалітычным“ сукамэрніцам было складана».

Вольга згадвае, што размаўляла нават крыху па-ангельску — у камэры з Кацярынай Бахвалавай. Але рэгулярна практыкаваць ангельскую было нязручна ва ўмовах, калі іншыя вязьні яе зусім не разумелі. Людзі маглі падумаць, што іх абгаворваюць.

Бадай, самай вялікай праблемай для Вольгі Калацкай у турме была лаянка, якую даводзілася чуць вельмі часта.

«Не сярод сьледчых, але сярод канваіраў, сярод аховы, у камэрах для некаторых вязьняў родная мова — мацерная, — кажа Вольга. — Для мяне гэта стала адным з самых вялікіх шокаў. Я зусім не ўжываю такіх словаў, магу іх толькі перакладаць з ангельскай. Але чамусьці ангельская лаянка ўспрымаецца для мяне ня так груба, як расейская. Гэта быў дзікі шок адразу. Я адчувала фізычны боль ад гэтых выразаў, проста балела ўсё».

«У турме зразумела, што я свабодны чалавек»

Вольга Калацкая згадвае эпізод, як падчас пераезду запытала ў сваёй канваіркі, як яна вытрымлівае гэтую пастаянную лаянку. І тая адказала, што да ўсяго можна прызвычаіцца.

«Я ёй тады шчыра паспачувала, — кажа перакладчыца. — Сказала, што мы выйдзем, а яны там назаўсёды. Чаму за кратамі столькі лаянкі, мне складана сказаць. Магчыма, яны такім чынам хочуць падпарадкаваць сабе вязьняў. Магчыма, спрабуюць скінуць зь сябе агрэсію. Але гэта толькі мае здагадкі».

Свае два месяцы за кратамі Вольга называе досьведам, дзякуючы якому шмат што атрымала. Яна кажа, што моцна перажывала за маці.

«Свой турэмны досьвед я ацэньваю як вельмі цікавы час і вельмі карысны для мяне, — кажа Вольга Калацкая. — Я пазнаёмілася з рознымі людзьмі, з розных пластоў грамадзтва, зь якімі раней ніколі не сутыкалася. Зразумела, што ў кожнага ёсьць свая цікавая, драматычная гісторыя. Гэта вельмі-вельмі цікава. Я шмат што зразумела і пра сябе. Напрыклад, тое, што ўнутрана я ўсё ж свабодны чалавек. І калі я хачу штосьці рабіць, то я буду гэта рабіць. Свабоду мысьленьня, нават свабоду трымацца так, як ты хочаш, у цябе ніхто не адбярэ. Ты застанесься сабой у любых акалічнасьцях».