Сьледчы камітэт Менску завёў крымінальную справу, у якой фігуруе актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок. Ці выставілі Мікалаю Дзядку абвінавачаньне ў гэтай справе, невядома.
«Адносна М. Дзядка заведзена крымінальная справа паводле часткі 1 артыкулу 295-3 („незаконныя дзеяньні адносна прадметаў, паражальныя дзеяньні якіх заснаваны на выкарыстаньні гаручых матэрыялаў“)», — паведаміў Сьледчы камітэт на сваім сайце.
Мікалая Дзядка затрымалі ў лістападзе 2021 году ў пасёлку Сасновым Асіповіцкага раёну. Паводле сьледчых, падчас ператрусу ў доме, дзе здымаў жыльлё Мікалай, знайшлі «бутэлькі з гаруча-змазачнымі матэрыяламі», якія экспэртыза прызнала «прадметамі, паражальныя дзеяньні якіх заснаваныя на выкарыстаньні гаручых матэрыялаў».
Паводле інфармацыі Сьледчага камітэту, адносна дзеяньняў Мікалая Дзядка былі заведзеныя таксама крымінальныя справы паводле 342-га артыкулу («арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») і 3-й часткі 361-га артыкулу («заклікі да дзеяньняў, накіраваных на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы»). Паведамляецца, што Мікалай Дзядок адміністраваў «радыкальны тэлеграм-канал „Мikola“», у якім «друкаваў заклікі да масавых беспарадкаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вучыць арабскую мову, займаецца ёгай, верыць у перамены», — бацька анархіста Дзядка расказаў пра чарговае зьняволеньне сына. ВІДЭАБацька Мікалая Дзядка Аляксандр Дзядок сказаў Свабодзе, што яму невядома пра выстаўленьне новага абвінавачаньня сыну, як дакладна невядома і тое, у чым ён раней падазраваўся.
«Яны ж нічога нам пэўна ня кажуць. Таму ці выставілі яшчэ адно абвінавачаньне, ня ведаю. Пра бутэлькі з нібыта гаручай сумесьсю, якія знайшлі ў доме, чуў, але думаю, гэтую сумесь маглі самі туды і заліць. Альбо маглі ўзяць нейкую старую бутэльку з падвалу і напісаць пра яе ў экспэртызе што заўгодна. Мэтады вядомыя. Ведаю, што Мікалай на такія захады не паддасца, віны ён не прызнае», — сказаў Аляксандар Дзядок.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьня Міколу Дзядка зьмясьцілі ў карцар за выгук «Жыве Беларусь!»За вокліч «Жыве Беларусь» пакаралі карцарам
Мікалая Дзядка ўтрымліваюць у СІЗА на Валадарскага. Бацька палітвязьня ведае, што цяпер ягоны сын знаходзіцца ў карцары.
«Пакаралі карцарам за парушэньне парадку: падчас прагулкі ў суседнім дворыку нехта зь вязьняў выгукнуў „Жыве Беларусь“, і Мікалай адпаведна адгукнуўся. За гэта далі 9 сутак карцару, мусіць выйсьці ў панядзелак. Але нічога, ім яго не зламаць»., — сказаў Аляксандр Дзядок.
Апошні ліст ад Мікалая Дзядка ягоныя бацькі атрымалі ў пачатку сакавіка.
«Настрой у яго нармальны, бадзёры. Са здароўем ёсьць праблемы, спрабуем яму дапамагчы. Ён трымаецца. А ўвогуле ліставаньне праходзіць зь вялікімі цяжкасьцямі, большасьць лістоў ад яго і яму не даходзяць. Сакавіцкі ліст ад яго — усяго чацьвёрты за ўвесь час утрыманьня пад вартай», — паведаміў Дзядок-старэйшы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці дваіх дзяцей Паліна Шарэнда-Панасюк паведаміла пра катаваньні ў берасьцейскім СІЗА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ігар ведае, да чаго яму трэба рыхтавацца». Палітвязень Лосік за кратамі 278 дзён ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пыталіся пра стаўленьне да Качанавай». Студэнтка з Полацку расказала пра сваё затрыманьне