У сваім лісьце ад 24 лютага берасьцейская актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк піша пра дадатак № 1 да загаду № 55 начальніка СІЗА № 7 Берасьця, які выйшаў у верасьні мінулага году. Паліна акцэнтавала ўвагу на зьменах у распарадку дня. Згодна з пунктам 31.2 зьняволеных вымушаюць заставацца ў сядзячым становішчы 16 гадзін (з 6:00 да 22:00). За спробы прылегчы пагражаюць карцарам.
Паліна зазначыла, што нават у здаровых празь некалькі дзён зьяўляюцца праблемы са страўнікам, болі хрыбетніка, пачынае скакаць ціск. Мэдычную дапамогу ў гэтых выпадках у СІЗА ў поўнай меры не аказваюць. Па словах Паліны, харчаваньне зьняволеных амаль на 100% вугляводнае, што нэгатыўна адбіваецца на стане здароўя.
Андрэй Шарэнда кажа, што ліст з гэтым зваротам меў доўгі шлях. Але дзякуючы агульным намаганьням неабыякавых людзей ён усё ж такі трапіў на волю.
«Атрымалася, што ад свайго імя Паліна перадала калектыўны зварот усіх зьняволеных. Гэта вельмі сур’ёзны крок. Трэба разумець, якія будуць наступствы. Ясна, што цяпер у берасьцейскім СІЗА яе будуць вельмі „рады“ бачыць. Зразумела, што псыхалягічны і фізычны ціск патроіцца. Сыстэма, адназначна, будзе помсьціць», — кажа Андрэй Шарэнда.
Ён дадае, што ўжо перадаў зварот Паліны дакладчыкам ААН. Зьвязаўся і з праваабаронцамі.
«Не ідзе на супрацоўніцтва са сьледзтвам»
Берасьцейская актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк пад вартай з 3 студзеня. Ёй прадʼяўлена абвінавачаньне паводле артыкула 364 («Гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»). 23 лютага зь берасьцейскага СІЗА актывістку накіравалі на мэдычную экспэртызу ў псыхіятрычную лякарню ў Навінках. Тады на працягу 9-дзённага «этапу» жанчына правяла некалькі дзён у баранавіцкім СІЗА № 6 і ў менскім СІЗА № 1.
«Паліна не ідзе на перамовы са сьледзтвам, ад слова „зусім“. Яна таксама не дала ніякіх паказаньняў. Трэба было нечым дапоўніць яе справу. Зараз з новага ў іх толькі рашэньне судова-мэдычнай экспэртызы, — кажа Андрэй. — Таму Паліну і адправілі яе праходзіць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сядзеў на «Шанхаі», быў у «Навінках», перахварэў на ковід. Што вядома пра палітвязьня з «плошчы Перамен» Сьцяпана ЛатыпаваНа пачатку мінулага тыдня берасьцейскую актывістку наведаў адвакат. Празь яго Паліна падзякавала ўсім людзям, якія яе падтрымлівалі — адпраўлялі лісты і віншавальныя паштоўкі з днём нараджэньня.
Паліна таксама расказала адвакату аб псыхалягічным ціску і пагрозах, якія раней атрымлівала ад супрацоўнікаў «Валадаркі».
«Паліна казала, што быў нейкі загад — ствараць для яе жорсткія ўмовы. Сьцьвярджала, што ўсё можа скончыцца карцарам. Так урэшце і здарылася», — дадае суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба пакараць людзей, якія тварылі бясчынствы». Выйшла з 20 сутак пэнсіянэрка, якую асудзілі за кнігу БыкаваАндрэй кажа, што пасьля «Навінак» Паліну павінны былі адвезьці ў Берасьце, але этапавалі зноў на «Валадарку». Калі сябры прывезьлі ёй перадачу, даведаліся, што Паліну з 24 сакавіка зьмясьцілі ў карцар на 10 сутак.
«За што — ня ведаю. Ясна толькі, што ўсё гэта ўкладваецца ў шэраг псыхалягічнага і фізычнага ціску дыктатарскага рэжыму ў яе бок», — кажа Андрэй.
«Пазыцыя праваабаронцаў незразумелая»
Маці дваіх непаўналетніх дзяцей Паліну Шарэнду-Панасюк дагэтуль не прызналі палітзьняволеннай. Яе муж лічыць, што такім чынам Паліне адмаўляюць у праве на самаабарону.
«Вельмі прыкра і крыўдна, што так адбываецца. На дадзены момант з боку мясцовага кіраўніцтва ў дачыненьні да Паліны рукі разьвязаныя. Калі ў Менску ў працаўнікоў турэмных установаў адносіны да палітзьняволеных могуць быць рознымі, то ў рэгіёнах некаторыя гэтыя „людзі сыстэмы“ баяцца за сваю будучыню. Яны ведаюць, што знаходзяцца пад пільным вокам суседзяў. Таму ставяцца да палітвязьняў карэктна. Гэта я дакладна магу сказаць», — кажа Андрэй Шарэнда.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы прызналі 20 новых палітвязьняўЁн падкрэсьлівае: каб прызнаць Паліну палітвязьнем, праваабаронцам патрэбныя афіцыйныя дакумэнты абвінавачваньня. І супраціў супрацоўнікам праваахоўных органаў павінен быць негвалтоўны.
«Сёньня справа Паліны цалкам засакрэчаная. Яна адмаўляецца даваць паказаньні. А дакумэнт, які неабходны праваабаронцам, мы атрымаем толькі тады, калі будзе канчатковы прысуд. Але да гэтага трэба чакаць месяцы, а можа, нават і год, — падкрэсьлівае суразмоўца. — Таму для мяне пазыцыя праваабаронцаў незразумелая».