Сяргей Ефімовіч і Вадзім Хіжнякоў атрымалі па 2 гады і 6 месяцаў калёніі агульнага рэжыму, Міхал Юдзін — 4 гады калёніі агульнага рэжыму, Андрэй Севяртока — 5 гадоў і 6 месяцаў калёніі строгага рэжыму.
Прысуд у справе аб гвалце над міліцыянтамі агучыў судзьдзя Генадзь Мазайла ў судзе Ленінскага раёну Горадні 30 сакавіка.
Што адбылося 27 верасьня
Падзеі, за якія судзяць фігурантаў, адбыліся 27 верасьня ў Горадні.
Тады да моладзевага цэнтру «Галяктыка» прыйшлі некалькі сотняў чалавек. Спачатку людзі проста стаялі. Пасьля папярэджваньня міліцыянтаў аб несанкцыянаваным мерапрыемстве пачалі гукаць «Жыве Беларусь», «Гэта наш горад». Празь некалькі хвілін да іх пад’ехалі аўтазак і мікрааўтобусы. Выйшлі байцы ў рыштунку бяз знакаў адрозьненьня і пачалі затрымліваць людзей. У адным месцы завязалася тузаніна паміж пратэстоўцамі і байцамі. Сілавікі ўжывалі газ і білі людзей дручкамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Атрымалі фізычны боль і пакуты». У Горадні пачаўся суд за гвалт над міліцыянтаміКаго судзяць
На лаве падсудных чатыры чалавекі:
- Вадзім Хіжнякоў (52 гады),
- Міхал Юдзін (43),
- Сяргей Ефімовіч (33),
- Андрэй Севяртока (49).
Яны знаходзіліся падчас суду пад вартай.
Іх вінавацяць у гвалце ў дачыненьні да міліцыянтаў (артыкул 464 Крымінальнага кодэксу); Севяртоку, апрача гэтага, — ва ўцёках зь месца адбываньня пакараньня (ч. 1 арт. 413).
Севяртока — жыхар гораду Масты на Горадзеншчыне, астатнія — гарадзенцы; Хіжнякоў родам з Расеі (горад Тула), але мае беларускае грамадзянства.
Хто пацярпелыя
- Супрацоўніца АМАПу Заяц;
- Супрацоўнік АМАПу Башко.
Байцы былі ў бронекамізэльках і шлемах. Заяц у выніку атрымала кровападцёк на назе, Башко — фізычны боль і пакуты. Пацярпелыя амапаўцы заявілі грамадзянскія пазовы аб кампэнсацыі кожнаму па 2000 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У мяне ўспыхнула крыўда». Пачаўся суд над гарадзенцам, які падпаліў дзьверы аддзелу міліцыіШто кажа абвінавачаньне
Паводле дзяржаўнага абвінавачаньня, мужчыны дзейнічалі ў змове. Яны знаходзіліся каля тытунёвага кіёска і кінатэатру «Ўсход», дзе магла адбывацца масавая несанкцыянаваная акцыя.
Севяртока спачатку ўдарыў міліцыянтку Заяц кулаком па галаве і нагой па назе. Потым Ефімовіч кінуў у Заяц невядомы прадмет. Потым Юдзін ударыў Башко па целе, руцэ і па галаве, а Хіжнякоў кінуў невядомы прадмет у Башко.
Усе абвінавачаныя не прызналі віны, толькі Севяртока часткова прызнаў гвалт над міліцыянтам. Усе абвінавачаныя, апрача Севяртокі, адмаўляліся, што бралі ўдзел у масавым мерапрыемстве або што маглі пхнуць міліцыянта.
Паводле паказаньняў аднаго зь фігурантаў, Ефімовіча, ён са сваякамі гуляў па горадзе, калі ўбачыў, як невядомыя ў рыштунку б’юць людзей. Каб адцягнуць увагу тых, хто чыніў гвалт, ён кінуў кубачак ад кавы ўгору. Зь ягоных словаў, ён ні ў каго не пацэліў і наагул ня мог нанесьці кубачкам шкоду.
Справу разглядаў судзьдзя Генадзь Мазайла, пракурор — Сяргей Пятрашка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Улада не адчувае, што цалкам задавіла пратэст». Шрайбман пра дылему Лукашэнкі, «Голас» і новую ідэю Латушкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі мякка сказаць, яны збаяліся». Гісторыя звольненага азотаўца з 26-гадовым стажам