«Белыя дні Менску». Як дырыгент мюнхэнскага аркестру напісаў кнігу пра беларускую рэвалюцыю

Віталь Алексяёнак у Менску ў жніўні 2020 году.

Ураджэнец Вялейкі, галоўны дырыгент аркестру Мюнхэнскага ўнівэрсытэту Віталь Алексяёнак на замову нямецкага выдавецтва S. Fischer Verlag напісаў кнігу пра мірны беларускі пратэст, удзельнікам якога ён быў у жніўні і верасьні.

Музыка тлумачыць, што здараецца, калі «аркестар не прымае дырыгента, які аўтарытарна кіруе больш за 26 гадоў», расказвае пра свой самы шчасьлівы і самы трагічны дзень у 2020-м.

Глядзіце размову цалкам на відэа.


Тут фрагмэнты гутаркі.

Як нямецкае выдавецтва замовіла музыку напісаць кнігу пра беларускія пратэсты


— Летась у траўні-чэрвені 2020 году я яшчэ займаўся музыкай, наколькі гэта было мажліва ў пандэмію, але мяне моцна хвалявалі падзеі ў Беларусі. Так атрымалася, што я стаў адным з актывістаў беларускай дыяспары ў Нямеччыне, арганізатарам дэманстрацый у Бэрліне. Мы мелі шмат кантактаў з прэсай, зь нямецкімі палітыкамі, дэпутатамі Бундэстагу і Эўрапарлямэнту. Празь некаторы час я зразумеў, што больш для сваёй краіны ў Нямеччыне я не змагу зрабіць, таму 4 жніўня паляцеў у Беларусь і застаўся там на паўтара месяца.

Віталь Алексяёнак.

Усе падзеі я бачыў на свае вочы. Мяне ледзь не затрымалі 10 жніўня. І на пачатку восені я атрымаў прапанову напісаць кнігу пра беларускія падзеі ад вельмі вядомага, буйнога нямецкага выдавецтва S.Fischer у Франкфурце. Адразу я нават не зразумеў, чаго ад мяне хочуць, бо я найперш музыка, а не пісьменьнік, ня аўтар. Я быў у Менску, усё вакол бурліла. Мы скантактаваліся, і я запытаў: а чаму вы хочаце, каб я кнігу напісаў, можа, я пісаць ня ўмею? На той момант я напісаў некалькі артыкулаў і даваў шмат інтэрвію ў Нямеччыне на нямецкай мове. Мне адказалі: «Мы ведаем, што вы можаце, і мы хочам, каб пра Беларусь дазналіся».

Шчыра кажучы, ня верыў, што буду пісаць кнігу, бо гэта не мая прафэсія. Але падумаў, вырашыў паспрабаваць, і ў мяне атрымалася.


Для якога чытача кніга пра беларускую рэвалюцыю

— Спадзяюся, што найперш яна будзе цікавая нямецкаму чытачу, нямецкамоўнаму чытачу, які ня ведае і не разумее нашага кантэксту, які пра Беларусь даведаўся толькі ў жніўні і ведае павярхоўна толькі тое, што адбыўся гвалт і нейкія праблемы з выбарамі. У кнізе я шмат апісаў таго, што нам і так зразумела — прэзыдэнцкую кампанію; тое, што адбывалася ў пандэмію; пра вельмі бачную мяжу паміж беларускім грамадзтвам і рэжымам, якія ўсё больш ідуць рознымі шляхамі.

Мая гісторыя там таксама ёсьць — як вырас у Беларусі, як не адразу пачаў разумець, што адбываецца ў краіне, пра падзеі 2010 году пісаў (я быў на Плошчы), чаму потым зьехаў з краіны. У кнізе ёсьць і гісторыі людзей, якія перажылі гвалт у сярэдзіне жніўня. Я шмат зьбіраў матэрыялу для сябе яшчэ да таго, як прыйшла прапанова пісаць кнігу. Думаю, што немцам будзе цікава ўсё, а беларусам будзе цікава пра гэта яшчэ раз даведацца, бо мы шмат што забываем. Калі пісаў кнігу, мне было вельмі важна яшчэ раз гэта ўсё перажыць.


Пра дзёньнікі як дакумэнт часу


— Калісьці я вёў дзёньнік. Пісаў дзёньнік у пандэмію. Калі прыехаў у Беларусь, перастаў пісаць. Калі перажываеш нешта настолькі інтэнсіўнае, цяжка сесьці і запісаць гэта. У той момант немагчыма было асэнсаваць і зафіксаваць усё, але ў канцы жніўня я зноў пачаў весьці дзёньнік, запісваць ня толькі тое, што перажываю сёньня, але і падзеі, якія адбыліся на пачатку жніўня, бо толькі пачаў іх асэнсоўваць. Гэта мне вельмі дапамагло пры напісаньні кнігі. Падзагаловак кнігі — «Наша мара пра свабодную Беларусь». Мне рэдактары спачатку прапанавалі: «Мая мара пра свабодную Беларусь», але я адразу сказаў, што гэта немагчыма. Вельмі важна, што гэта не мая, а наша мара.


Пра самы шчасьлівы дзень у Менску ў 2020 годзе

— Гэта 13 жніўня. 12 жніўня я быў на жаночай акцыі на Камароўцы, і тады пачаліся нашыя белыя дні, нашы белыя пратэсты. Беларусь па-нямецку раней называлася Weißrussland, Белая Расея, і ў немцаў ёсьць такая асацыяцыя — белыя дні, Беларусь, белыя пратэсты... Адзін з самых шчасьлівых дзён быў 13 жніўня, калі я першы раз выйшаў з плякатам на праспэкт каля ГУМу. Перад гэтым у дварах дзьве гадзіны маляваў плякат. Побач стаялі жанчыны, якія слухалі прапагандысцкае радыё, я думаў, што яны могуць мяне закласьці, што яны «ябацькі», як мы сталі пазьней называць.

Гэта быў толькі пачатак, масавых акцый не было, нічога не было зразумела, толькі інтэрнэт уключылі. І я выйшаў на праспэкт адзін і падняў плякат. Гэтыя жанчыны да мяне падышлі і сказалі: «Мы ўсё ведаем, калі міліцыя будзе ехаць, мы табе адразу знак дамо, і ўцякай». І я зразумеў, што яны за нас ужо. Парадыгма зьмянілася. Спачатку я стаяў адзін з плякатам, а праз 30 хвілін вакол мяне была ўжо невялікая дэманстрацыя. Я сустракаў сяброў, якіх ня бачыў 10 гадоў... Гэта быў дзень, калі я атрымаў столькі салідарнасьці, і я сам столькі аддаваў. Калі спытаюць пра мой самы шчасьлівы дзень у жыцьці, я скажу — 13 жніўня.


Пра самы трагічны дзень

Віталь Алексяёнак ля філярмоніі ў Менску.

— Самы нешчасьлівы дзень — 15 жніўня, калі пахавалі Аляксандра Тарайкоўскага. Мы былі на Пушкінскай. Ужо пачаліся нашыя мастацкія, музычныя акцыі, і мы туды паехалі зь невялічкім хорам, думалі сьпяваць нейкую паніхідку, але калі прыехалі, пабачылі там тысячы людзей... Была цяжкая атмасфэра. Для сотняў тысячаў беларусаў 12–13 лістапада быў самым няшчасным днём, калі забілі Рамана Бандарэнку. Я быў тады ў Бэрліне. Нас было некалькі беларусаў у кватэры, і мы проста плакалі...


Аркестар як грамадзтва


— Калі я прыехаў у Менск у жніўні, не чакаў, што столькі мастацтва будзе на вуліцах. Мне здаецца, што мы занадта доўгі час як аркестар, як грамадзтва гралі з адным і тым жа дырыгентам. Гэта ўжо немагчыма. Па-другое, ёсьць шмат музыкі, для якой не патрэбен дырыгент. Ёсьць шмат камэрнай музыкі, дзе дырыгент будзе толькі перашкаджаць і стрымліваць музыкаў. Мне здаецца, у нашым супраціве ёсьць і тое, і другое. Мы зразумелі, што ёсьць шмат іншых дырыгентаў у нашым грамадзтве. На жаль, яны цяпер ня вельмі могуць штосьці зрабіць, таму што ці за кратамі, ці не ў Беларусі. Але мы даведаліся, што ёсьць добрыя дырыгенты.

Галоўны дырыжор аркестру Мюнхэнскага ўнівэрсытэту Віталь Алексяёнак. 2 лютага 2019 году.

У Беларусі і Расеі ёсьць своеасаблівая канкурэнцыя (я ведаю, я там жыў калісьці) — не запрашаць дырыгентаў, лепшых за сябе, таму што аркестар тады зразумее, што ты як дырыгент ня вельмі добры. Такое адбываецца і ў Беларусі цяпер — нікому не даваць ніякага шанцу. Але мы як грамадзтва, як музыкі зразумелі, што ў нас ёсьць столькі кампэтэнтных людзей, якія могуць гэта зрабіць, і ім проста не даюць гэтага шанцу. Па-другое, мы як пратэст, як мурашнік таксама зразумелі, што кожны з нас важны. І на маім плякаце ў мой самы шчасьлівы дзень 13 жніўня было напісана: «Мы ня маем лідэраў, цяпер усё залежыць ад кожнага з нас». І цяпер я гэтай жа думкі прытрымліваюся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ад дыктатара ў бок партнэра». Як вялейскі хлопец стаў галоўным дырыжорам мюнхэнскага аркестру

Што адбываецца, калі музыкі ня слухаюць дырыгента, які надакучыў


— Найперш гэта ўплывае на музыку, яна страчвае якасьць. А мы губляем якасьць жыцьця як грамадзтва. У аркестры пачынаюцца вельмі моцныя канфлікты, раскол. Частка яшчэ хоча граць з дырыгентам, але другая частка кажа: «Не, нам патрэбен іншы дырыгент, ці нам не патрэбны ніякія дырыгенты (парлямэнцкая рэспубліка, напрыклад). І аркестар ужо ня можа функцыянаваць, ня можа ісьці ў адным кірунку. І калі амаль увесь аркестар, 97%, кажа, што гэты дырыгент нам не патрэбен і гэтая музыка нам не патрэбна, бо гэта ня музыка, а какафонія, трэба мяняць гэтага дырыгента. Калі ён яшчэ мае ўладу заставацца і гаварыць самому аркестру, што ён самы галоўны, а яны ўсе нічога ня вартыя, то гэта нездаровая атмасфэра, якую трэба мяняць як мага хутчэй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Франкфурце ў акцыі салідарнасьці зь беларускім народам Беларусі ўзялі ўдзел эўрадэпутаты

Што можа зрабіць дыяспара


— Шмат кірункаў дзейнасьці. Мы можам размаўляць з прэсай, з палітыкамі, з сусьветным грамадзтвам. Нашая роля ў тым, каб пра Беларусь не забывалі, каб пра яе гаварылі. Я даю шмат інтэрвію, у тым ліку і пра кнігу, і амаль заўсёды кажу: «Думайце пра Беларусь, не забывайце пра яе». Летам я адчуваў, што мы, беларуская дыяспара, як нумар два пасьля беларусаў у Беларусі. Як маленькі філіял. Гэта было вельмі адчувальна, калі я прыехаў зь Беларусі ў Бэрлін у верасьні і прыйшоў на акцыю дыяспары. Я толькі быў на нашым стотысячным маршы ў Менску, а ў Бэрліне на акцыі было 200 чалавек. Было вельмі важна, што яны там былі, але гэта было толькі 200 чалавек. Летам мы былі філіялам. А цяпер, калі беларусы ня могуць выйсьці на вуліцы, як раней, мы ў дыяспары можам зрабіць больш, бо мы можам выходзіць і далей прыцягваць увагу сьвету да Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З ініцыятывы беларускага дырыжора 9 музыкаў выканалі «Скаргу параненых» у карантыне

Пра адну кнопку ў рэжыму і крэатыў грамадзтва

Віталь Алксяёнак у Менску ў жніўні 2020 году.

— Мы ведаем, што нас вельмі шмат, хоць і не выходзім масава на вуліцы ў Беларусі. Вуліца — гэта не адзінае, што мы можам зрабіць. Наша галоўнае адрозьненьне ад рэжыму ў тым, што рэжым карыстаецца толькі гвалтам, у яго толькі кнопка «Гвалт» on/off — і ўсё. А мы вельмі крэатыўныя і міралюбівыя. І гэта ня проста клішэ. Гэта сапраўды тое, чаго мы хочам. Крэатыў дапамагае знайсьці новыя шляхі. Калі зараз так небясьпечна выходзіць на вуліцу, то і ня трэба, можа, усім выходзіць. За кратамі столькі людзей, столькі зьехала. Ёсьць шмат іншых шляхоў, і нам трэба шукаць гэтыя шляхі. Ня вельмі карэктна параўноўваць сакавік з жніўнем. Сакавік можам параўнаць зь вясной 2020-га, калі ўсё толькі пачыналася. І гэтай вясной у нас таксама ёсьць нейкае адраджэньне.


Самая галоўная ідэя кнігі «Белыя дні Менску»


— Беларусы неймаверныя, клясныя. Я зьехаў калісьці зь Беларусі, бо ня верыў, што мы такія. А цяпер я прыехаў і зразумеў, што як я магу жыць у Нямеччыне, калі беларусы — такія людзі, якіх я нідзе не сустракаў ніколі. Нам нельга забываць нашу каштоўнасьць. Мы ўжо больш ня будзем такімі, як былі раней. Нас гэта зьмяніла назаўсёды. Як казала Сьвятлана Алексіевіч, гэта перавярнула нас...