«Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады». Маці пяцярых дзяцей Вользе Залатар выставілі абвінавачаньне

Вольга Залатар

38-гадовай шматдзетнай маці са Ждановічаў Вользе Залатар выставілі абвінавачаньне, паводле якога ёй пагражае да трох гадоў турмы. Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзіў адвакат Вольгі Андрэй Мачалаў.

Жыхарку Ждановічаў Вольгу Залатар арыштавалі 18 сакавіка. Сілавікі спынілі яе аўтамабіль, дзе, акрамя Вольгі, знаходзілася яе непаўналетняя дачка. Пасьля гэтага, па словах суседзяў, дадому да Вольгі прыехала група сілавікоў з ГУБАЗіКу. Яны правялі ператрус і забралі Вольгу з сабой. Яна знаходзіцца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага.

У той жа дзень увечары былі затрымалі мужа Вольгі Сяргея. Яго асудзілі на 10 дзён адміністрацыйнага арышту, ён вызваліўся 28 сакавіка.

Сям’я Вольгі пакуль не камэнтуе сытуацыі. У пятніцу 26 сакавіка Вользе афіцыйна прад’явілі абвінавачаньне.

«Вользе прад’явілі абвінавачаньне паводле артыкулу 361, часткі 1, — сказаў адвакат Вольгі Залатар Андрэй Мачалаў. — Пакуль камэнтароў больш не будзе, Вольга прыняла такое рашэньне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Узорная гаспадыня», магістарка сацыялёгіі, «сапраўдная каталічка». Хто такая шматдзетная маці Вольга Залатар, якую арыштаваў ГУБАЗіК

Частка 1 артыкулу 361 гучыць наступным чынам — «Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнага зьмяненьня канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, або здрады дзяржаве, цi ажыцьцяўленьню акту тэрарызму або дывэрсіі, або зьдзяйсьненьня іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, альбо распаўсюд матэрыялаў, якія зьмяшчаюць такія заклікі». Яна прадугледжвае пакараньне ў выглядзе арышту альбо пазбаўленьня волі тэрмінам да трох гадоў.

Вольга Залатар

Хто такая Вольга Залатар

  • Вольга Залатар да 9 жніўня Вольга працавала назіральніцай на выбарчым участку ў пасёлку.
  • Займала актыўную пазыцыю ад самага пачатку пратэстаў. Яе тройчы затрымлівалі, правяла на Акрэсьціна 5 дзён.
  • Працавала валянтэркай ля Акрэсьціна.
  • Вольга скончыла БДУ (магістар сацыялёгіі). Яна беларускамоўная ў жыцьці.
  • У іх з мужам пяцёра дзяцей: чатыры дачкі і сын. Старэйшай дачцэ — 17 год, малодшаму сыну — 4.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць затрыманай ў Ждановічах маці 5 дзяцей завялі крымінальную справу