Менавіта ў гэтую лякарню ў жніўні летась даставілі ў непрытомным стане Аляксея Навальнага. Паплечнікі расейскага апазыцыянэра да гэтага часу настойваюць на тым, што адміністрацыя і пэрсанал клінікі ведалі сапраўдныя прычыны таго, што адбылося з Навальным, але на загад ФСБ паставілі яму лжывы дыягназ і спрабавалі схаваць сьляды атручэньня баявым хімічным рэчывам.
Паведамляецца, што доктар Агішаў прапрацаваў у омскай лякарні № 1 трыццаць гадоў. Кіраўнік клінікі Яўген Осіпаў назваў яго сьмерць «незаменнай стратай для ўсёй мэдычнай супольнасьці».
Гэта ўжо ня першая сьмерць у кіроўным складзе омскай лякарні № 1. У пачатку лютага ва ўзросьце 55 гадоў памёр намесьнік галоўнага доктара клінікі Сяргей Максімішын, афіцыйная прычына яго сьмерці — сардэчны прыступ.
Раней яшчэ адзін намесьнік галоўнага лекара, Анатоль Калінічэнка, звольніўся з лякарні. Мэдык сьцьвярджаў, што пераход на новае месца працы, у прыватную клініку, зьвязаны з тым, што ён «любіць хірургію больш, чым адміністраваньне».
Падчас знаходжаньня Навальнага ў омскай лякарні Калінічэнка адказваў за аказаньне мэдыцынскай дапамогі палітыку, кантакты зь лекарамі зь Нямеччыны і, у першы дзень шпіталізацыі апазыцыянэра, за сувязь з прэсай. Затым абавязак мець зносіны з журналістамі ўсклаў на сябе галоўны доктар установы, член «Адзінай Расеі» Аляксандар Мурахоўскі. Менавіта ён заявіў работнікам СМІ, што прычына цяжкага стану Навальнага — «парушэньне абмену рэчываў». Акрамя таго, Марахоўскі цягам двух сутак не дазваляў перавезьці апазыцыянэра на лячэньне ў Бэрлін.
Пазьней Мурахоўскі быў прызначаны кіраўніком рэгіянальнага Міністэрства аховы здароўя.