Акрэдытаванага ў Менску карэспандэнта Deutsche Welle затрымлівалі двойчы за апошнія тры дні

Deutsche Welle

Кіраўніцтва нямецкай мэдыякампаніі назвала скандалам мэтады супрацьдзеяньня уладаў Беларусі журналістам. 27 сакавіка журналісту пагражалі арыштам і канфіскацыяй тэхнікі, прымусілі разблякаваць тэлефон.

Спачатку Нікаласа Коналі затрымалі 25 сакавіка падчас асьвятленьня ім стыхійных мітынгаў у беларускай сталіцы, прысьвечаных сьвяткаваньню Дня Волі. Тады яго адпусьцілі пасьля праверкі дакумэнтаў, праз паўтары гадзіны пасьля дастаўкі ў РУУС, піша БелаПАН. Па словах журналіста, у гэты дзень у яго склалася адчуваньне, што сілавікі проста «не маглі паверыць у сапраўднасьць ягонай акрэдытацыі ў МЗС».

27 сакавіка, у дзень правядзеньня новых акцый, у тым ліку на плошчы Бангалор, Коналі зноў затрымалі, «нягледзячы на прад’яўленыя ім дакумэнты: пашпарт грамадзяніна Нямеччыны і афіцыйную акрэдытацыю журналіста.

Коналі адпусьцілі праз прыкладна 5 гадзін, пасьля таго як ва УУС Кастрычніцкага раёну прыехаў пасол Нямеччыны Манфрэд Хутэрэр.

«Карэспандэнта DW затрымалі прыкладна ў 14.40 — да гэтага моманту ён каля 10 хвілін вёў здымку таго, што адбываецца на плошчы Бангалор. На журналісьце была сіняя камізэлька з надпісам „Прэса“, аднак гэта не спыніла сілавікоў», — канстатуе мэдыякампанія.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску і іншых гарадах Беларусі 27 сакавіка затрымалі больш за 200 чалавек

У РУУС з Коналі «правёў гутарку супрацоўнік КДБ Беларусі, які займаецца ідэалягічнай працай». Пытаньні тычыліся біяграфіі журналіста і таго, дзе і як ён вывучыў расейскую мову. Сілавікі прымусілі яго разблякаваць мабільны тэлефон і ў прысутнасьці пасла паказаць ім некалькі зробленых ім фатаграфій. У выпадку адмовы яму пагражалі арыштам, канфіскацыяй мабільных тэлефонаў і іншага журналісцкага абсталяваньня.

Deutsche Welle выказала беларускім уладам, а таксама амбасадару Беларусі ў Нямеччыне Дзянісу Сідарэнку пратэст з нагоды затрыманьня. У адказ Сідарэнка безь якіх-кольвек тлумачэньняў паведаміў, што супрацоўнік пасольства Нямеччыны ў Менску можа забраць Коналі з РУУС.

«Тое, якія мэтады выкарыстоўваюцца ў Беларусі, каб ня даць журналістам выконваць сваю працу, нават пры наяўнасьці акрэдытацыі, — гэта скандал. Аднак мы не дамо запалохаць сябе і працягнем працаваць з мэтай забясьпечыць насельніцтва Беларусі свабоднай інфармацыяй», — пракамэнтаваў затрыманьне Коналі генэральны дырэктар DW Пэтэр Лімбург.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЭЗ пра сытуацыю ў Беларусі і суды над журналістамі: Гэта непрымальна і павінна спыніцца
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Дзень Волі ў Беларусі затрымалі 6 журналістаў