27 сакавіка шэраг тэлеграм-каналаў заклікаў людзей да першай масавай веснавой акцыі пратэсту.
Пасьля другой гадзіны дня на плошчы Бангалор і ў яе ваколіцах пачаліся затрыманьні. Праваабаронцам «Вясны» па стане на 23.50 вядомыя прозьвішчы 206 затрыманых. Пры гэтым па відэа ня бачна, каб затрыманыя ў Менску людзі мелі пры сабе сымболіку ці выкрыквалі нейкія лёзунгі.
Паводле МУС, 27 сакавіка ў Менску ды іншых гарадах «даставілі ў міліцыю больш за 100 чалавек», пісаў удзень Інтэрфакс са спасылкай на прэс-сакратарку МУС Вольгу Чамаданаву.
Пры гэтым яна ўдакладніла, што «несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы не адбыліся».
Паводле інфармацыі парталу Tut.by, у Менску ў раёне плошчы Бангалор затрымалі рэдактарак сайту Ганну Калтыгіну і Галіну Ўласік. Там жа затрымалі галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча і фатографку Надзею Бужан і рэпартэрку «Нашай Нівы» Кацярыну Карпіцкую. Пазьней Tut.by паведаміў пра вызваленьне Калтыгінай і Ўласік, а «Наша Ніва» — пра вызваленьне Бужан і Карпіцкай.
Пасьля 21.30 «Наша Ніва» паведаміла, што Ягор Марціновіч таксама ўжо на волі, але з двума пратаколамі: непадпарадкаваньне і ўдзел у незаконным масавым мерапрыемстве.
Відавочцы паведамлялі пра затрыманьні ў раёне станцыі мэтро Пушкінская і ў раёне Акадэміі навук. Сілавікі патрулююць праспэкт Пераможцаў і ваколіцы плошчы Бангалор.
У Навагрудку затрымалі 10 чалавек, якія прыйшлі на экскурсію ў краяведчы музей, паведамляе Белсат. Затрыманнем кіравалі кіраўнік мясцовай міліцыі Рустам Вагабаў ды яго намесьнік Яўген Бусловіч
Сярод затрыманых рэдактар парталу Tut.by Ганна Калтыгіна, паведамілі ў рэдакцыі сайту.