Асуджаную журналістку тэлеканалу «Белсат» Кацярыну Андрэеву ў жодзінскай турме паставілі на прафіляктычны ўлік, як «схільную да экстрэмізму» Пра гэта ў сваім акаўнце на facebook напісаў муж журналісткі Ігар Ільяш.
«Прафіляктычны ўлік азначае, што цяпер яна знаходзіцца на асаблівым кантролі ў адміністрацыі турмы. У прыватнасьці, на дзвярах у яе зараз будзе вісець карычневая картка — так адзначаюцца камэры, дзе ёсьць "схільныя да экстрэмізму". У самой камэры для Каці вызначана асаблівае месца, дзе яна абавязаная знаходзіцца ў той момант, калі заходзіць наглядчык. Таксама яе цяпер пэрыядычна будуць выклікаць на прафіляктычныя гутаркі. Пры адпраўцы ў калёнію „экстрэмісцкі“ статус за ёй будзе захаваны. Дарэчы, ва ўліковай картцы Каці ёсьць пазнака — „змагарка“. Гэта значыць палітычны характар яе справы ніхто не хавае», — адзначыў Ільяш.
Ён лічыць, што рашэньне аб пастаноўцы на прафіляктычны ўлік варта расцэньваць як ціск на Андрэеву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самае цяжкае — этап. Палітзьняволеных журналістак перавезьлі ў СІЗА ЖодзінаПаводле інфармацыі Ігара Ільяша, на прафіляктычны ўлік таксама зьбіраюцца паставіць апэратарку Дар’ю Чульцову, якую асудзілі разам з Андрэевай.
Андрэеву і Чульцову затрымалі 15 лістапада 2020 году пасьля жывога эфіру з месца разгону сілавікамі дэманстрантаў — на сымбалічнай «плошчы Пераменаў» (двор на вуліцы Чарвякова ў Менску).
Суд прызнаў журналістак вінаватымі ў арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ім прысудзілі 2 гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Справа не ў шантажы». Абвінаваўца Аліна Касьянчык адказала аднаклясьнікам на публікацыю «Свабоды»