26 сакавіка ідуць працэсы над затрыманымі 25 сакавіка. Паводле праваабаронцаў, затрымалі больш за 200 чалавек. Большасьць судоў праходзіць праз скайп.
Людзей судзяць за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі — артыкуле 24.23 паводле новага Адміністрацыйнага кодэксу.
Да 15-й гадзіны суды вынесьлі больш за 70 прысудаў — ад штрафаў да 30 сутак арышту, паведаміла «Вясна».
- 71-гадовую Сьвятлану Яцкову аштрафавалі на 3770 рублёў за вопратку белага і чырвонага колераў.
- 73-гадовага Мікалая Саламонава арыштавалі на 13 сутак за крыкі «Жыве Беларусь». На судзе ён сказаў, што ня можа крычаць, бо мае праблемы з голасам.
- Салігорскіх страйкамаўцаў Дзьмітрыя Караку і Паўла Пучэню асудзілі на 15 сутак кожнага.
- 20-гадовага хлопца зь Менску, якому выламалі дзьверы за бел-чырвона-белыя фіранкі, пакаралі 25 суткамі арышту — за несанкцыянаваную акцыю і непадпарадкаваньне, паведаміў Tut.by.
- Жыхара Гомля, які гуляў па Навабеліцкім раёне гораду зь бел-чырвона-белым сьцягам, арыштавалі на 15 сутак.
- 54-гадовую Сьвятлану Чарняўскую арыштавалі на 12 сутак, бо на машыне, якая яе падвозіла, была налепка «Пагоні».
- 27-гадовую Крысьціну Малашэвіч абвінавацілі ў пікетаваньні ў бел-чырвона-белых шкарпэтках. Яе затрымалі 25 сакавіка каля кінатэатру «Кастрычнік». Судзьдзя Савецкага раёну Аляксандар Воўк арыштаваў яе на 15 сутак, паведаміла «Вясна назірае».