Увечары 23 сакавіка сама меней да сямі жыхароў Наваградку прыйшла міліцыя з аглядам жытла. Аднаго чалавека забралі ў РАУС і дадому ня выпусьцілі. Візыты былі зьвязаныя з акцыямі салідарнасьці наваградцаў.
Як ананімна расказалі некалькі жыхароў Наваградку, прыкладна паміж 18 і 19 вечара міліцыянты прыйшлі амаль адначасна сама меней да сямі наваградцаў, якіх раней судзілі за ўдзел у несанкцыянаваных уладамі масавых мерапрыемствах. Праўда, не да ўсіх дадому здолелі трапіць. Прычынай візыту называлі праверку таго, ці датычны чалавек да акцыяў салідарнасьці, відэа зь якіх зьяўляецца ў інтэрнэце.
«Яны асабліва не тлумачылі. Казалі, што ў сувязі зь відэа ў падтрымку некага, ня ведаем, каго. Шукаем, маўляў, хто гэта... Тэхніка, тэлефоны іх не цікавілі», — расказвае суразмоўца з Наваградку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманьні, арышты і ператрусы напярэдадні Дня Волі. Хроніка перасьледу 24 сакавікаМіліцыянты паказвалі наваградцам відэа акцыі салідарнасьці з палітвязьнем Ігарам Банцэрам, які трымаў галадоўку 16 дзён. Шукалі бел-чырвона-белыя сьцягі, іншую сымболіку, плякаты. Людзі, да якіх прыходзілі, ня маюць ніякага статусу, на іх не заведзена ніяках спраў.
Вядома, што ў аднаго з мужчын агляд ішоў мінімум 4 гадзіны ў прысутнасьці сьледчых. Ці на яго заведзеная справа, пакуль невядома. Яго забралі ў РАУС, дзе пакінулі да суду.
«У яго быў ператрус з 7 вечара. Яшчэ ў гадзіну ночы яны там былі. Яны нешта фатаграфавалі, былі ў пальчатках. Сьледчы камітэт, а ня проста міліцыя. Іх там было вельмі шмат», — расказвае крыніца, блізкая да затрыманага.
У гэтага наваградца дома месьціцца прыватны музэй з прадметамі даўніны: гадзіньнікамі, патэфонамі, манэтамі, дакумэнтамі, фатаздымкамі.
Раней у жыхарак Наваградку ўжо праводзілі падобныя агляды пасьля таго, як зьявілася відэа, на якім невядомыя заклікалі ня браць удзелу ва Ўсебеларускім народным сходзе. Тады тлумачылі, што па голасе шукаюць, хто з жанчын запісваў прамову на відэа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бо я не прагінаюся». У Наваградку звальняюць заснавальніцу музэю габрэйскага супраціву Тамару Вяршыцкую ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі вашае дзіця аддубасяць, я пагляджу». Жыхароў Наваградку судзяць за падрыхтоўку да беспарадкаў і абразу прэзыдэнтаГэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.