Усевалад Янчэўскі падвёў вынікі працы Парку высокіх тэхналёгій за мінулы год: «экспарт вырас да 2,7 мільярда даляраў, зьявіліся сотні новых рэзыдэнтаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік ПВТ Янчэўскі: «2020 год рэкордны па выніках працы»Пры гэтым ёсьць іншыя лічбы, якіх кіраўнік ПВТ не згадаў.
Тэмп росту запаволіўся на 27%
За 2018 год рост экспарту паслуг ПВТ вырас на 38%, за 2019 год — на 52%. За 2020 год рост экспарту паслуг, па словах Янчэўскага, склаў 25%. То бок тэмп росту зьнізіўся на 27% у параўнаньні з 2019 годам і на 13% — у параўнаньні з 2018 годам.
У дыскусіі з экспэртамі ІТ-галіны, якую ладзіла Свабода, многія зважалі на тое, што «ў 2020 годзе беларускія ІТ-кампаніі працавалі па дамовах і кантрактах, заключаных раней». Таму эфэкт ад палітычнага крызісу і хвалі рэлякацыяў па выніках 2020 году ацэньваць зарана.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як рэвалюцыя паўплывала на ІТ-сэктар? Меркаваньне экспэртаўТолькі Польшча выдала 2500+ візаў беларускім айцішнікам
Польшча запусьціла ў верасьні праграму рэлякацыі для беларускіх айцішнікаў. Па дадзеных на сьнежань, паслугамі гэтай праграмы скарысталіся больш за 2500 беларускіх айцішнікаў.
Гэта шмат ці не? Гэта больш, чым працуе ў беларускай кампаніі Itransition, адной з найбуйнейшых (2050 чалавек).
Больш за 10 буйных ІТ-кампаній зь Беларусі адкрылі офісы за мяжой
Па дадзеных за люты, ужо больш за 10 буйных беларускіх ІТ-кампаній адкрылі свае офісы за мяжой, пра гэта паведамляе dev.by.
Сярод самых буйных:
- Itransition. 2050 супрацоўнікаў. Зарэгістравалі офіс у Літве.
- iTechArt Group. 1590 супрацоўнікаў. Зарэгістравалі офіс у Польшчы.
- Coherent Solutions. 1200 супрацоўнікаў. Зарэгістравалі офіс у Літве.
- LeverX. 650 супрацоўнікаў. Зарэгістравалі офіс у Варшаве.
- Elinext. 350 супрацоўнікаў. Зарэгістравалі офіс у Варшаве.
17 кампаній зь Беларусі зарэгістравалі свае офісы ў Латвіі.
Больш за 40% айцішнікаў плянуюць пераезд
15% ІТ-спэцыялістаў ужо не працуюць у Беларусі, такія дадзеныя апытаньня парталу Dev.by на канец студзеня. У верасьні партал праводзіў падобнае апытаньне; тых, хто зьехаў, тады было 4%. У апошнім апытаньні ўзялі ўдзел 1150 спэцыялістаў, большасьць — супрацоўнікі аўтсорсінгавых кампаній, траціна — прадуктавых.
40% апытаных заявілі, што маюць пляны зьехаць зь Беларусі. Яшчэ ў верасьні палова апытаных у падобным апытаньні казалі, што пакуль не плянуюць пераезд.
70% кіраўнікоў ІТ-кампаній чакаюць пагаршэньня ўмоў працы
Такія вынікі апытаньня, у якім узялі ўдзел 142 кіраўнікі беларускіх ІТ-кампаній. Апытаньне праводзілася ў рамках прафэсійнай супольнасьці Belarus IT Companies Club (BICC) у студзені гэтага году і было прысьвечана ўплыву на IТ-галіну павышэньня падаходнага падатку з 9% да 13%.