Агульная сума сакавіцкіх штрафаў ёй складае 7540 рублёў.
Аліна Скрабунова ў сакавіку праходзіла абвінавачанай у дзесяці адміністрацыйных справах. Пастановы аб ейным пакараньні выносілі судзьдзі Максім Курпачэнка, Вольга Палуян, Алена Гуляшова, Жанна Пушкіна, Натальля Аўсеенка, Вольга Краўчанка.
Доказамі віны Скрабуновай сталі фота і відэаздымкі, якія апэратыўнікі знайшлі ў ейным кампутары пасьля ператрусу кватэры 5 лютага.
Большасьць сюжэтаў, апублікаваных на сайце тэлеканалу «Белсат», у вырабе якіх абвінавацілі Скрабунову, тычыліся судовых працэсаў у Магілёве, а таксама рэпартаж аб журналістцы Дар’і Чульцовай, асуджанай разам з Кацярынай Андрэевай за стрым у Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналістак «Белсату» Андрэеву і Чульцову пакаралі 2 гадамі турмы за стрым з «плошчы Перамен». ФОТА і ВІДЭАСама журналістка прысутнічала на працэсе 5 сакавіка. На астатніх яе не было. Паводле зьвестак, агучаных у судзе 18 сакавіка, яна знаходзіцца за мяжою.
Аліна Скрабунова перасьлед за сваю журналісцкую дзейнасьць лічыць палітычна матываваным і беспрэцэдэнтным. На яе думку, тыя, хто яго ажыцьцяўляе, «робіць кар’еру на лёгкай ахвяры». Паводле журналісткі, у матэрыялах справаў, зь якімі яна знаёмілася, шмат памылак, на якія суд не зьвяртае ўвагі.
«У іх ёсьць загад — значыць, будзе штраф. І даказваць сваю невінаватасьць бессэнсоўна», — камэнтуе сытуацыю Аліна Скрабунова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Магілёве ў журналістаў «Белсату» міліцыя забрала тэхніку