«Аптымізуем іншыя расходы». Мінадукацыі Беларусі заблякавала рашэньні ВНУ аб росьце аплаты за навучаньне

Студэнцкая актыўнасьць, кастрычнік 2020

Міністар адукацыі Ігар Карпенка адрэагаваў на інфармацыю пра падвышэньне цаны навучаньня ў дзяржаўных ВНУ. Па яго словах, пытаньне абмяркоўвалася, але рашэньне пакуль не прынятае.

«Сапраўды, пытаньне росту цэнаў для студэнтаў-платнікаў абмяркоўваўся на нарадзе рэктараў, — адзначыў ён. — Разам з тым, міністэрства вывучыла магчымасьці ўстановаў вышэйшай і сярэдняй спэцыяльнай адукацыі па кампэнсацыі дадатковых выдаткаў, зьвязаных з падвышэньнем ад 1 студзеня заробнай платы работнікаў ВНУ і іншых затратаў пры рэалізацыі адукацыйных праграмаў на платнай аснове. Прынятае рашэньне не падвышаць вызначаную аплату».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ВНУ Беларусі падвышаюць кошт навучаньня для студэнтаў-платнікаў

Падвышэньне заробкаў і іншых выдаткаў на рэалізацыю адукацыйных праграмаў будзе ажыцьцяўляцца за кошт «аптымізацыі іншых расходаў», дадаў міністар.

Напярэдадні адміністрацыі шэраг ВНУ Беларусі папярэдзілі, што ад 1 красавіка чакаецца рост аплаты за навучаньне студэнтаў-платнікаў ад 5 да 12%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля пратэстаў пацярпелі 113 выкладчыкаў і навукоўцаў. Палове зь іх дапамаглі ў працаўладкаваньні

Аднак некаторыя студэнты наракаюць, што ў іх навучальных установах тарыфы растуць без аніякага ўзгадненьня з галіновым міністэрствам.

«Вучуся ў Акадэміі мастацтваў на завочным аддзяленьні, 5 курс. Да пастаяннага росту аплаты мы ўжо прызвычаіліся, як правіла, гэта плюс 50-70 рублёў у пачатку кожнага навучальнага году. А перад гэтым сэмэстрам кошты зноў паднялі — амаль на 200 рублёў адразу. Калі па маёй спэцыяльнасьці „телеапэратара“ было 1494 рублі на год, то згодна з новым загадам рэктара ад 29 студзеня ажно 1676 рублёў. Для параўнаньня, на 1 курсе плацілі 960 рублёў», — паведаміў Свабодзе завочнік Акадэміі мастацтваў.