Кошт навучаньня ў БДУ скарэктуюць «у сувязі з узросшымі выдаткамі на аплату працы, камунальныя і іншыя паслугі», сказалі Tut.by у прэс-службе ўнівэрсытэту, удакладніўшы, што гэта адбудзецца «бліжэйшым часам».
Год таму аплата за два сэмэстры вырасла да 500 рублёў, якога падвышэньня чакаць гэтым разам — пакуль невядома.
Рост платы за навучаньне ад 1 красавіка плянуецца ў Беларускім дзяржаўным пэдагагічным унівэрсытэце — на 5%.
«Даплата да канца навучальнага году (за красавік, травень, чэрвень) на дзённым аддзяленьні ў сярэднім складзе 23–46 рублёў, на завочным — ад 12 да 23 рублёў. Гэта зьвязана з тым, што 1 студзеня вырасла базавая стаўка (з 185 да 195 рублёў) і мінімальны заробак (з 375 да 400 рублёў)», — патлумачылі ў ВНУ.
Насамрэч цэны падвысяцца істотней, як вынікае з дакумэнту, апублікаванага ў тэлеграм-канале «Отчислено». Калі на пачатку навучальнага году першакурсьнікі спэцыяльнасьцяў з вывучэньнем замежнай мовы плацілі 2932 рублі, цяпер гэта будзе каштаваць 3078 рублёў. Рост — 146 рублёў.
Падняць цану за навучаньне пастанавілі і ў Гомельскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Францішка Скарыны. Ад 1 красавіка навучаньне для першакурсьнікаў падаражэе на 5% і будзе каштаваць амаль 3000 рублёў.
Падаражэе навучаньне і ў Беларускім нацыянальным тэхнічным унівэрсытэце. Калі і на колькі — інфармацыя мае зьявіцца на сайце БНТУ.
Апошні раз цэны для платнікаў падвышаліся ў лютым-сакавіку 2020-га. Навучаньне ў БДУ тады падаражэла на 12%, або на 400–500 рублёў за год. БНТУ, БДЭУ, Берасьцейскі дзяржунівэрсытэт паднялі цэны на 5–10%.