У алімпійскай прызэркі, плыўчыхі Аляксандры Герасімені могуць забраць 15 сотак у менскай Весьнінцы (Дразды-2), дзе ўжо збудаваны дом. Цяпер ідуць суды.
Камэнтуючы Свабодзе гэтую сытуацыю, Аляксандра Герасіменя напісала:
«Шчыра кажучы, наогул не хацела б камэнтаваць гэтую чарнату, усё і так зразумела, чаму да мяне такое асаблівае стаўленьне».
Як паведаміў партал Onliner, усё было нармальна, пакуль Генпракуратура не знайшла «невыкананьне патрабаваньняў пры падрыхтоўцы праектнай дакумэнтацыі». У выніку гарадзкія ўлады пачалі адмяняць свае ж рашэньні адносна канкрэтнага дому. Цяпер справа разглядаецца ў судзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Герасіменя пра дзяржаўную прапаганду: Як можна ставіцца да людзей з хворай псыхікай?Як зьявіўся дом
Аляксандра Герасіменя ў траўні 2018 году накіравала ў Менгарвыканкам ліст, у якім прасіла даць ёй зямлю ў любым месцы сталіцы. Ёй выдзелілі 15 сотак у Весьнінцы — у пажыцьцёвае спадчыннае валоданьне. Мэтавае прызначэньне — для будаўніцтва і абслугоўваньня аднакватэрнага (блякаванага) жылога дому.
З улікам загружанасьці спартоўкі будаўніцтвам і афармленьнем дакумэнтаў па даверанасьці займаўся яе бацька Віктар Іванавіч. Да працы прыступілі ўвесну 2019 году, узьвялі аднапавярховы дом на 200 квадратных мэтраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Герасіменя — Лукашэнку: «Беларускі народ вас ненавідзіць»Ліст з Генпракуратуры
Летась у лістападзе адміністрацыя Цэнтральнага раёну Менску падпісала акт прыёмкі дому ў эксплюатацыю і дазволіла дзяржаўную рэгістрацыю. Але нечакана зьявілася прадпісаньне Генпракуратуры, згодна зь якім ведамства выявіла «адсутнасьць у праектнай дакумэнтацыі часткі «Ахова навакольнага асяродзьдзя».
Копію дакумэнта даслалі 26 студзеня. А 6 лютага, ужо з новага ліста Менгарвыканкаму, сям’я даведалася, што адміністрацыя Цэнтральнага раёну адмяніла сваё ж рашэньне аб прыёмцы дому ў эксплюатацыю.
Менгарвыканкам таксама папярэдзіў, што Герасімені неабходна да 5 сакавіка разабрацца з праектнай дакумэнтацыяй, інакш участак будзе канфіскаваны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта быў адзін з наймацнейшых удараў, калі мы пасьмелі „адкрыць рот“». Герасіменя пра Лукашэнку і «здраду» спартоўцаў«Паставілі заведама невыканальныя ўмовы»
«Я быў у шоку. Спачатку ад агучанага тэрміну — немагчыма менш як за тры тыдні (ліст я атрымаў толькі 18 лютага) распрацаваць і ўзгадніць з усімі службамі праектную дакумэнтацыю. На практыцы на гэта сыходзіць мінімум паўгода. Гэта значыць, нам заведама паставілі невыканальныя ўмовы. А потым, ад ніводнага праектанта я ня чуў пра неабходнасьць распрацоўваць „Ахову навакольнага асяродзьдзя“ для дамоў пятай клясы складанасьці (гэта значыць, самых простых)», — кажа бацька Аляксандры Герасімені.
Цяпер Віктар Іванавіч аспрэчвае рашэньні Менгарвыканкаму і адміністрацыі Цэнтральнага раёну, спрабуючы даказаць, што яны парушаюць законныя інтарэсы і правы яго дачкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Герасіменя: Паўстаньне спартоўцаў нанесла неацэнны ўдар па ЛукашэнкуНя выключана, што сапраўдныя прычыны палягаюць у грамадзянскай пазыцыі Аляксандры Герасімені. Пасьля выбараў і гвалту з боку сілавікоў яна выразна акрэсьліла сваё стаўленьне да падзеяў у краіне і разам зь іншымі калегамі стварыла Свабоднае аб’яднаньне спартоўцаў, а пазьней узначаліла Фонд спартовай салідарнасьці. Летась у кастрычніку ў мэтах бясьпекі яна зьехала зь Менску ў Вільню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Залатая рыбка» Герасіменя зрабілася «першай ластаўкай»