Старшыню Фэдэрацыі хакею Расеі Ўладзіслава Трацьцяка вывелі з кіраўніцтва міжнароднай фэдэрацыі

Уладзіслаў Трацьцяк

Адзін з самых знакамітых брамнікаў у гісторыі хакею, цяпер — дэпутат Дзярждумы Расеі Ўладзіслаў Трацьцяк пакінуў Раду Міжнароднай фэдэрацыі хакею.

У інтэрвію агенцтву «Інтэрфакс» Трацьцяк заявіў, што напісаў заяву аб выхадзе з рады добраахвотна, аднак яшчэ ў сьнежні мінулага году ў міжнародную фэдэрацыю прыйшло адпаведнае распараджэньне ад сусьветнага спартыўнага арбітражнага суду (CAS).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справаздача: былы кіраўнік усясьветнага біятлёну быў карумпаваны Расеяй

Распараджэньне было зьвязана з санкцыямі супраць расейскага спорту, уведзенымі пасьля некалькіх буйных допінгавых скандалаў. Санкцыі ў тым ліку прадугледжваюць, што асобы, якія зьяўляюцца дэпутатамі Дзярждумы РФ, ня маюць права на працягу двух гадоў уваходзіць у органы кіраваньня міжнародных спаровых фэдэрацый.

Па словах Трацяка, прадстаўнікі Міжнароднай фэдэрацыі хакею пісалі лісты ў яго падтрымку ў Сусьветную антыдопінгавую асацыяцыю, але там заявілі, што выключэньні з правілаў ня будуць зробленыя ні для каго. «Калі ёсьць такое рашэньне, дык мы павінны яго выконваць», — рэзюмаваў славуты ў мінулым брамнік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасьля жніўня гэта іншы чалавек». Былы трэнэр юнацкай хакейнай зборнай Беларусі — пра Баскава і сваю адстаўку

У прэс-службе Фэдэрацыі хакею Расеі, кіраўніком якой таксама зьяўляецца Трацьцяк, адзначылі, што «Ўладзіслаў Аляксандравіч працягне працу па ўсебаковым разьвіцьці айчыннага хакею і ўмацаваньні яго пазыцый на міжнароднай арэне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік фэдэрацыі хакею Расеі прапанаваў перанесьці беларускую частку чэмпіянату сьвету ў Пецярбург
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп падпісаў антыдопінгавы «закон Родчанкава»