14 абвінавачаных пратэстоўцаў, больш за 50 пацярпелых міліцыянтаў. Прызначылі дату суду ў «пінскай справе»

Пратэсты ў Пінску 9 жніўня 2020. Фота: Tut.by

Разгляд справы пройдзе ў Берасьці. Родныя абвінавачаных гавораць, што пінскія судзьдзі адмовіліся весьці працэс.

Пачатак працэсу ў так званай «пінскай справе» прызначылі ўжо на наступны тыдзень. Пра гэта Свабодзе расказала маці аднаго з абвінавачаных. Першапачаткова матэрыялы справы былі перададзеныя ў пінскі суд, аднак на пачатку сакавіка справу нечакана перадалі ў Берасьце.

«Нашых хлопцаў будуць судзіць 23 сакавіка, пачатак у 10:30, — расказала Свабодзе маці аднаго з абвінавачаных, Тацяна Рубец. — Суд Маскоўскага раёну Берасьця. Так пазначана ў пастанове».

Алег Рубец — адзін з 14 абвінавачаных. У канцы лютага яму споўнілася 19 гадоў. Пацярпелымі ў справе праходзяць больш за 50 пінскіх міліцыянтаў. Ці будуць яны дапытаныя на працэсе ў Берасьці асабіста, пакуль невядома.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пінскія судзьдзі ня хочуць весьці працэс». Фігурантаў «пінскай справы» перавялі ў Берасьце

Падзеі ў Пінску адбыліся ўвечары 9 жніўня 2020 году непадалёк ад гарвыканкаму. Неўзабаве пасьля абвяшчэньня папярэдніх афіцыйных вынікаў выбараў у цэнтры гораду сабралася вялікая колькасьць людзей. Паміж часткай зь іх і супрацоўнікамі пінскай міліцыі, якая патрабавала ад прысутных разысьціся, пачаўся канфлікт. У яго выніку міліцыянтаў некалькі разоў выцясьнялі з плошчы. Паводле афіцыйнай інфармацыі, у сутычках з жыхарамі Пінску пацярпелі 54 міліцыянты. Першыя затрыманьні ўдзельнікаў пратэстаў у Пінску адбыліся ўжо 10 жніўня, частка з падазраваных знаходзіцца ў вышуку дагэтуль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 18-гадовага палітвязьня Алега Рубца зьмясьцілі ў карцар пасьля галадоўкі

«Адвакатка змагла сустрэцца з сынам, — кажа Тацьцяна. — Ён настроены на працэс, разумее, праз што яму прыйдзецца прайсьці. Гэта яго шлях. Алег настроены станоўча. Ён ня ў паніцы, стараецца трымацца. Але просіць нас, каб былі без эмоцый. Баіцца, што калі пабачыць сьлёзы, то яму стане камяк у горле. Ня зможа даваць паказаньні».

Па словах Тацьцяны, на працэс зьбіраецца вялікая група родных абвінавачаных. Спачатку ўсе абвінавачаныя ў «пінскай справе» былі падзеленыя на групы. У Берасьце з баранавіцкага СІЗА першымі перавялі 10 чалавек. Але ў выніку іх усіх будуць судзіць разам. Фігурантаў «пінскай справы» абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкулу 293 («Масавыя беспарадкі»). Ён прадугледжвае пакараньне ад 3 да 8 гадоў пазбаўленьня волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дапаможа нам толькі цуд», — сваякі палітвязьняў зь Пінску, дзе пасьля выбараў пратэстоўцы прымусілі сілавікоў адступіць