Масква дабівалася дэзарыентацыі прыхільнікаў Джо Байдэна, укідваючы хлусьлівую інфармацыю.
Стратэгія Масквы была скіраваная на выкарыстаньне «падкантрольных сілаў, зьвязаных з расейскай выведкай, для перадачы наратываў» амэрыканскім СМІ, чыноўнікам і вядомым асобам, «у тым ліку блізкім да былога амэрыканскага прэзыдэнта Трампа і ягонай адміністрацыі», — гаворыцца ў паведамленьні.
Іран жа праводзіў «шматгранную кампанію прыхаванага ўплыву», каб перашкодзіць перавыбраньню Трампа, але Байдэна актыўна не прасоўваў, сьцьвярджае выведка. У Тэгеране хацелі адплаціць Трампу за тое, што ён вывеў ЗША з удзелу ў міжнароднай ядзернай угодзе з Іранам і ўвёў новыя санкцыі супраць Ірану.
Аналітыкі амэрыканскай выведкі таксама адзначылі спробы ўплыву на выбары ў ЗША з боку Кубы, Вэнэсуэлы і лібанскай радыкальнай групоўкі «Хезбала», аднак іх магчымасьці былі несувымерныя з магчымасьцямі Расеі і Ірана.
15-старонкавы даклад у аўторак апублікаваў офіс Дырэктара нацыянальнай выведкі ЗША.
Пазьней CNN паведаміла, што на наступным тыдні ЗША ўвядуць санкцыі за ўмяшаньне ў выбары супраць Расеі і Ірану.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскі дыплямат: Усе палітзьняволеныя ў Беларусі павінны быць вызваленыя