Расея з 17 сакавіка забараніла пастаўкі яблыкаў зь Берасьцейшчыны

Яблыкі

«Россельхознадзор» забараняе пастаўкі яблыкаў зь Берасьцейскай вобласьці Беларусі з прычыны спробаў правезьці польскія яблыкі пад выглядам беларускіх.

Рашэньне прынялі ў сувязі са спробамі ўвозу ў Расею санкцыйнай прадукцыі з тэрыторыі Беларусі, паведамляе агенцтва «Інтэрфакс-Захад» са спасылкай на Расьсельгаснагляд.

9 сакавіка на расейска-беларускай мяжы выявілі чарговы транспартны сродак, які перавозіў польскія яблыкі пад выглядам беларускай прадукцыі, вырашчанай у Берасьцейскай вобласьці.

Прадукцыя суправаджалася фітасанітарным сэртыфікатам, выдадзеным галоўнай дзяржаўнай інспэкцыяй па насеньняводзтве, карантыне і ахове расьлін Беларусі, які пацьвярджаў беларускае паходжаньне яблыкаў. Аднак маркіроўка сьведчыла аб тым, што яблыкі вырасьцілі ў Польшчы.

Абмежаваньні будуць дзейнічаць да падачы інфармацыі аб захадах, якія прымаюцца Беларусьсю для прадухіленьня такіх парушэньняў, і прызнаньня іх эфэктыўнасьці з боку Расьсельгаснагляду.

Пастаўкі гародніны і садавіны з краін Эўразьвязу забароненыя ў рамках харчовага эмбарга, якое дзейнічае ў Расеі ад жніўня 2014 году ў адказ на эўрапейскія санкцыі супраць расейскіх уладаў за анэксію Крыма і агрэсію на Данбасе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэкордная партыя гераіну трапіла ў Беларусь з Ірану транзытам праз Расею — больш за 500 кг

Зь Беларусі ў Расею нелегальна ідуць ня толькі яблыкі. Паводле нядаўняга расьсьледаваньня, кантрабанда зь Беларусі складае больш як палову расейскага нелегальнага тытунёвага рынку. І зарабляюць на гэтым бізнэсоўцы, набліжаныя да Аляксандра Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісты высьветлілі, як акружэньне Лукашэнкі зарабляе на кантрабандзе цыгарэтаў у Расею

Ёсьць кантрабанда і з другога боку. У пачатку лютага высьветлілася, што праз расейска-беларускую мяжу тры гады ішла кантрабанда прадукцыі вайсковага прызначэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз расейска-беларускую мяжу тры гады ішла кантрабанда прадукцыі вайсковага прызначэньня