Юрыст адміністрацыі Лукашэнкі Арцём Праскаловіч пакінуў працу яшчэ 13 жніўня, папярэдне апублікаваўшы допіс у сацсетках. Ён удзельнічаў у акцыях пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту, а цяпер далучыўся да Нацыянальнага антыкрызіснага кіраўніцтва, піша Tut.by.
Беларусь колішні чыноўнік пакінуў 8 студзеня, цяпер жыве ў Варшаве. Да каманды Паўла Латушкі далучыўся таму, што яго туды запрасілі.
Праскаловіч 14 гадоў працаваў на дзяржаўнай службе: 3 гады ў судзе Партызанскага раёну Менску, 5 гадоў у Міністэрстве юстыцыі і апошнія 6 гадоў — у Адміністрацыі прэзыдэнта. Там Праскаловіч займаў пасаду намесьніка начальніка ўпраўленьня заканадаўства ў праваахоўнай і вайсковай сфэрах Галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўленьня.
У сфэру яго адказнасьці ўваходзілі канстытуцыйнае будаўніцтва і праваахоўная дзейнасьць. Куратарам адпаведных сфэраў праваадносін ён будзе цяпер у структуры Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва.
Праскаловіч прызнаўся, што сыстэма праверак людзей, якія прыходзяць у адміністрацыю Лукашэнкі, не працуе так, як пра гэта часта думаюць, паколькі ён у 16 гадоў уваходзіў у «Малады фронт», фігураваў у крымінальнай справе Зьмітра Дашкевіча, і пры гэтым змог 14 гадоў пратрымацца ў дзяржаўнай сыстэме.
Заробак у адміністрацыі ў яго быў каля 1 тысячы даляраў, але «толькі два месяцы», потым зьнізіўся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яднайцеся!» — Латушка зьвярнуўся да чыноўнікаў, якіх незаконна звальняюцьЯк былы супрацоўнік суду, Праскаловіч выказаўся і пра суворыя прысуды, якія рэгулярна выносяць судзьдзі, што засталіся ў сыстэме.
«Рэжым быў абсалютна не гатовы да таго, што адбываецца, і судзьдзям даводзіцца апісваць адарваныя ад права, закону, аб’ектыўнай рэчаіснасьці рэчы, а часам, напэўна, і без усялякіх абгрунтаваньняў даваць людзям „суткі“ і тэрміны. Тлумачэньні, дасьледаваньне доказаў, прызнаньне іх дапушчальнымі — гэта ўсё адышло ў нябыт, проста „павінен сесьці“».
Матывацыя судзьдзяў заставацца на працы розная. На думку Праскаловіча, нехта чакае пэнсіі, нехта трымаецца за матэрыяльную выгаду, хтосьці зьяўляецца перакананым прыхільнікам улады. Акрамя таго, шэраг судзьдзяў у рэгіёнах баяцца не знайсьці ніякай працы пасьля сыходу.
Аб прысудах, якіх патрабуюць маладыя пракуроры, былы чыноўнік кажа, што «22-гадовую дзяўчыну 50-гадовы старшыня суду задушыць маральна і размажа так, што яна будзе судзіць каго заўгодна. А аднойчы пагадзіўшыся, далей ужо прасьцей».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Справа не ў шантажы». Абвінаваўца Аліна Касьянчык адказала аднаклясьнікам на публікацыю «Свабоды»Мае сваю думку Праскаловіч і пра нікчэмна нізкі адсотак апраўдальных прысудаў у Беларусі, які летась склаў 0,3%.
«Гэта дзіўная сыстэма, бо атрымліваецца, што колькасьць апраўдальных прысудаў сьведчыць аб дрэннай працы органаў сьледзтва. Фактычна рашэньне аб вінаватасьці або невінаватасьці рыхтуюць да суду і робяць усё, каб суд прыняў толькі адно рашэньне — вінаваты».
Каманда Латушкі, да якой Арцём далучыўся, не распрацоўвае праекту новай Канстытуцыі Беларусі, яна толькі дае свае камэнтары да праекту, якім займаецца група Анатоля Лябедзькі ў складзе каманды Сьвятланы Ціханоўскай. Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва больш займаецца «лічбавым рэфэрэндумам», пытаньнямі дзяржаўнага будаўніцтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якая Канстытуцыя патрэбная Беларусі — дыскутуюць Баграцоў і Пастухоў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба атакаваць». Адзін зь лідэраў сэрбскай рэвалюцыі — пра Беларусь, «руку Масквы» і стратэгію перамогі