Напярэдадні 12 сакавіка на судзе ён выглядаў бледным, моцна схуднелым, аднак усё роўна шмат гаварыў і рухаўся. Нават у клетцы ён заставаўся ў кайданках.
Вядома, што на адзінаццаты дзень Ігар Банцэр жывы і не зьмяніў свайго рашэньня наконт галадоўкі. Лекары кажуць, што ўжо на першым тыдні адмовы ад вады могуць наступіць незваротныя зьмены ў арганізме або сьмерць.
Напярэдадні ён прасіў у суду зьмяніць яму меру стрыманьня і выпусьціць з-пад варты, бо «ён выправіўся». Аднак судзьдзя Натальля Козел не задаволіла ягонага хадайніцтва, каб ён «не схаваўся ад перасьледу».
«Да панядзелка я дацягну, а далей, ня ведаю», — адказаў на гэта музыкант.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Да панядзелка я дацягну». Працягнуўся суд над рок-музыкантам, які дзясяты дзень трымае «сухую» галадоўкуНаступнае паседжаньне па ягонай справе прызначылі на 14:30 18 сакавіка, патэнцыйна 16-ы дзень галадоўкі, калі Банцэр ня спыніцца.
Ён абвясьціў «сухую» галадоўку ў пачатку свайго суду 3 сакавіка. Прычынамі назваў тое, што ягоная справа мае палітычныя матывы, а таксама незадаволенасьць палітычнымі падзеямі ў Беларусі. Патрабаваньні для спыненьня галадоўкі ня выставіў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я буду жыць у сваіх дзецях». Што піша ў лістах музыка, які 10-ы дзень трымае сухую галадоўкуГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці рок-музыканта з Горадні, які галадае на сухую: «Яго ніхто ня хоча пачуць»
Што варта ведаць па справе
- Ігара Банцэра судзяць за тое, што дэманстраваў палавыя органы перад міліцыянтам. Пазыцыя Банцэра: гэта быў пэрформанс з танцам, падчас якога ён зьняў шорты, але заставаўся ў стрынгах, а сьпераду яго прыкрывала паясная торбачка. Пацярпелы міліцыянт ня мае прэтэнзій да Банцэра, першапачаткова ён расцаніў ягоны ўчынак як п’яную выхадку, а не як крымінальнае злачынства.
- Банцэру пагражае да трох гадоў калёніі. Ён знаходзіцца пад вартай з 20 кастрычніка мінулага году. Яму 41 год, жанаты, мае траіх непаўналетніх дзяцей.
- Летась яго тройчы затрымлівалі за ўдзел у пратэставых акцыях, ён адседзеў у адміністрацыйных справах 18 сутак.
- За 4,5 месяца зьняволеньня Банцэр амаль увесь час сядзеў у адзіночнай камэры і некалькі разоў у карцары. Таксама яго высылалі на псыхіятрычную экспэртызу ў Навінкі. Экспэртыза паказала, што ён здаровы.
Хроніка палітычных галадовак пратэсту ў Беларусі
- 1990 год — галадоўка «апошняга дысыдэнта СССР», актывіста БНФ Валера Сядова. Сядова затрымалі за ўдзел у антыкамуністычным мітынгу. У СІЗА на вуліцы Валадарскага ён правёў 70 дзён і 32 зь іх галадаў.
- У 1996 годзе пасьля арышту на Чарнобыльскім шляху галадоўку абвесьцілі Вячаслаў Сіўчык і Юры Хадыка. Яны не прымалі ежу на працягу 21 дня.
- Самая працяглая палітычная галадоўка ў Беларусі адбылася ў 2005 годзе: 74 дні трымаў галадоўку прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч, які пратэставаў супраць незаконнага судовага перасьледу.
- У 2006 годзе 53 дні галадаў у віцебскай турме Аляксандар Казулін. 40 дзён галадаў за кратамі Сяргей Скрабец.
- У 2006 годзе галадалі сябры «Маладога фронту», сярод іх былі і дзяўчаты: Наста Палажанка, Наста Азарка. Азарка галадала 12 дзён, яе шпіталізавалі.
- У 2008 годзе амаль два тыдні ў Гомельскай калёніі галадала прадпрымальніца Святлана Дваранінава, якая дамагалася адмены прысуду.
- Таксама ў 2008 годзе наваполацкая прадпрымальніца Яўгенія Бачурная, якую абвінавацілі ў невяртаньні крэдыту, галадала ў Гомельскай калёніі больш за 2 тыдні. У выніку яна дамаглася, што яе брата і мужа тэрмінова дапыталі ў якасьці сьведак.
- На працягу 2019―2020 гадоў галадоўкі пратэсту абвяшчалі актывісткі руху «Матулі 328». Яны галадалі невялікімі групамі, акцыі працягваліся ў выглядзе эстафэты, дасягалі 22 дзён.