«Ён піша ў лістах: „Або перамога, або сьмерць“»
Тамара Мікалаеўна супраць галадоўкі сына, але як яго адгаварыць, ня ведае. Ігар у гэтых пытаньнях прынцыповы. Раней ён некалькі разоў галадаў, але тады піў ваду і выходзіў з галадовак нармальна. Трэцяга сакавіка ў судзе ён абвясьціў сухую галадоўку — то бок ня есьць і ня п’е. Незваротныя зьмены ў арганізьме пры гэтым могуць пачацца ў першы тыдзень. У якім дакладна сын цяпер стане, маці ня ведае.
«Я баюся, што яму пачнуць калоць уколы, а ў яго рука тут уся ў татуіроўках. Як мэдсястра пацэліць? Вось чаго я баюся. Сябры кажуць: «Тамарачка, прасі яго ад якіх хочаш імёнаў спыніць галадоўку неадкладна». Ён піша ў лістах: «Або перамога, або сьмерць», — кажа маці.
Ігар піша лісты ўсім сваякам паасобку. Маці атрымала ад яго тры лісты. Бацька носіць лісты ад сына ў кішэні каля сэрца.
«Гэта не выпрабаваньне. Выпрабаваньне — гэта падняцца на Эвэрэст на інвалідным вазку або нырнуць з аквалянгам бяз ног. Пакуль ёсьць рукі, ногі, пакуль на плячах галава, пакуль ты свабодны, значыць, у цябе ёсьць усё. Пакуль ты на нешта варты, шкадуй каго-небудзь яшчэ», — чытае ліст сына з-за кратаў маці.
«Яго ніхто ня хоча пачуць»
Банцэра судзяць за хуліганства: летась 5 верасьня станцаваў перад міліцэйскай машынай і сьцягнуў зь сябе шорты. Яго абвінавачваюць, што груба парушыў грамадзкі парадак, бо дэманстраваў палавыя органы. Пазыцыя Ігара: гэта быў пэрформанс, падчас якога ён заставаўся ў стрынгах, да таго ж сьпераду яго прыкрывала паясная торбачка.
«Ён шчыра выказвае свае думкі. Яму няма чаго хаваць, ён ня крадзе, не забівае. Надзеў вось стрынгі. Нашае пакаленьне ведае толькі „майткі“. Гэты момант не для нашых людзей, якія ня ведаюць ніжняй бялізны, нібыта жанчыны носяць стрынгі, а мужчыны не. Ён што, зусім дурны ў 41 год агаляцца перад міліцыянтам?» — кажа Тамара Мікалаеўна.
Яна ходзіць на паседжаньні суду над сынам. На ейную думку, Ігар у судзе ня ўмее сябе абараніць.
«Ён павінен быў бы казаць увесь час: „Я быў у стрынгах“. А ён на паседжаньні стаяў ніякі. Ён кажа: „Я ж кажу“, але яго ніхто ня хоча пачуць», — успамінае маці, як сын паводзіў сябе на судзе.
Тамара Мікалаеўна суцяшае сябе тым, што Чайкоўскага і Бродзкага таксама не разумелі ў свой час, як цяпер, ёй здаецца, многія не разумеюць Ігара.
«Ён зьехаў у Навінкі, а я адразу Бродзкага ўзгадала — Савецкі Саюз», — кажа маці.
Ігара зь СІЗА вазілі на псыхіятрычную экспэртызу ў Менск, тая паказала, што ён адэкватны.
Як пераказвае маці, сын 5 верасьня адпачываў у клюбе, падышоў да міліцыянта і запытаўся, ці можа патанцаваць перад міліцэйскай машынай. Той дазволіў. Маці зразумела пэрформанс сына перад міліцэйскай машынай па-свойму.
«Стаўленьне да сёньняшняга дня. Так, ён танцуе. Хоць ён (Ігар. — РС) пажыў у сям’і афіцэра МУС, я ўбачыла ў гэтым: „Хлопцы, нешта ня тое вы зрабілі ў 2020 годзе“. Ён як мастак, як паэт, як музыкант выразіў сябе так гэтымі трыма сэкундамі», — мяркуе жанчына.
«За ўсё жыцьцё мо тры літры віна выпіў»
Ігар нарадзіўся ў Менску ў 1980 годзе, у яго ёсьць яшчэ малодшы брат. Бацька Раман Часлававіч працаваў у МУС, маці — выхавацелькай у дзіцячым садочку, была членам партыі, адзінай камуністкай у калектыве. Прабабуля Ігара Мяланья, якая «жыла на Нёмане», адразу запатрабавала: «Вязі, трэба дзіця Богу паказаць». Сябры сям’ю адгаворвалі.
«У нас ёсьць такое слова „талака“. Мая бабуля пазваніла і сказала прывезьці. Значыць, я прывязу», — кажа пра адносіны ў сям’і Тамара Мікалаеўна.
Бацьку, які скончыў політэхнічны інстытут, прапанавалі месца ў МУС, займацца будоўляй. Аднак пасьля праверкі ўсёй сям’і адмовілі.
«Не пасуе нацыя. У нас на сёньня ніводнага габрэя і паляка няма, толькі беларусы і рускія», — узгадвае прычыну адмовы суразмоўца.
Урэшце Рамана Часлававіча ўсё ж туды ўзялі на працу.
Тамара Мікалаеўна шмат расказвае пра сваіх продкаў. Кажа, што сям’я ведае свае карані да XVII стагодзьдзя. Дзед Ігара па кудзелі (па маці) Мікалай Серафімавіч вярнуўся з апошняй вайны толькі ў 1952 годзе з трыма раненьнямі, памёр у 44 гады. Бабуля Марыі Мікалаеўне цяпер 92. Дзед і бабка па мячы (па бацьку) былі лекарамі.
Сям’я Банцэраў пераехала ў Горадню, калі Ігар хадзіў у першую клясу. Хлопец скончыў школу са срэбраным мэдалём. Удзельнічаў у алімпіядах па геаграфіі, фізыцы, расейскай мове.
На судзе над Ігарам сваякі і сябры ўсьміхаліся, калі нехта даваў паказаньні, быццам Ігар быў п’яны. Па словах маці, ён звычайна не курыў і ня піў алькаголь. «За ўсё жыцьцё мо тры літры віна выпіў», — кажа яна.
Тамара Мікалаеўна ўзгадвае, як у пятай клясе Ігар назаўжды кінуў курыць, так і не пачаўшы. Дырэктар выклікаў бацькоў і сказаў, што школьнікі пачалі курыць.
Раман Часлававіч вярнуўся дахаты і патлумачыў сыну, як варта сябе паводзіць.
«Адчыняеш бар, бярэш пачак цыгарэт, ідзеш на кухню, бярэш папяльнічку, сядаеш і курыш. Ніколі не куры ні ў школьнай прыбіральні, ні за школай. Прыгожа, годна, сеў і пакурыў», — пераказвае словы мужа Тамара Мікалаеўна.
Яна сама пасьля гэтых словаў нагадала сыну, што ні ягоны бацька, ні ягоныя дзяды ніколі не курылі. «Таму думай, трэба табе гэта ці не». На наступны дзень сябры не паверылі Ігару, што бацькі дазволілі яму курыць. А ён сам больш ніколі ня браў цыгарэты.
«Вось так я выхоўвала сваіх сыноў», — падсумоўвае маці.
Неяк Тамара Мікалаеўна прыйшла ў школу і паглядзела школьны журнал свайго сына. Убачыла, што нехта ці не па кожным прадмеце адказвае кожны ўрок. Аказалася, Ігар.
«Я прыйшла дадому і кажу яму: «Ты вучысься выдатна. Але мне не падабаецца, што ты на кожным уроку адказваеш. Беражы сябе». Ён адказвае: «Мама, мне ня цяжка», — расказвае пра школьны пэрыяд маці.
«Мама, як ён можа хлусіць?»
Пасьля школы Ігар паступіў у Варшаўскі ўнівэрсытэт. Аднак у 20 гадоў у яго выявілі сур’ёзныя праблемы са здароўем. Каб выжыў, яму перасаджвалі касьцявы мозг ад брата Рамана.
«Падчас апэрацыі я сядзела, глядзела на фатаграфіі сваіх сыноў, на неба і казала: „Дзякуй Богу за мацярынства“. Я такое перажыла шчасьце», — прызнаецца Тамара Мікалаеўна.
Пасьля апэрацыі бацькі прапаноўвалі Ігару аднавіцца на вучобе, але той адмовіўся.
«Маці, нічога не хачу. Хачу проста жыць», — адказаў ён.
Каля 10 гадоў Ігар працаваў журналістам. Апошнія 5 гадоў сышоў у музыку цалкам. Маці аднойчы была на канцэрце сына ў Горадні. Калі Сяргею Міхалку дазволілі канцэрт у Беларусі, Банцэр крыўдаваў, што яму, «зорцы Нямеччыны і Польшчы», не дазваляюць.
«Я слухаю ягоныя дыскі ў машыне. Ёсьць там пару песень вельмі добрых, у яго добрыя тэксты», — мяркуе Тамара Мікалаеўна.
Па словах маці, перасьледаваць Ігара пачалі каля 10 гадоў таму, калі ён працаваў рэдактарам часопіса Magazyn Polski. Першыя разы яго затрымлівалі за тое, што нібыта лаяўся матам у грамадзкіх месцах. Адзін раз супраць яго сьведчыла пажылая жанчына, іншы раз міліцыянты.
«Мама, адзін хоць пачырванеў ад хлусьні, а другі стаяў і так нахабна казаў: „Так, вось гэты мацюгаўся“. Мама, як ён можа хлусіць?» — узгадвае зьдзіўленьне сына Тамара Мікалаеўна.
Падчас пратэстаў 2020 году Ігара затрымлівалі тройчы, агулам ён адседзеў 18 сутак. Пасьля першых сутак ён прыехаў да маці, расшпіліў штаны і паказаў сіні ніз жывата.
«Мама, мяне яшчэ мала білі, іншых білі больш», — сказаў Ігар маці.
Яна прасіла яго зьехаць за мяжу.
«Ён мне кажа: „Маці, тут мае могілкі. Чаму я павінен ехаць са сваёй зямлі?“, — успамінае словы сына Тамара Мікалаеўна. — Бацька яго ні разу ў кут не паставіў. Чаму ўлада сёньня так зьдзекуецца, б’е, у псыхушку яго? Ягоны ўнутраны сьвет свабодны, ён ня можа адкінуць яго», — кажа маці.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.