«Да панядзелка я дацягну». Працягнуўся суд над рок-музыкантам, які дзясяты дзень трымае «сухую» галадоўку

Ігар Банцар падчас судовага паседжаньня 12 сакавіка (скрыншот зь відэа)

Чарговае паседжаньне па справе Ігара Банцэра, які дзясяты дзень трымае галадоўку ў СІЗА, пачалося ў судзе Ленінскага раёну Горадні 12 сакавіка.

«Я адчуваю сябе цудоўна на дзясятыя суткі сухой галадоўкі», — заўважыў Банцэр.

Яго не дазволілі здымаць у судзе, папрасілі схаваць тэлефоны. Ігар Банцэр у клетцы ў кайданках. Выглядае моцна схуднелым і бледным, аднак увесь час рухаецца, стаіць з паднятымі рукамі ў кайданках. Перад тым як людзей пусьцілі ў залю, адтуль былі чуваць неразборлівыя крыкі Банцэра.

У калідоры суду: людзі, якія прыйшлі падтрымаць Ігара Банцэра

Справу разглядае судзьдзя Натальля Козел, дзяржаўны абвінаваўца — Віктар Нічыпарук, пацярпелы міліцыянт — Сяргей Багдзевіч.

Банцэр заявіў хадайніцтва, каб яго выпусьцілі з-пад варты.

«Я сядзеў на „Валадарцы“ з хворымі, забойцамі. Мяне часта блытаюць зь імі. Я не такі, як яны. Я зорка рок-н-ролу. Я выправіўся і гатовы гэта даказаць», — адзначыў Банцэр у заяве.

Судзьдзя не задаволіла яго хадайніцтва: Банцэра ня выпусьцілі з-пад варты, «каб не схаваўся ад перасьледу».

«Да панядзелка я дацягну, а далей ня ведаю», — пракрычаў Банцэр.

Сябры і сваякі Банцэра ў перапынку прасілі яго піць ваду і спыніць галадоўку, ён адказваў ім катэгарычна адмоўна.

На паседжаньне не прыйшоў сьведка, якога прасіў дапытаць Банцэр. У судзе абвясьцілі перапынак да 18 сакавіка, каб паўторна выклікаць гэтага сьведку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я буду жыць у сваіх дзецях». Што піша ў лістах музыка, які 10-ы дзень трымае сухую галадоўку

«Я хачу „Краіну для сьмерці“ арганізаваць»

На першым паседжаньні па сваёй справе 3 сакавіка Банцэр абвясьціў «сухую» галадоўку. Ён не выстаўляў канкрэтных умоваў, пры якіх пачне зноў піць і есьці, аднак назваў дзьве прычыны, якія яе выклікалі.

«У сувязі зь відавочнай палітычнай афарбоўкай маёй крымінальнай справы, а таксама ў знак нязгоды з тым, што адбываецца ў палітычным пляне ў Рэспубліцы Беларусь пасьля 8 жніўня 2020 году, я абвяшчаю „сухую“ галадоўку. Гэта адзіны, на маю думку, легальны спосаб выразіць свой пратэст супраць тых нэгатыўных працэсаў, якія адбываюцца цяпер у краіне, грамадзянінам якой я зьяўляюся, дзе я пражыў 41 год, і пакідаць краіну я ня маю намеру, нават пад пагрозай крымінальнага перасьледу», — заявіў Банцэр у судзе.

Банцэр даваў паказаньні ў судзе 4 сакавіка. Перад тым паседжаньнем ён шмат гаварыў. На просьбу маці «Беражы энэргію» сын адказаў так:

«Мама, быў адзін, які ашчаджаў энэргію, „Краіна для жыцьця“, сядзіць цяпер. Я хачу „Краіну для сьмерці“ арганізаваць. Паглядзім, дадуць мне ў гэтай краіне памерці або не на „сухой“ галадоўцы. „Краіна для жыцьця“ не пракаціла, можа, „Краіна для сьмерці“ пракоціць, а, грамадзянін начальнік? Люблю вас усёй душой і іншымі часткамі цела, але пра гэта ўжо ўчора было».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рашуча настроены». У якім стане рок-музыкант, які трымае сухую галадоўку дзявяты дзень

Ён адзначыў, што ягоны ўчынак у ноч на 5 верасьня быў арт-пэрформансам і часткай заходнеэўрапейскага мастацтва.

«Мы адстаём у культурным пляне на 50–70 гадоў (ад ЗША і Заходняй Эўропы). Мой арт-пэрформанс быў несвоечасовы. Трэба было 50 гадоў пачакаць. Але ў мяне няма гэтых 50 гадоў», — заўважыў Банцэр, параўноўваючы сябе з Эндзі Ўоргалам.

Музыкант часткова прызнаў сябе вінаватым.

«Я быў, я танцаваў, усім спадабалася. На відэа ёсьць людзі, якія кайфуюць. Я таксама кайфануў. Думаў, што і пацярпелы таксама кайфануў», — выказаўся Банцэр.

Ён выбачыўся перад пацярпелым міліцыянтам, а таксама паасобку перад усімі прысутнымі ў залі, называючы іх па імёнах. «З тым, што я сваім чэлесам падрываў аўтарытэт дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе, я не магу пагадзіцца», — некалькі разоў дадаў фігурант.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці рок-музыканта з Горадні, які галадае на сухую: «Яго ніхто ня хоча пачуць»

Банцэр шмат разоў падкрэсьліў, што падчас пэрформансу ён заставаўся ў стрынгах, таму ня мог дэманстраваць палавыя органы. Адмыслова падчас танцу перакінуў паясную торбачку наперад і прыкрыўся і ёй таксама.

«У пацярпелага цудоўны зрок, і 10 зь 10 ён выбівае на стрэльбішчы, як я зразумеў. За паўтары сэкунды ён убачыў у цемры мой чэлес, які быў прыкрыты барсеткай, якая мае яркую аквамарынавую афарбоўку і блішчыць уначы... Барсетка знаходзілася на месцы, дзе мае быць мой чэлес. Таму фізычна заўважыць мой чэлес немагчыма», — патлумачыў Банцэр.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мяне судзяць за танец». Рок-музыкант, якога судзяць за тое, што зьняў штаны, абвясьціў сухую галадоўку

Што варта ведаць па справе

  • Ігара Банцэра судзяць за тое, што дэманстраваў палавыя органы перад міліцыянтам. Пазыцыя Банцэра: гэта быў пэрформанс з танцам, падчас якога ён зьняў шорты, але заставаўся ў стрынгах, а сьпераду яго прыкрывала паясная торбачка. Пацярпелы міліцыянт ня мае прэтэнзій да Банцэра, першапачаткова ён расцаніў ягоны ўчынак як п’яную выхадку, а не як крымінальнае злачынства.
  • Банцэру пагражае да трох гадоў калёніі. Ён знаходзіцца пад вартай з 20 кастрычніка мінулага году. Яму 41 год, жанаты, мае траіх непаўналетніх дзяцей.
  • Летась яго тройчы затрымлівалі за ўдзел у пратэставых акцыях, ён адседзеў у адміністрацыйных справах 18 сутак.
  • За 4,5 месяца зьняволеньня Банцэр амаль увесь час сядзеў у адзіночнай камэры і некалькі разоў у карцары. Таксама яго высылалі на псыхіятрычную экспэртызу ў Навінкі. Экспэртыза паказала, што ён здаровы.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.