Нацбанк зноў пакінуў стаўку рэфінансаваньня бязь зьменаў. Што гэта значыць

Ужо другі раз Нацыянальны банк разглядаў стаўку рэфінасаваньня і другі раз пакінуў яе на ўзроўні 7,75%. Цяпер яна ніжэйшая, чым інфляцыя. Што гэта значыць і да чаго прывядзе.

12 сакавіка Нацбанк пакінуў стаўку рэфінансаваньня на ўзроўні 7,75%. Таксама рэгулятар адмяніў графік паседжаньняў аб пытаньнях грашова-крэдытнай палітыкі на 2021 год. Раней графік прадугледжваў чатыры квартальныя паседжаньні.

Ліквіднасьць банкаў пры гэтым будуць падтрымліваць праз крэдытныя аўкцыёны тэрмінам да 7 дзён у форме конкурсу працэнтных ставак ці па абвешчанай працэнтнай стаўцы. Гэта значыць, што калі банкі зьвярнуцца па грошы да Нацбанку, то крэдыты ім будуць выдаваць праз конкурс і не паводле стаўкі рэфінаснаваньня, а адпаведна «абвешчанай працэнтнай стаўцы».

Рашэньні ж аб зьмене стаўкі рэфінансаваньня Нацбанк будзе прымаць «па меры неабходнасьці». Гэта ўжо другое паседжаньне Нацбанку, дзе стаўку рэфінансаваньня вырашылі пакінуць бязь зьменаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чатыры крызісы, якія навісьлі над беларускай эканомікай. Тлумачыць экспэрт

Што гэта значыць

Стаўка рэфінансаваньня — гэта велічыня ў адсотках, менавіта пад такія адсоткі Нацбанк дае крэдыты банкам, а банкі могуць выдаваць гэтыя грошы ў выглядзе крэдытаў ці фінансаваць нейкія праграмы.

У Беларусі стаўка рэфінаснаваньня не працуе зь верасьня, тлумачыць старшы навуковы супрацоўнік Beroc Леў Львоўскі.

«Зараз замест абвяшчэньня стаўкі рэфінансаваньня і каб банкі бралі грошы пад гэтыя адсоткі, Нацбанк абвяшчае аўкцыён, калі захочацца, дзе выдае не любую колькасьць грошай, а толькі тую колькасьць, якую палічаць патрэбным. І грошы выдаюцца пад большыя адсоткі, чым стаўка рэфінансаваньня», — тлумачыць Леў Львоўскі.

Цяперашняе рашэньне Нацбанку ўносіць няпэўнасьць і непрадказальнасьць у эканоміку.

«Замест таго, каб у эканамічных агентаў сфармаваліся нейкія чаканьні, каб яны ведалі, пад якія стаўкі яны могуць атрымаць крэдыты, сказалі не чакаць нічога. Задача ўсіх цэнтрабанкаў сьвету — стварыць аўтарытэт і давер, зрабіць чаканьні эканамічных агентаў прадказальнымі. А тут ня будзе паседжаньняў аб стаўцы, ня будзе паседжаньняў аб грашова-крэдытнай палітыцы. Нацбанк, наадварот, уносіць няпэўнасьць у эканамічную сыстэму», — гаворыць Леў Львоўскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 лічбаў ад Нацбанку, якія кажуць аб праблемах у эканоміцы

Стаўка рэфінансаваньня ніжэйшая за інфляцыю

Гадавая інфляцыя ў лютым дасягнула 8,7%, значыць, цэны растуць, а стаўка рэфінансаваньня пры гэтым не мяняецца. Ад гэтага прайграюць банкі, а выйграюць тыя, хто браў крэдыт да пачатку эканамічных праблем.

«Людзям, якія ўзялі крэдыт, зьвязаны са стаўкай рэфінансаваньня, улетку, пашанцавала, а банкам не пашанцавала. Гэта тычыцца старых крэдытаў», — тлумачыць Леў Львоўскі.

Гэта значыць, працэнтная стаўка па крэдытах не зьмянілася, бо прывязаная да стаўкі рэфінансаваньня, а рубель патаньнеў, таму крэдыт стаў больш танны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад забараніў павышаць цэны на харчы і лекі. Разьбіраемся, да чаго гэта прывядзе