Пяцёра гульцоў ФК «Гомель» паведамілі, што кіраўніцтва клюбу выдала крытыку ў бок фанатаў за агульную пазыцыю каманды

Фанаты футбольнага клюбу «Гомель»

Фанаты футбольнага клюбу «Гомель»

Кіраўніцтва футбольнага клюбу «Гомель» нэгатыўна адрэагавала на заяву фанатаў пра байкот. Але гульцы падтрымалі сваіх заўзятараў.

Фанаты ФК «Гомель», як і прыхільнікі абсалютнай бальшыні іншых камандаў, спынілі актыўную падтрымку яшчэ ў жніўні 2020 году. Нядаўна яны пацьвердзілі намер працягваць байкот матчаў да зьмены палітычнай сытуацыі ў краіне.

Кіраўніцтва гомельскай каманды не ўхваліла такога рашэньня, заклікаўшы ня зьмешваць з футболам палітыку.

«Заява фанатаў пра байкот матчаў не супадае з пазыцыяй кіраўніцтва, трэнэраў, спартоўцаў і абсалютнай большасьці сапраўдных заўзятараў», — напісала прэс-служба каманды.

Магчыма, кіраўніцтва выдала сваю думку за агульную пазыцыю ўсіх футбалістаў каманды. Пра гэта можа сьведчыць тое, што на сваіх старонках у інстаграме пяцёра гульцоў «зялёна-белых» закрэсьлілі словы «спартоўцы» і «трэнэры» ў заяве ад імя клюбу.

Падтрымку фанатам у байкоце выказалі Яўген Іваненка, Павал Чыкіда, Руслан Юдзянкоў, Арцём Васькоў і Павал Цесьлюкевіч, паведаміў сайт by.tribuna.com.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заўзятары дзясятка футбольных клюбаў Беларусі заявілі, што да зьмены ўлады ня будуць наведваць матчы

Многія футбольныя фанаты заявілі, што і сёлета ня вернуцца на трыбуны, пакуль пры ўладзе застаецца Лукашэнка, а сілавікі працягваюць зьдзекі з пратэстоўцаў. Толькі фанаты менскіх «Крумкачоў», чые гульцы пацярпелі ад гвалту, пацьвердзілі, што працягнуць хадзіць на стадыён. Пры гэтым яны салідарныя з тымі ж патрабаваньнямі да ўлады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заўзятары «Крумкачоў» адмовіліся байкатаваць матчы сваёй каманды

У адказ сілавікі апублікавалі статыстыку крымінальных спраў супраць актыўных заўзятараў. Дзясяткі фанатаў зазналі крымінальны перасьлед за ўдзел у пратэстах супраць палітычнага рэжыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі са жніўня на 65 футбольных фанатаў завялі крымінальныя справы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цяперашняя палітыка вядзе ў тупік». Футбольны фанат аб рашэньні байкатаваць матчы чэмпіянату Беларусі