Прэзыдэнцкі ўказ № 85 ад 9 сакавіка 2021 г. «Аб выкарыстанні пазабюджэтных сродкаў» фактычна дае права структурам Міністэрства абароны, КДБ, Сьледчаму камітэту і памежнікам займацца камэрцыйнай дзейнасьцю. Пакуль толькі ў абмежаваных рамках.
Гаворка ідзе пра здачу другасных матэрыяльных рэсурсаў і каштоўных мэталаў. Але гэты факт сьведчыць пра многае.
Раней ужо даводзілася пісаць, што ў выніку падзей мінулага году будзе адбывацца эвалюцыя існага рэжыму, зьмяненьне ягонай прыроды. Па меры ўзрастаньня ролі сілавых структур у захаваньні цяперашняй сацыяльнай мадэлі будзе непазьбежна расьці іх палітычная вага. Яны становяцца яе сыстэмастваральным элемэнтам. Сілавікі пачнуць прэтэндаваць на сваю долю пры разьмеркаваньні рэсурсаў, захочуць мець уплыў на прыняцьцё палітычных рашэньняў. Здаецца, гэтыя прагнозы пачынаюць збывацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка абрынуўся на прыватны бізнэсАдметна, што гэты ўказ сілавікі пралабіявалі менавіта цяпер. Можна толькі ўявіць, якія адкрываюцца пэрспэктывы для сілавых структур у гэтым кірунку.
Маем шмат прыкладаў, калі у аўтарытарных рэжымах сілавікі становяцца неад’емнай часткай нацыянальнага бізнэсу. Напрыклад, у Расеі бяз «даху» паліцыі ці ФСБ немагчымая ніякая больш-менш значная камэрцыйная дзейнасьць.
А класікай жанру зьяўляецца Вэнэсуэла, дзе вайскоўцы сталі асноўнымі бізнэсоўцамі і калектыўнымі алігархамі. На гэтым і трымаецца рэжым Мадуры. Аднак тут ёсьць і праблема. Павышэньне эканамічнай і палітычнай вагі сілавікоў падточвае пэрсаналісцкі рэжым. Лукашэнка не прывык з кімсьці дзяліць уладу. Ён вельмі хваравіта ставіцца да любых памкненьняў у гэтым кірунку. Таму, калі працэс камэрцыялізацыі сілавых структур пачне набываць моц, гэта можа выліцца ў канфлікт.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка раздаў генэральскія пагоны сілавікам і свайму сыну Віктару, якога звольніў з пасады памочніка па нацбясьпецы