Выдавец са Смаргоняў ня здолеў абскардзіць прысуд за паклёп. Ён паедзе на «хімію»

Рамуальд Улан

Апэляцыю разгледзеў Горадзенскі абласны суд 11 сакавіка.

Індывідуальны прадпрымальнік са Смаргоняў на Горадзеншчыне Рамуальд Улан ня здолеў абскардзіць свой прысуд (2,5 года «хіміі») за паклёп на міліцыянтаў. Апэляцыю разглядала судовая калегія на чале з Андрэем Ліхачом.

56-гадовы Рамуальд Улан — заснавальнік закрытай уладамі «Новой газеты Сморгони» (1996-2005), наклад якой утрая перавышаў дзяржаўную раёнку «Светлы шлях», быў дэпутатам раённага савету дэпутатаў. У апошнія гады прапаноўваў паслугі друку, рэклямы, паліграфіі.

Улан папрасіў абласны суд далучыць да справы 220 подпісаў жыхароў Смаргоняў у ягоную падтрымку, а таксама дакумэнты аб інваліднасьці першай ступені ягонай маці, якую даглядае Ўлан.

Подпісы ў падтрымку Рамуальда Ўлана

Ён адзначыў, што хацеў захаваць для гісторыі факт супрацьстаяньня народу і міліцыянтаў як прадстаўнікоў улады, таму запосьціў у сацыяльных сетках фота з асабістымі зьвесткамі сямі міліцыянтаў, якія нібыта лжэсьведчылі ў судах. Ён падкрэсьліў, што гэтую ўлётку вырабляў ня ён, а нехта іншы. Да таго ж, па словах Улана, ён не праверыў, ці гэтыя зьвесткі праўдзівыя, але дапусьціў, што гэта можа быць праўдай.

«Горад шумеў, на вушах стаяў», — апісаў ён абстаноўку ў Смаргонях у тыя дні.

«Трэба ж думаць, перш чым нешта рабіць», — зазначыў судзьдзя Ліхач.

Пазоў на падставе артыкулу 188 Крымінальнага кодэксу (паклёп) падала група мясцовых міліцыянтаў. Вырак агучыў у студзені судзьдзя суду Смаргонскага раёну Сяргей Боландзь. Пракурор Андрэй Клышэвіч прасіў на паўгода больш. Акрамя таго, абвінавачаны мусіць сплаціць буйныя сумы пацярпелым за «маральныя пакуты» і значны судовы збор.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля воклічу «Жыве Беларусь» у Смаргонях завялі справу за хуліганства

Пасьля падзеяў жніўня ў Смаргонях зьявіліся ўлёткі з асабістымі зьвесткамі міліцыянтаў, якія, сьцьвярджаў невядомы, ілжэсьведчаць на судах супраць актывістаў. Рамуальд сфатаграфаваў тыя паперкі і разьмясьціў фота «ЎКантакце» пад камэнтарамі ў гарадзкой суполцы «Чуткі Смаргоняў».

Сямёра міліцыянтаў, якія там фігуравалі, падалі ў суд. Тое, што ён займаецца паслугамі друку, стала асноўным абгрунтаваньнем датычнасьці да тыражаваньня «паклёпніцкіх зьвестак».

Летась 26 верасьня ў рамках крымінальнай справы паводле артыкулу 188 Крымінальнага кодэксу (паклёп) у дома Ўлана і ў офісе прайшлі ператрусы, сілавікі канфіскавалі каляровыя прынтэры, сыстэмныя блёкі, пляншэты, тэлефоны — агулам блізу паўтара дзясятка адзінак. Прадпрымальніка падазравалі, што нібыта на ягоным абсталяваньні друкаваліся тыя самыя «крамольныя ўлёткі». І, хоць нічога не пацьвердзілася, справы не прыпынілі.

У той момант Рамуальда Ўлана падтрымалі ня толькі даўнія кліенты, а і неабыякавыя людзі — несьлі кампутары, прынтэры, паперу, каб ён мог працягваць дзейнасьць.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Двух менчукоў асудзілі на тры гады «хіміі» за інсталяцыю з фота Качанавай і Кубракова
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Назіральніка на парлямэнцкіх выбарах асудзілі на 2 гады «хіміі» за паклёп на сябраў выбарчай камісіі