«Тратыл і плястыд, прарыў мяжы на джыпе і гранатамёты»: Чым пужалі ў розныя гады спэцслужбы

Ілюстрацыйнае фота

Старшыня КДБ Іван Тэртэль заявіў, што ў Беларусі знайшлі тайнік «на дзясяткі кіляграмаў тратылу», а таксама затрымалі групу асобаў. Глядзім, чым яшчэ пужалі спэцслужбы і чым гэта скончылася.

Аб выяўленьні нейкай групы, у якой канфіскавалі арсэнал з тратылам і плястыдам, Лукашэнка паведаміў 5 сакавіка. Пазьней гэта пацьвердзіў старшыня КДБ Іван Тэртэль, ён таксама заявіў пра рыхтаваньне спробы дэстабілізаваць сытуацыю ў Беларусі 25–27 сакавіка. Каго канкрэтна затрымалі і ў чым абвінавачваюць — невядома. МЗС Украіны назвала словы Тэртэля пра пастаўкі зброі з Украіны ў Беларусь «лухтой».

Глядзім, а якія яшчэ гісторыі расказвалі спэцслужбы і чым гэта скончылася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заяўнікі сьвяткаваньня Дня Волі ў Менску адказалі на словы старшыні КДБ пра нібыта падрыхтаваныя «правакацыі»

2006 год. Дохлыя пацукі і захоп улады

21 лютага 2006 году, яшчэ да дня выбараў, арыштавалі лідэраў незарэгістраванай ініцыятывы назіраньня за выбарамі «Партнэрства» Цімафея Дранчука, Мікалая Астрэйку, Аляксандра Шалайку і Эніру Браніцкую. Усіх абвінавацілі ў намеры захапіць уладу.

Тагачасны кіраўнік КДБ Сьцяпан Сухарэнка на прэс-канфэрэнцыі заявіў, што за мяжой перад выбарамі ў Беларусі рыхтавалі баевікоў. Таксама ён прадэманстраваў відэа, на якім невядомы чалавек кажа, што праходзіў навучаньне ў Грузіі, каб «масава атруціць людзей». Для гэтага трэба было «злавіць пацука, забіць яго і кінуць у сыстэму водазабесьпячэньня».

ПЛОШЧА-2006

Пазьней арыштаваных актывістаў судзілі не за намер захапіць уладу і не за пацукоў, а за незаконную арганізацыю дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня. Актывісты атрымалі тэрміны зьняволеньня ад некалькіх месяцаў да 2 гадоў. Намётавае мястэчка на Кастрычніцкай плошчы разагнаў АМАП, а затрыманым там людзям прысудзілі суткі і штрафы.

2010 год. Гранатамёты і аўтаматы для захопнікаў Дому ўраду

У прапагандысцкім фільме «Жалезам па шкле», які паказала дзяржаўная тэлевізія ўжо пасьля выбараў, расказвалі, што 17 сьнежня сілавікі знайшлі ў нейкім менскім гаражы «аўтаматы Калашнікава, гранатамёты «Муха», пісталет, патроны і тратылавыя шашкі.

Усё гэта нібыта прызначалася для захопнікаў Дому ўраду. Чый гэта быў арсэнал і які ягоны далейшы лёс, не ўдакладнялася ні на судзе, ні ў матэрыялах крымінальнай справы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дохлыя пацукі, баевікі, прарыў мяжы. Як улады рэагавалі на выбары і масавыя пратэсты ў Беларусі

Увечары 19 сьнежня невядомыя атакавалі калёну Ўладзімера Някляева, на той момант яшчэ кандыдата ў прэзыдэнты, які рухаўся з паплечнікамі на Кастрычніцкую плошчу.

Сьпярша ягоны мікрааўтобус спынілі супрацоўнікі ДАІ, а пасьля калёну закідалі сьвятлашумавымі гранатамі, а самога кандыдата моцна зьбілі. Хто былі тыя нападнікі, незразумела па сёньня. Пазьней на судзе над Някляевым прагучыць інфармацыя, што ў мікрааўтобусе знайшлі «арматуру і дымавыя шашкі». Паходжаньня гэтых прадметаў суд не патлумачыў, а актывісты заявілі, што бусік, пра які напісаў у рапарце КДБ і які пасьля паказалі па дзяржаўнай тэлевізіі, — ня той, які суправаджаў дэманстрантаў.

Плошча-2010 у Менску. Як гэта было. ФОТА

2017 год. Прарыў мяжы і баевікі пад Бабруйскам

21 сакавіка, перад заплянаванай масавай акцыяй на Дзень Волі, Аляксандар Лукашэнка заявіў пра трэнавальныя лягеры баевікоў пад Бабруйскам і Асіповічамі, і ўжо праз пару гадзін пачаліся затрыманьні ў «справе патрыётаў».

Агулам праз падазрэньне ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і ўдзеле ў незаконным узброеным фармаваньні затрымалі 35 чалавек. Сярод фігурантаў былі вайскоўцы, гісторыкі, дызайнэры, памежнікі, рамесьнікі, актывісты зарэгістраванага ў Чэхіі «Маладога фронту».

Справа пачалася нібыта зь ліста невядомай грамадзянкі Нямеччыны «фраў А.» на імя Лукашэнкі пра тое, што 25 сакавіка ў Менску рыхтуюцца правакацыі. Справа нават не дайшла да суду, усіх фігурантаў адпусьцілі праз два месяцы пасьля затрыманьня без усялякіх кампэнсацыяў і прабачэньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як пачалася, разьвівалася і развалілася «справа Белага легіёну»

Тады ж паведамлялі аб прарыве беларускай мяжы з боку Ўкраіны джыпам з баевікамі. Гэтага джыпа таксама не знайшлі, а ўкраінскі бок заявіў, што такога інцыдэнту проста не было.

25 сакавіка 2017 году скончылася брутальным разгонам пратэстоўцаў, на вуліцу вывелі вадамёты, АМАП меў зброю з гумовымі кулямі. Затрымалі сотні людзей.

2020 год. 200 баевікоў для дэстабілізацыі абстаноўкі

29 ліпеня агенцтва БЕЛТА са спасылкай на праваахоўныя органы паведаміла, што ў Беларусь прыбылі «больш як 200 баевікоў для дэстабілізацыі абстаноўкі ў пэрыяд выбарчай кампаніі». Уночы на 28 ліпеня 33 зь іх былі затрыманыя ў санаторыі пад Менскам.

Пазьней высьветлілася, што ў Беларусі затрымалі ўдзельнікаў расейскага прыватнага вайсковага агенцтва «Вагнэр». Усіх іх вярнулі назад у Расею. А вось дзе яшчэ 167 баевікоў і чаму іх так і не знайшлі, сілавікі не паведамілі па сёньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парашэнка заявіў, што сарваную ў Менску апэрацыю затрыманьня вагнэраўцаў плянавалі падчас ягонага прэзыдэнцтва

2020 год. 900 тысяч даляраў за канапай у Ціханоўскага

У траўні мінулага году па ўсёй Беларусі людзі станавіліся ў вялізныя чэргі, каб падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў. 29 траўня пікет па зборы подпісаў праходзіў у Горадні, зьбіралі подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую, на пікеце прысутнічаў кіраўнік ейнага штабу і муж — Сяргей Ціханоўскі.

У Горадні блогера пачалі настойліва распытваць дзьве жанчыны (адну зь іх пасьля ідэнтыфікавалі ў сацыяльных сетках), да Ціханоўскага падышлі міліцыянты, і ў нейкі момант адзін зь міліцыянтаў апынуўся на зямлі. На відэа відаць, што сам Ціханоўскі да яго не дакранаўся. Ціханоўскага затрымалі, з таго часу ён у турме.

За 4 гадзіны да гэтага затрыманьня Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з рабочымі МТЗ апісаў напад на міліцыянта падчас меркаванага пікету Ціханоўскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра арышт Ціханоўскага: «Так, я даў сыгнал»

На лецішчы ў Сяргея Ціханоўскага за канапай нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў (грошы адшукала толькі трэцяя брыгада сьледчых, якая прыехала на ператрус). Што гэта за грошы і на што яны павінны былі ісьці, па сёньня не зразумела. Сам Сяргей Ціханоўскі на адным з судоў па адміністрацыйнай справе з гэтай інфармацыі пасьмяяўся.