«Мы — пэнсіянэры. Мы ня хочам нікім кіраваць, ня хочам нікога заваёўваць. Мы хочам дапамагчы кожнаму ўсьвядоміць прававое самаўпраўства дзейнай улады. Таму выходзілі на мірныя пратэсты, пачынаючы з 5 кастрычніка 2020 году. Каб кожны з нас — няхай гэта будзе нават памагаты рэжыму — зразумеў, што ён Чалавек з правам выбару», — публікуе зварот тэлеграм-канал «Пэнсіянэры 97%».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ты ў трывожным чаканьні». Як жыве пэнсіянэр на «хатняй хіміі». ФОТА«У аднаго мужчыны 9 жніўня амапаўцы зьбілі і скалечылі сына. Цяпер бацька выходзіць замест яго», — расказвае ўдзельніца маршаў.
«Майго лепшага студэнта за плякат „Я — супраць гвалту!“ зьбівалі ўчатырох. Адбітыя ныркі. Я выходжу за яго», — гэта словы выкладчыка.
«Мой сын 10 жніўня не вярнуўся з працы. Зьнік. На трэція суткі яго прывезьлі валянтэры зь перабітымі нагамі. Як я магу прыняць гэта?»
«12 кастрычніка пры разгоне маршу пэнсіянэраў сілавікі ўжылі сьвятлашумавыя патроны „Оса“ і сьлезацечны газ. Было цяжка дыхаць. У мяне да ночы гарэў твар», — напісала 69-гадовая пэнсіянэрка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхарку Менску, якая перажыла Галакост, аштрафавалі на 810 рублёў нібыта за ўдзел у маршы пратэсту79-гадовую Ларысу Соўсь, якая перажыла Галакост, затрымалі 6 сьнежня. Яна кінулася абараняць хлопца, якога цягнулі супрацоўнікі АМАП. Абаіх забралі ў Кастрычніцкі РУУС.
«Я заўважыла, што было шмат пабітых, — расказвае спадарыня Ларыса. — Села недалёка ад хлопца, якога забіралі на маіх вачах. У яго была рана на сьцягне. 4 гадзіны я праседзела ў РУУС, і ўвесь гэты час зь яго нагі капала і капала кроў. Я гладзіла яго па галаве і старалася падтрымаць, быццам гэта мой сын або ўнук».
8 сьнежня ў Савецкім судзе Менску асудзілі 66-гадовую Валянціну Хілюціч. Перад судом яна скардзілася на праблемы з сэрцам і на тое, што часам траціць прытомнасьць. Ад судзьдзя прызначыла 10 сутак арышту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэнсіянэрку аштрафавалі за «Марш мудрасьці» і забралі завушніцы да выплаты штрафу14 сьнежня адбыліся масавыя затрыманьні пэнсіянэраў на плошчы Незалежнасьці. За «карагод вакол ёлкі» больш за сотню пажылых людзей запхнулі ў аўтобусы і павезьлі ў РУУС. Найстарэйшай, Валерыі Сьпірыдонавай, споўнілася 89 гадоў. «Прайдзіце ў аўтобус, праверым дадзеныя і адпусьцім», — абяцалі людзі ў форме. Але многіх асудзілі на «суткі», далі штрафы.
Жодзінскі суд аштрафаваў 75-гадовую Іраіду Міско на 1,5 яе пэнсіі за тое, што выказвала свой пратэст зь бел-чырвона-белай пасьцілой у руках. Прыходзілі зь ператрусамі, канфіскавалі кампутар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выказвала пратэст зэфіркай». Суд у Жодзіне пакараў пэнсіянэркуШасьцярых пэнсіянэрак, якія займаліся ў лесе скандынаўскай хадой, затрымалі пад Віцебскам. «Нас акружылі людзі ў чорным», — пасьпела паведаміць адна з жанчын мужу, сувязь абарвалася.
«Тры разы ў ізалятары я прасіла выклікаць лекара, але на мае скаргі ніхто не рэагаваў», — апавядае 57-гадовая гомельская настаўніца Алена Літвінава. Жанчына правяла 5 сутак у ІЧУ, чакаючы суду. Пры тым, што заканадаўства дазваляе затрымліваць па адміністрацыйнай справе толькі на 72 гадзіны. Лекаў не перадалі, дапамогі не аказалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У мяне вісеў сьцяг. Каб было відаць, за каго я галасавала». 87-гадовую Лізавету Бурсаву асудзілі за сьцяг на бальконеЧэмпіёнку СССР па кулявой стральбе 87-гадовую Лізавету Бурсаву пакаралі штрафам за бел-чырвона-белы сьцяг на бальконе. «Дажыла яшчэ да аднаго фашызму ў сваёй краіне», — пракамэнтавала яна.
Галіна Дзербыш, 59 гадоў. «Бабулю-тэрарыстку» з-пад Горадні затрымалі 10 сьнежня. Са слоў знаёмых, яна чалавек з залатым сэрцам — дапамагала людзям і бяздомным жывёлам. КДБ унёс яе ў сьпіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці. У яе анкалёгія і праблемы з сэрцам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 84-гадовага Яна Грыба аштрафавалі на 1160 рублёў, ён адмовіўся заходзіць у залю паседжаньняў84-гадовы Ян Грыб — удзельнік многіх маршаў. Яго на пачатку студзеня сілай забралі з дому і адвезьлі ў суд. Удзельнічаць у паседжаньні ён адмовіўся: «Гэта не суды, гэта — цырк. Вы не кіруецеся ні Канстытуцыяй, ні законамі. Не саромеецеся нават у інваліда, старога чалавека, забіраць апошні кавалак хлеба». Яму прысудзілі штраф памерам у некалькі пэнсій.
Ніна Багінская — 74-гадовая жанчына, якую затрымлівалі дзясяткі разоў. Далікатная бабуля са сьцягам ня раз натхняла людзей на маршах. І хоць Лукашэнка загадаў «не забіраць яе з плошчаў», 5 лістапада сілавікі правялі ў яе дома ператрус. «Фактычна я спонсар міліцыянтаў, таму я іх не баюся. Заб’яце мяне — хто ж вам зарплату заплаціць? Вы ж 50% маёй пэнсіі забіраеце, крадзяце», — казала яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ніна Багінская расказвае пра сваё знакамітае паліто, якому 100 год. ВІДЭА83-гадовы Рыгор Шадурскі — экс-футбаліст сталічнага «Тарпэда», хакеіст зборнай БССР, разам з многімі выходзіў на пратэставыя маршы. «Што мною рухала? Я — беларус. Заўсёды лічыў, што лепей за Беларусь быць ня можа».
20 сьнежня яго затрымалі і паставілі да сьцяны з паднятымі рукамі. У такой позе прастаяў 1,5 гадзіны. Пазьней, ужо дома, паказаў дзьве фатаграфіі. На адной менчукі з паднятымі рукамі каля сьцяны РУУС, на другой — тая ж карціна часоў вайны.
Алену Гнаўк зь Берасьця затрымлівалі некалькі разоў, яна адседзела 15 сутак, сплаціла мноства штрафаў. І працягвае рабіць так, як загадае сумленьне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справа пэнсіянэрак: 15 сутак паводле пастановы, падрыхтаванай яшчэ да пачатку працэсуУ першы вясновы дзень судзілі пэнсіянэрак, затрыманых у электрычцы за чытаньне кніг на беларускай мове. Вэтэрану працы, пэнсіянэрцы з анкалёгіяй Галіне Гулянковай далі 20 сутак арышту. Астатнія атрымалі па 15–20 сутак арышту і штрафы ў памеры ад 2 да 5 пэнсій.
У Беларусі няма суполак пажылых людзей. Тройчы спрабавалі зарэгістраваць грамадзкае аб’яднаньне пэнсіянэраў «Наша пакаленьне» і атрымлівалі адмовы. У краіне немагчыма існаваньне ініцыятывы без праявы ляяльнасьці да ўлады, пішуць пэнсіянэры, заклікаючы сусьветную супольнасьць зьвярнуць увагу на парушэньне правоў грамадзянаў і ўзьняць пытаньне аб пакараньні вінаватых у Міжнародным судзе.