Выглядае, што 66-гадовую жанчыну затрымалі за камэнтар у Тэлеграм, але дакладна сваякам ніхто нічога не тлумачыў.
«Ранкам 7 сакавіка ў кватэру пазванілі. Дзьверы адчыніў тата — і ў хату ўварваліся пяць чалавек. Закрычалі: "Усім ляжаць, працуе АМАП!". Маці, тату і мяне зьбілі з ног, паклалі тварам у падлогу. Нічога не тлумачылі абсалютна, сказалі толькі: "Мы яе забіраем". Маму ўдарылі ў твар — мне падалося, яна адразу страціла прытомнасьць. Яна была яшчэ ў начной бялізьне, ёй нават не давалі адзецца — маўляў, толькі пры нас, а то нож схавае пад вопратку. Калі выводзілі, яна плакала», — распавёў Сяргей, сын затрыманай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы паведамілі ў ААН пра жанчыну, якую караюць шостым арыштам запар, агулам на 90 сутакПаводле Сяргея, у маці адразу забралі смартфон і нешта на ім сфатаграфавалі. «Пазьней я даведаўся, што яны сфатаграфавалі камэнтар маці, які яна пакінула пад нейкім відэа на нейкім Тэлеграм-канале. Што ёй інкрымінуюць — дагэтуль невядома», — кажа жыхар Гомля.
Сяргей гаворыць, што яго амапаўцы аднесьлі ў іншы пакой, дзе зь ім размаўляў невядомы, які прадставіўся начальнікам аддзелу. «Ён сказаў, што асабіста за нас узяўся, і мы ўсе будзем сядзець. За што — не зразумела... У ІЧУ, дзе яна цяпер знаходзіцца, ад мяне ўзялі толькі цёплую вопратку — прадукты адмовіліся браць», — дадаў Сяргей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці задобрыць жанчын новы кодэкс9 сакавіка Валерыю павінны судзіць, аднак па-ранейшаму невядома, за што і а якой гадзіне. Таксама Сяргей гаворыць, як чуў, што ў дачыненьні да маці могуць пачаць крымінальную справу паводле артыкулу 130 «Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці» і перавесьці ў СІЗА.
Раней Валерыю Дзяцук не затрымлівалі.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску вынесьлі адзін з самых суровых выракаў за пасьлявыбарныя пратэсты