Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску вынесьлі адзін з самых суровых выракаў за пасьлявыбарныя пратэсты


Суд над Аляксандрам Троцкім.
Суд над Аляксандрам Троцкім.

Менскі гарадзкі суд завяршыў разгляд справы за замах на забойства супрацоўніка органаў унутраных справаў (арт. 14 арт. 362 Крымінальнага кодэксу) супраць 45-гадовага бізнэсоўцы Аляксандра Троцкага.

Судзьдзя Сяргей Хрыпач прызнаў яго вінаватым і пакараў 10 гадамі зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна». Акрамя таго, Троцкі мусіць выплаціць пацярпеламу інспэктару ДАІ 10 тысяч рублёў кампэнсацыі.

Гэта адзін з двух самых суворых тэрмінаў, які вынесьлі ў сувязі з пратэстамі супраць рэжыму Лукашэнкі, што пачаліся 9 жніўня 2020 году. Такое ж пакараньне прызначыў Берасьцейскі абласны суд Аляксандру Кардзюкову, якому далі 10 гадоў за нібыта замах на забойства сілавіка.

Пракурор Антон Цюменцаў прасіў 11 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму для бізнэсоўца Аляксандра Троцкага, якога судзяць за наезд на супрацоўніка ДАІ.

У апошнім слове Аляксандар Троцкі паўтарыў, што спалохаўся нападу невядомых у чорным, бо якраз зьявіліся відэа зьбіваньня мірных людзей, ён гэтыя відэа бачыў і стараўся такога пазьбегнуць. Троцкі папрасіў прабачэньня ў сваякоў і знаёмых, у тым ліку ў 40 работнікаў сваёй фірмы. Пра пацярпелага ў апошнім слове Троцкі нічога не сказаў.

Троцкі пасьля агучваньня прысуду заявіў, што будзе абскарджваць яго.

Сваякі спадзяваліся на апраўданьне

Жонка Аляксандра Троцкага Ірына ў камэнтары сказала, што да апошняга спадзявалася на апраўданьне ў выраку.

Сяброўка суцяшае Ірыну Троцкую, чый муж быў асуджаны на 10 год зьняволеньня.
Сяброўка суцяшае Ірыну Троцкую, чый муж быў асуджаны на 10 год зьняволеньня.

«Хацелася верыць у справядлівасьць», — сказала Ірына Троцкая і расплакалася. Сабраўшыся, жанчына дадала:

«Мой муж вопытны кіроўца, ён ня зьбіраўся на кагосьці наяжджаць. Мяркую супрацоўнік ДАІ сам скокнуў на капот. Ён жа прызнаваў у судзе, што парушыў інструкцыю, не мусіў стаяць побач нават з дзьверцамі, ня тое што перад капотам. Калі на мужа наставілі зброю невядомыя, ён сапраўды мог спалохацца», — мяркуе жонка падсуднага Ірына Троцкая.

Жанчына сказала, што прысуд мужу абавязкова будзе абскарджаны.

Сын Троцкага Даніла таксама заўважыў, што супрацоўнік ДАІ парушыў службовую інструкцыю пасьля таго, як спыніў аўтамабіль, у якім ехаў ягоны бацька:

Даніла Троцкі пасьля выраку бацьку ў Менскім гарадзкім судзе.
Даніла Троцкі пасьля выраку бацьку ў Менскім гарадзкім судзе.

«На маю думку справа не цягне нават на непадпарадкаваньне, а не тое што на замах на забойства. Юраў сам прызнаў у судзе, што стаяў перад капотам, дзе стаяць нельга. Сьведкі міліцыянты пацьвярджалі, што кіроўца як крануўся, вывернуў стырно налева, хацеў аб’ехаць міліцыянта, дык як той аказаўся на капоце, калі не сам на яго заскочыў?», — пытаецца Даніла Троцкі. Ён заўважыў, што ў справе ягонага бацькі не аказалася ніводнага відэа падзей 12 жніўня на праспэкце Пераможцаў, якія адбыліся з удзелам ягонага бацькі:

«Колькі ў тым месцы на праспэкце відэакамэр, і раптам ніводная не працавала. І відэарэгістратары чамусьці аказаліся адключаныя. Абарона запытвала відэа, але адказалі, што ўсе не працавалі. Як такое можа быць?», — зьдзіўляецца сын асуджанага Аляксандра Троцкага. Даніла Троцкі не выключае, што з дарожнага інцыдэнту з удзелам ягонага бацькі зрабілі гучны крымінал наўмысна.

«Яны ж кажуць пра больш як 200 нападаў на міліцыянтаў, ну вось чаго вартыя гэтыя напады, мы сёньня пабачылі», — сказаў Даніла Троцкі.

Што вядома пра інцыдэнт і абвінавачваньне

Інцыдэнт адбыўся 12 жніўня на праспэкце Пераможцаў у Менску, дзе праваахоўнікі ў балаклавах і са зброяй спынялі для праверкі аўтамабілі. Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, у судзе даказалі злачынныя дзеяньні падсуднага Троцкага і ягоны намер менавіта забіць супрацоўніка ДАІ.

Аляксандар Троцкі
Аляксандар Троцкі

Аляксандра Троцкага судзяць у Менскім гарадзкім судзе з 25 лютага. Былы топ-мэнэджар банку «МТБ» Аляксандар Троцкі сьцьвярджае, што зьехаў зь месца, дзе яго спынілі людзі са зброяй, бо яны не назваліся, не сказалі прычыну спыненьня аўтамабіля і наставілі на яго зброю, а ён спалохаўся за сваё жыцьцё. Паводле падсуднага, ён наехаў на маёра ДАІ выпадкова і гатовы кампэнсаваць нанесеную шкоду.

Пацярпелы Ўладзімер Юраў падчас інцыдэнту атрымаў траўмы нагі, якія экспэртыза прызнала няцяжкімі. Пацярпелы запрасіў 20 тысяч рублёў кампэнсацыі ад Троцкага. Пракурор пазоў падтрымаў і прасіў задаволіць яго " з улікам разумнасьці".

Абаронца Аляксандра Троцкага адвакат Яўген Маслаў у спрэчках даказваў, што ягоны падабаронны ня меў намеру замахвацца на жыцьцё супрацоўніка ДАІ і не нападаў на яго, а зьехаў таму, што моцна спалохаўся за свае жыцьцё, калі на яго наставілі зброю і былі гатовыя страляць. Паводле абаронцы Маслава, у выстаўленым Троцкаму цяжкім абвінавачаньні ў замаху на жыцьцё міліцыянта ён не вінаваты.​

Траўмы Аляксандра Троцкага пасьля затырманьня сілавікамі.
Траўмы Аляксандра Троцкага пасьля затырманьня сілавікамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG