Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці задобрыць жанчын новы кодэкс


Новы працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях стаў быццам бы лагаднейшы да некаторых жанчын, але ня варта даставаць запыленыя ружовыя акуляры.

Дзяржава не пачала ставіцца да нас з (большай) павагай — яна проста імітуе актыўную дзейнасьць, а Аляксандар Лукашэнка, здаецца, хоча вярнуць сабе жаночыя сымпатыі.

Цяпер жанчын, якія маюць непаўналетніх дзяцей, могуць затрымаць па адміністрацыйнай справе толькі на тры гадзіны. Відаць, скончылася эра рытуальных пятнічных паляваньняў. Раней жа як было? Некаторых маці затрымлівалі адмыслова ў пятніцу, каб яны да панядзелка былі за кратамі да суду.

Я асабіста ведаю як мінімум трох жанчын, якія прайшлі праз такі зьдзек. Памятаю, як маю каляжанку і сяброўку, журналістку Яўгенію Доўгую чакалі побач з домам у пятніцу ўвечары і затрымалі на вачах у яе дзевяцігадовай дачкі. Памятаю, як журналістку Марыю Грыц, калі яе дачцэ было паўтара года, затрымалі на жаночым маршы і адвезьлі на Акрэсьціна, а пасьля суду не адпусьцілі, бо быў складзены яшчэ адзін пратакол. Памятаю, як прыйшлі ў пятніцу зранку да шматдзетнай маці Вольгі Бабровай і завезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня да суду.

Я, вядома ж, разумею, што Лукашэнка памятае нешта пра жанчын як аснову ягонага электарату і ўсё яшчэ спадзяецца вярнуць іх (нашую) ляяльнасьць чарговым дыскрымінацыйным законам. Але жанчынам у Беларусі трэба адэкватная ўлада, легітымны прэзыдэнт і дзейныя прававыя мэханізмы, а не падачкі ў стылі «ну вы ж жанчыны, з вамі трэба мякчэй, і ўвогуле ідзіце даглядайце дзяцей, ня лезьце ў мужчынскія справы».

Падачкі не дапамогуць. Зрэшты, нічога ўжо не дапаможа, але паверыць у зьяўленьне павагі да жанчын можна было б хаця б пасьля выбачэньняў, масавых адставак і расьсьледаваньняў злачынстваў, што чынілі сілавікі і іншыя прадстаўнікі і прадстаўніцы ўлады. Але ж не, частцы жанчын цяпер проста зьменшылі тэрмін затрыманьня па адміністрацыйных справах.

Сама па сабе новая норма безумоўна грае на руку жанчынам, у якіх ёсьць непаўналетнія дзеці — цяпер гэтыя жанчыны могуць сьмялей удзельнічаць у акцыях пратэсту і не баяцца, што іх адвязуць на Акрэсьціна на 72 гадзіны за вопратку «ў палітычных колерах». Але калі глядзець шырэй, дык такія зьмены ў законе — знак не гуманнасьці, а перадузятасьці і панаваньня гендэрных стэрэатыпаў. Дзеці ўсё яшчэ лічацца жаночай зонай адказнасьці.

А на колькі затрымліваюць жанчын у суседніх краінах? У Польшчы пра адміністрацыйнае затрыманьне ўвогуле гавораць толькі ў дачыненьні да нецьвярозых. Ва Ўкраіне тэрмін затрыманьня (з пэўнымі выключэньнямі) — тры гадзіны. У Расеі, калі артыкул прадугледжвае адміністрацыйны арышт як адзін зь відаў пакараньня, дык чалавека першапачаткова могуць затрымаць да 48 гадзін, але асноўнае правіла — таксама ня больш за тры гадзіны. Але адміністрацыйны арышт у дачыненьні да жанчын зь дзецьмі да 14 гадоў там не прымяняецца, і таму паўстае пытаньне, ці можна такіх жанчын затрымліваць на 48 гадзін. У 2015 годзе Канстытуцыйны суд РФ пастанавіў, што нельга.

Магчыма, цяперашняя папраўка ў беларускі кодэкс — гэта яшчэ і намёк на тое, што Лукашэнка хоча палепшыць стасункі з Расеяй і атрымаць яшчэ грошай на здушэньне пратэстаў і аплату сілавікоў. Гэткая паглыбленая інтэграцыя, вэрсія 2.0. Але, можа, гэта проста такое супадзеньне.

У любым разе любіць Лукашэнку за такое рашэньне беларускі ня стануць. Гэта занадта танная і відавочная маніпуляцыя. І ўвогуле, новыя папраўкі ў кодэксы выглядаюць зьдзекам на фоне таго, што дзяржаўныя органы і службы займаюцца змаганьнем з народам, замест таго каб выконваць свае непасрэдныя абавязкі.

Затое саджаюць цяпер не па 23.34. Сумнавядомаму артыкулу далі новы нумар, а пакараньне па ім зрабілі больш жорсткім. Вось такія рэформы.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG