Як паведамляе БелаПАН, Анастасія Баранчук накіравала скаргу ў Вярхоўны суд.
25 лютага ў Берасьці абласны суд прызнаў Генадзя Шутава і Аляксандра Кардзюкова вінаватымі ў супраціўленьні асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак. Судзьдзя Сьвятлана Крамянеўская прысудзіла Кардзюкову 10 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Шутава прызналі вінаватым «без прызначэньня пакараньня». Крымінальную справу па факце гібелі Генадзя Шутава так і не распачалі.
Суд прайшоў у адкрытым рэжыме, закрытай была толькі частка паседжаньня на другі дзень, дзе агучваліся матэрыялы з «сакрэтнага тома» справы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сваякі асуджаных пасьля выраку Шутаву і Кардзюкову: «У судзьдзі і пракурора дрыжэлі рукі». ВІДЭАПацярпелымі на працэсе выступілі двое вайскоўцаў мар’інагорскага спэцназу (вайсковая часткі № 89417 Сіл спэцыяльных апэрацый) — прапаршчык Арсеній Галіцын і капітан Раман Гаўрылаў. Паводле матэрыялаў справы і прызнаньняў самога Гаўрылава, менавіта ягоны стрэл зь пісталета Макарава стаў сьмяротным для Генадзя Шутава.
Што адбылося
Берасьцеец Генадзь Шутаў загінуў ад агнястрэльнага раненьня, якое атрымаў позна ўвечары 11 жніўня, падчас акцыі пратэсту ў абласным цэнтры. Відавочцам падзей стаў яго сябар Аляксандар Кардзюкоў. Пасьля канфлікту з двума асобамі (на судзе стала вядома, што гэта вайскоўцы-спэцназаўцы Гаўрылаў і Галіцын), які скончыўся для Шутава агнястрэльным раненьнем у патыліцу, Кардзюкову ўдалося ўцячы. Яго затрымалі 14 жніўня. Кардзюкоў пасьпеў расказаць свайму суседу па гаражах, што змог схавацца ад сілавікоў пад бальконам аднаго з дамоў на Маскоўскай вуліцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сьмерці затрыманага падчас пратэстаў Аляксандра Віхора не знайшлі складу злачынстваПасьля затрыманьня Аляксандра Кардзюкова перавялі ў СІЗА № 1 Менску і абвінавацілі паводле часткі 2 артыкула 363 Крымінальнага кодэксу («Супраціўленьне супрацоўніку органаў унутраных спраў альбо іншай асобе, якая ахоўвае грамадзянскі парадак»). Празь некалькі месяцаў абвінавачаньне Кардзюкову перакваліфікавалі на частку 2 артыкула 139 КК — «замах на забойства».
Што стала вядома падчас суду
- На судзе назвалі сапраўднае імя забойцы Генадзя Шутава.
- Расказалі пра падрабязнасьці ўдзелу вайсковага спэцназу ў разгоне пратэстаў.
- Вайскоўцы ў цывільным ня толькі мелі пры сабе зброю, але і ўдзельнічалі ў пратэстах пад выглядам звычайных людзей.
- Вайсковец, які забіў Шутава, падпарадкоўваўся камандзіру АМАП, які быў добра знаёмы з самім Шутавым.
- Працэс быў адкрыты, нягледзячы на хадайніцтвы пракурора і спэцназаўцаў.
- Адзіны цывільны сьведка забойства Шутава не пацьвярджае словаў вайскоўцаў.
Аляксандар Кардзюкоў нарадзіўся ў Кобрыні ў 1979 годзе. Жанаты, разам з жонкай гадуе непаўналетняе дзіця. У 2010 годзе быў асуджаны за хуліганства, адбыў пакараньне ў выглядзе грамадзкіх работ. Да 2011 году працаваў у аўтобусным парку Берасьця, пасьля першага суду займаўся падпрацоўкамі, зьбіраўся зарэгістравацца індывідуальным прадпрымальнікам.