Сярод высноваў: Беларусь застаецца ў цэнтры ўвагі, Лукашэнку ня лічаць легітымным, супраць памагатых рэжыму ўводзяць санкцыі, а пацярпелым дапамагаюць розныя дзяржавы.
У штабе адзначылі, што разам з партнэрамі, дыяспарай, праваабаронцамі і фондамі салідарнасьці ўдалося зрабіць Сьвятлане Ціханоўскай і яе камандзе.
- 6 месяцаў Беларусь не сыходзіць з палос сусьветных СМІ, у больш чым 50 краінах адбыліся акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю. Кампаніі і фонды з Даніі, ЗША і Нідэрляндаў прапануюць пляны інвэстыцыяў у Беларусь пасьля пераменаў;
- Лукашэнка стаў ізгоем. Больш за 30 дзяржаваў афіцыйна не прызнаюць яго прэзыдэнтам. Ён не сустрэўся ні зь якім дзяржаўным лідэрам за паўгода апрача прэзыдэнта Расеі Пуціна. Ціханоўская ж сустрэлася зь лідэрамі амаль 20 дзяржаваў;
- ААН разглядае стварэньне мэханізму для расьсьледаваньня злачынстваў Лукашэнкі. Данія, Вялікая Брытанія і Нямеччына запускаюць мэханізм для дакумэнтацыі парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. Польшча, Літва і Чэхія распачалi справы ў рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі;
- Эўракамісія спыніла амаль усе праграмы падтрымкі, якія ішлі для рэжыму. Лукашэнку пазбавілі мільярдаў даляраў;
- Лукашэнка — адзіны «кіраўнік дзяржавы» ў сьвеце, на якога накладзеныя пэрсанальныя санкцыі Эўразьвязу. Як мінімум, 240 яго памагатых трапілі пад фінансавыя абмежаваньні краінаў Эўразьвязу, Швайцарыі і іншых дзяржаў. Пад санкцыі трапіла таксама Кіраваньне справамі Лукашэнкі і кампаніі, зь ім зьвязаныя;
- Запушчаны Маскоўcкі мэханізм АБСЭ. На плятформе Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ адбыліся перамовы Ціханоўскай з удзелам прадстаўнікоў рэжыму;
- Эўразьвяз падрыхтаваў Усеабдымны плян для Беларусі. Ён уключае ў сябе бязьвізавы рэжым і макрадапамогу Беларусі пасьля сыходу Лукашэнкі і дэмакратычных пераменаў;
- Прыняты Акт аб дэмакратыі ў Беларусі. Акт пашырае амэрыканскую дапамогу грамадзянскай супольнасьці, беларускім СМІ ды ўзмацняе санкцыі супраць рэжыму. Асобную праграму падтрымкі запусьціла Нямеччына: падтрымка беларускіх мэдыяў, прафсаюзаў, грамадзкіх ініцыятываў, спартоўцаў і студэнтаў;
- Лукашэнку пазбавілі чэмпіянату сьвету ў хакеі і шэрагу іншых спартовых спаборніцтваў, якія сталі б чарговай нагодай для рэпрэсій супраць беларусаў;
- Некалькі тысяч чалавек атрымалі гуманітарныя візы;
- Сотні студэнтаў атрымалі стыпэндыі на працяг навучаньня;
- Сотні прайшлі праз праграмы рэабілітацыі, 30 цяжкапараненых трапілі ў Чэхію;
- 50 спартоўцаў змогуць атрымаць дапамогу ад Нямеччыны;
- Эўразьвяз ужо аказвае падтрымку беларускаму бізнэсу праз Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця.
З 7 па 10 сакавіка экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская наведае Швайцарыю, дзе сустрэнецца з прадстаўнікамі ААН і парлямэнту гэтай краіны. Перад гэтым яна наведала Фінляндыю і Партугалію.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Новыя выбары ў Беларусі павінны прайсьці ўвосень 2021 году». Ціханоўская падчас візыту ў Лісабон ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская асабіста заклікала кіраўніка кампаніі Yara, якая купляе беларускі калій, далей ціснуць на беларускія ўлады ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сябра дзяцінства Ціханоўскай: Гвалтоўныя формы зрынаньня рэжыму створаць гэткі ж рэпрэсіўны рэжым