Пры размове прысутнічалі прадстаўнікі нарвэскага партнэра «Беларуськалію» і Офісу Сьвятланы Ціханоўскай. Ціханоўская расказала Свайну Туру Гульсэтэру, дырэктару Yara International, пра факты рэпрэсій супраць страйкаму «Беларуськалію», а таксама аб пытаньнях тэхнікі бясьпекі на прадпрыемстве.
«Ціханоўская заклікала нарвэскую кампанію аказаць ціск на кіраўніцтва „Беларуськалію“, а таксама зрабіць канкрэтныя і адчувальныя крокі для таго, каб спыніць рэпрэсіі супраць сяброў страйкаму прадпрыемства», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Ціханоўскай.
- Больш за 53 тысячы чалавек падпісалі пэтыцыю, у якой заклікалі кіраўніцтва Yara International прыпыніць супрацоўніцтва зь «Беларуськаліем», які, як сьцьвярджаецца ў пэтыцыі, зьяўляецца адной з асноўных крыніц фінансаваньня сілавікоў, адказных за перасьлед дзясяткаў тысяч беларусаў.
- Раней гендырэктар Yara International Свайн Тур Гульсэтэр і іншыя прадстаўнікі кампаніі заявілі, што падзяляюць пазыцыю нарвэскага ўраду ў падтрымцы дэмакратычнай Беларусі і правоў чалавека.
- Нарвэжцы двойчы прыяжджалі ў Беларусь і сустракаліся з кіраўніцтвам «Беларуськалію» (18 верасьня і 10 сьнежня 2020 году) з нагоды страйку працоўных і ўмоваў працы на прадпрыемстве.
- У студзені Сьвятлана Ціханоўская накіравала Гульсэтэру ліст, у якім заклікала кампанію прыпыніць кантракт зь «Беларуськаліем» і дапамагчы работнікам прадпрыемства, якія страйкуюць.