У сакавіку пройдуць адразу два тактычныя вучэньні Паветрана-дэсантных войскаў Расеі і Сіл спэцыяльных апэрацый узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, інфармуе сайт расейскага Мінабароны.
Першае пройдзе зь 9 па 20 сакавіка на палігоне «Паліўна» Ульянаўскай вобласьці Расеі і будзе прысьвечана «міратворчай тэматыцы». Пасьля фармаваньня зводнага падразьдзяленьня дэсантнікаў дзьвюх краін, на працягу тыдня пройдзе яго «баявое зладжваньне». Актыўная фаза вучэньняў пройдзе ў пэрыяд з 16 па 19 сакавіка.
У іх задзейнічаюць больш за 400 вайскоўцаў і каля 100 адзінак баявой і спэцыяльнай тэхнікі Ўльянаўскага злучэньня, ад беларускага боку больш за 80 вайскоўцаў асобнага гвардзейскага дэсантна-штурмавога злучэньня Сіл спэцыяльных апэрацый узброеных сіл, дыслякаванага ў Берасьці.
Акрамя таго, у вучэньнях паўдзельнічаюць 2 ударныя вэрталёты Мі-24 і 6 транспартна-баявых вэрталёты Мі-8АМТШ Цэнтральнай вайсковай акругі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паміраць за Расею» могуць зрабіць абавязкамДругія тактычныя вучэньні пройдуць паралельна, з 15 па 27 сакавіка на палігоне «Асіповіцкі» Магілёўскай вобласьці Беларусі. Пасьля правядзеньня «баявога зладжваньня», якое пройдзе на працягу тыдня пасьля прыбыцьця падразьдзяленьня Паветрана-дэсантных войскаў Расеі (ПДВ), беларускія і расейскія дэсантнікі адпрацуюць сумесныя адмысловыя дзеяньні ўзмоцненага парашутна-дэсантнага батальёну ў абароне і наступе ўдзень і ўначы.
Ад Расеі ў вучэньнях прымуць удзел каля 90 вайскоўцаў Пскоўскага гвардзейскага злучэньня ПДВ, ад Узброеных сіл Беларусі больш за 400 чалавек асабовага складу і каля 100 адзінак баявой і спэцыяльнай тэхнікі Віцебскага асобнага гвардзейскага паветрана-дэсантнага злучэньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Масква — стратэгічны саюзьнік». Мінабароны Беларусі і Расеі падпісалі пяцігадовую праграму партнэрства ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эстонская выведка: Беларусь ператварылася ў вайсковую акругу Расеі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве заявілі пра ваенную пагрозу зь Беларусі ў сувязі зь беларуска-расейскімі вучэньнямі «Захад-2021»