Кацярына Андрэева (Бахвалава), Яна Арабейка, Віталія Бандарэнка, Кацярына Барысевіч, Кася Будзько, Анастасія Булыбенка, Ганна Вішняк, Алана Гебрэмарыям, Вікторыя Гранкоўская, Ірына Злобіна, Марыя Каленік, Марыя Калесьнікава, Антаніна Канавалава, Тацяна Канеўская, Юлія Кашаверава, Вольга Класкоўская, Вікторыя Кульша, Сьвятлана Купрэева, Тацяна Ласіца, Ксенія Луцкіна, Сафія Малашэвіч, Алена Маўшук, Анастасія Міронцава, Вікторыя Міронцава, Марыя Несьцерава, Аляксандра Патрасаева, Марфа Рабкова, Натальля Раентава, Марыя Сафонава, Юлія Слуцкая, Ганна Сунгурава, Ксенія Сырамалот, Вольга Філатчанкава, Натальля Хершэ, Дар’я Чульцова, Ала Шарко, Ірына Шчасная, Тацяна Якельчык.
Пра што пішуць жанчыны-палітвязьні сваякам, сябрам, знаёмым і незнаёмым людзям?
Кацярына Андрэева
Журналістка тэлеканалу «Белсат», асуджана на 2 гады калёніі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). У нядаўніх лістах да мужа, журналіста Ігара Ільяша, піша пра рэпрэсіі і турэмны тэрмін:
«У мяне заўсёды было веданьне, што з намі здарыцца нешта падобнае. Усё жыцьцё да гэтага ішло».
Але дадае, што адчувае поўную гармонію з сабою. Яна перакананая, што ўсё зможа пераадолець і не баіцца таго тэрміну, які атрымала.
«Кажу, не хітруючы: калі б мяне спыталі, што я хачу зьмяніць у дні 15 лістапада (дзень, калі Кацярына вяла стрым і была затрыманая. — РС), я б адказала: ні-чо-га».
У лістах Кацярына часта перапісвае і дасылае вершы.
Яна таксама піша, што дачытала кнігу «Ў крузе першым» Салжаніцына.
«Гэта моц. Зь першай старонкі безадрыўна, залпам, выпісваючы цытаты. Некаторыя, адпаведныя майму ўнутранаму стану, прыводжу: «Мне 31 год. Ужо мяне жыцьцё і песьціла, і зрынала. І па закону сінусаідальнасьці будуць у мяне, магчыма, і яшчэ ўсплёскі пустога посьпеху, ілжывай велічы. Але клянуся вам, я ніколі не забуду той сапраўднай велічы чалавека, якую пазнаў у турме! Паднімем тост за дружбу, якая расквітнела ў турэмных скляпах».
Анастасія Булыбенка
Былая студэнтка БНТУ. З 12 лістапада знаходзіцца ў СІЗА № 1. Прадʼяўлена абвінавачаньне па арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Паводле Аксаны, маці Анастасіі, у сярэднім лісты ідуць 7–10 дзён.
Дачка піша, што многа чытае, дзякуе за перадачы. Піша, што трымаецца і нічога не баіцца. Разам з сукамэрніцамі яны гатуюць торты, рыбныя паштэты, адна адной заплятаюць косы.
«Цяпер чытаю Караткевіча „Чорны замак Альшанскі“ на беларускай... Спачатку гэта было такое выпрабаваньне. У нас у бібліятэцы гэты твор ёсьць на рускай, але я ня ведала. І добра! У выніку мозг перабудаваўся, і „заходзіць“ выдатна. Гэта нешта накшталт містычнага дэтэктыва».
«І я ні кропелькі не баюся, павер. Гатовая да абсалютна любога разьвіцьця падзей».
«Так зайздрошчу, што ты бачысься са мной у сьне. Мне сьніцца толькі турма. Ужо ўсе дзеяньні тут адбываюцца))) Але кожны-кожны вечар, перад сном, у мяне адзін сцэнар у галаве: суд — дом. Здаецца, ужо ўсе магчымыя і немагчымыя варыянты разьвіцьця падзей пракруціла)))».
«Дзе б ты ні зьявілася, пачынаецца сьвята, а ўсё таму, што яно ўнутры. Ты і ёсьць сьвята, мама. Я цябе люблю».
Таксама ў лістах да маці Анастасія дасылае свае малюнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фігурантам «справы студэнтаў» падаўжаюць тэрміны ўтрыманьня пад вартайСьвятлана Купрэева
Дачка пісьменьніка Міколы Купрэева, сяброўка сям’і Віктара Бабарыкі, каардынатарка ягонай ініцыятыўнай групы. Знаходзіцца ў СІЗА КДБ з 11 чэрвеня, ёй прад’яўлена абвінавачаньне па арт. 243 Крымінальнага кодэксу (Ухіленьне ад выплаты сум падаткаў, збораў). Сьвятлана перапісваецца з паэтам Леанідам Галубовічам і ягонай жонкай Верай, дасылала свае вершы, якія пісала ў адзіночцы.
«Турма — гэта самы цяжкі пэрыяд у жыцьці кожнага, але і вельмі насычаны эмацыйна. „Своеасаблівы трыюмф духа, трыюмф асобы, які мяжуе з пастаяннай рызыкай адчаю. Ведаю, што гэтае выпрабаваньне зробіць мяне нашмат лепшай, але самае галоўнае — напоўніць маё сэрца любоўю бязьмежнай!“. Гэты ўрывак зь ліста Эдуарда мне напісала яго родная цёця... Напэўна, лепш цяжка сказаць. Гэта проста космас! Я і па сабе заўважала ўжо даўно, што станаўлюся ўсё лепшая і лепшая, і па сваіх суседках... і гэта вельмі заўважна. Яшчэ турма вельмі разьвівае пачуцьцё гумару. Гэта тут проста неабходна і вельмі згуртоўвае калектыў».
«Вось ужо і апошні зімовы месяц на парозе... Няхай мароз застанецца толькі прыродны, а чалавечы — абавязкова павінен зьнікнуць назаўсёды! Усё абавязкова будзе добра!»
«Са сьнегам вось ужо ўсё прыгажэй і радасьней. А як прыгожа ён ляжыць, налеплены на мэталічнай сетцы зьверху, на прагулцы... ну, пад нагамі — тае».
«Вось вясна абавязкова прынясе ўсё самае лепшае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як бы мне хацелася накупляць процьму абновак!». 9 месяцаў у «амэрыканцы» сяброўка сям’і Бабарыкаў
Юлія Слуцкая
заснавальніца і старшыня Прэс-клюбу, знаходзіцца ў СІЗА № 1, ёй прадʼяўлена абвінавачаньне па арт. 243 Крымінальнага кодэксу (Ухіленьне ад выплаты сум падаткаў, збораў).
Літаратарка Вольга Бабкова атрымала ад Юліі Слуцкай толькі адзін ліст. Даты на ім няма, дайшоў ён 27 лютага, на паштовым штампе бачны толькі год і месяц.
«...у апошні час не было наогул душэўных сіл, каб пісаць лісты. Але ў нас з табой ужо ёсьць напрацаваны навык — размаўляць адна з адной на адлегласьці. Так што я вельмі часта з табой размаўляю, Волечка мая, і адчуваю твой клопат за мяне... ...я прапускаю гэтую чароўную зіму. І нават баюся падумаць, што можа так стацца, што ня ўбачу вясны. Пішы мне, што адбываецца ў прыродзе, калі ласка! Буду ўяўляць...»
Натальля Хершэ
Грамадзянка Беларусі і Швайцарыі, асуджаная на два з паловай гады калёніі па арт. 363 Крымінальнага кодэксу (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак). Днямі Натальлю этапавалі ў Гомель, паведаміў яе брат Генадзь. Натальля абвяшчала галадоўку, бо ёй не даходзіла карэспандэнцыя. У лістах Натальля дасылае партрэты сукамэрніц, якія сама малюе. Віншавальную паштоўку на дзень народзінаў брату завяршае словамі: «Усё будзе добра!».
«Я лічу, што гэта ня дрэнна, што мая справа набывае такі шырокі розгалас, ты мяне добра ведаеш — піяр мне не патрэбны. Менавіта такога кшталту абвінавачаньні я атрымала ад маіх новых сукамэрніц. Уяўляеш, нават было сказана так: „Ты думаеш толькі пра сябе!“. Гэта было ня вельмі прыемна, але глыбока мяне гэта не кранула. Бог ім судзьдзя».
«Вельмі хочацца ўсіх вас убачыць, абняць. Кожны вечар перад сном успамінаю вас усіх у надзеі, а раптам прысьніцеся, але сны як такія не прыходзяць...»
«Буду вельмі рада, калі ты захаваеш частату пісаньня сваіх лістоў. Спадзяюся, што наш абмен карэспандэнцыяй больш не парушыцца.
Я вельмі рада, што прайшлі ўсе сьвяты, бо гэта практычна мёртвыя дні. Заўсёды чакаю панядзелка (ніколі ня думала)».