Улады Беларусі вінавацяць у пратэстах «дэструктыўныя тэлеграм-каналы». Увосень улады самі пайшлі ў Telegram. Стварылі шматлікія каналы, суполкі і чаты, дзе пашыраюць афіцыйную прапаганду і атакуюць апанэнтаў.
Адна з былых супрацоўніц адміністрацыі школы расказала Свабодзе аб прымусовай падпісцы ня толькі на папяровыя выданьні, але цяпер, з улікам сучасных тэхналёгій, і на тэлеграм-каналы.
«Хіба прымусовае можа быць цікавым?»
Паводле Антаніны (імя зьмянілі на просьбу суразмоўцы. — РС), прыкладна ў кастрычніку адміністрацыі раёнаў Гомля стварылі свае тэлеграм-каналы.
«Абавязалі прынамсі адміністрацыі школаў падпісацца на іх і абавязкова рэагаваць на публікацыі. Хоць камэнтаром, хоць смайлікам. Прычым ты мусіш быць зарэгістраваны пад сваім прозьвішчам, са сваім здымкам. У „вярхах“ падлічвалі, колькі школа стварыла пастоў за тыдзень, і потым ці хвалілі на нарадах, ці бэсьцілі. На адной з нарадаў нават сказалі, што „будзем правяраць усіх пра прозьвішчах“ — каб усе былі падпісаныя на канал і чат і ставілі там камэнтары і падабайкі», — расказала былая супрацоўніца школы.
Паводле яе, у чаце часта зьяўляліся «мэмы», карыкатуры, «матывацыйныя ролікі» і карцінкі кшталту «Любимую не отдают!»
«Ад калегаў я ня чула нейкага абурэньня ці незадавальненьня. Ну сказалі падпісацца — падпісаліся, смайлікі паставім, калі трэба. Папраўдзе, тыя каналы і чаты нудныя. Прымусовае ня можа быць цікавым», — дадала пэдагог.
Чым напаўняюць каналы?
Адміністрацыя Цэнтральнага раёну прадстаўлена ў Telegram як «Vоканал». На канал падпісаныя 523 чалавекі. З апошняга тут — шэраг публікацый пра Дзень міліцыі, справаздачы пра мерапрыемствы БРСМ і перадрукі з каналаў іншых адміністрацый раёнаў.
Пераважная большасьць публікацый — справаздачы са школаў пра «адзіныя дні бясьпекі», стварэньне шпакоўняў, лякальныя мерапрыемствы. Відавочна, што найбольш школы адказваюць за напаўненьне тэлеграмаў адміністрацый.
2 сакавіка тэлеграм-канал адміністрацыі Цэнтральнага раёну разьмясьціў ролік «С днём милиции». Па стане на раніцу 4 сакавіка ролік меў на Youtube 60 праглядаў.
Чыгуначная адміністрацыя Гомля прадстаўлена каналам «У нас на раёне» і мае 700 падпісантаў. Канал стракаціць справаздачамі са школьных мерапрыемстваў, віншаваньнямі міліцыі з прафэсійным сьвятам і публікацыямі пра міжнародны жаночы дзень 8 сакавіка.
Адміністрацыя Савецкага раёну Гомля стварыла канал «Советский live». На яго падпісаўся 781 чалавек. 961 чалавек «чытае» навіны адміністрацыі Навабеліцкага раёну ў Telegram.
Усе чаты адміністрацый перадрукавалі ролік, які праслаўляе працу міліцыі. На фоне кадраў зь беларускіх пратэстаў гучыць песьня расейскага сьпевака Грыгорыя Лепса: «Спасибо, ребята! Всем тем, кто был России старшим братом. За то, что не могло бы быть без вас, но вы сумели победить». На словах «кто был России старшим братом» аўтары роліку разьмясьцілі шэраг пратэстоўцаў зь бел-чырвона-белым сьцягам.
У лютым школы праводзілі «традыцыйны агляд-конкурс шэрагаў і песьні». Школы раёну выклалі ў Telegram відэа, дзе школьнікі маршыруюць па спартовых залях.
Для параўнаньня, тэлеграм-канал прыхільнікаў перамен «Гомель: нас 97%», створаны перад выбарамі, мае звыш 9 тысяч удзельнікаў. Таксама існуюць сотні тэлеграм-каналаў раёнаў і кварталаў. Штотыдзень міліцыя дае справаздачу пра затрыманьне чарговых адміністратараў гэтых каналаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пыталіся пра стасункі з NEXTА». Што вядома пра масавыя затрыманьні 2 сакавіка ў Менску