Як паведаміў БелаПАН адзін з прадстаўнікоў адвакацкай супольнасьці, 3 сакавіка ў ведамства выклікалі сем адвакатаў. Атэстацыю прайшоў толькі адзін, тры — прайшлі ўмоўна, а Мікалай Ётка, Андрэй Барташэвіч, Алена Шынкарэвіч не атэставаныя. Няпройдзеная атэстацыя лічыцца падставай для пазбаўленьня ліцэнзіі, растлумачыў суразмоўца агенцтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі запусьцілі праект падтрымкі адвакацкай супольнасьці «Права на абарону»Ён лічыць, што такім чынам улады спрабуюць пазбавіцца ад непажаданых адвакатаў, запалохаць астатніх і пазбавіць юрыдычнай абароны палітычных зьняволеных.
«У сакавіку на камісію выклікана некалькі дзясяткаў адвакатаў. Фармальная нагода можа быць любая, але сутнасьць адна — прыбраць тых, хто шмат гаворыць», — адзначыў юрыст.
Дзяржаўнае агенцтва БелТА цытуе тлумачэньне прэсавай службы Міністэрства юстыцыі, дзе гаворыцца: «Падчас атэстацыі асобныя адвакаты паказалі нізкі ўзровень ведаў дзейнага заканадаўства».
Паводле міністэрства, падчас плянавай праверкі ў 2020 годзе былі выяўлены парушэньні заканадаўства, якія «сьведчаць аб неналежным выкананьні асобнымі адвакатамі сваіх прафэсійных абавязкаў, што зьяўляецца падставай для правядзеньня кваліфікацыйнай камісіяй па пытаньнях адвакацкай дзейнасьці ў Беларусі пазачарговай атэстацыі адвакатаў».
Наступнае пасяджэньне кваліфікацыйнай камісіі прызначанае на 24 сакавіка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За тыдзень скасавалі ліцэнзіі ўжо пяці адвакатамЦяпер у Беларусі каля 200 адвакатаў, якія абараняюць грамадзян у рэзанансных справах, зьвязаных з правамі чалавека і палітычнымі працэсамі.
За апошні час ведамства пазбавіла ліцэнзій Аляксандра Пыльчанку і Людмілу Казак, гэта адвакаты Марыі Калесьнікавай. Супраць двух іншых яе абаронцаў распачатыя крымінальныя справы: Ільлю Салея абвінавачваюць па ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы), Максіма Знака — па гэтым жа артыкуле і яшчэ па ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 (па факце стварэньня Каардынацыйнай рады).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У адвакаткі Марыі Калесьнікавай і яшчэ трох адвакатаў забралі ліцэнзііАкрамя таго, ліцэнзій пазбаўленыя адвакаты Юлія Леванчук, Канстанцін Міхель, Міхаіл Кірылюк, Максім Конан. Цяпер спрабуюць зрабіць гэта ў адносінах да Ўладзімера Сазанчука, які абараняе палітыка Міколу Статкевіча, блогера Дзьмітрыя Казлова і журналістку Кацярыну Андрэеву.