У ім гаворыцца:
«Мы, журналісты, рэдактары і ўсе супрацоўнікі TUT.BY, лічым прысуд незаконным і несправядлівым. Адзіным справядлівым рашэньнем, на наш погляд, быў бы апраўдальны прысуд.
Больш за тое, сам факт распачынаньня крымінальнай справы ў дачыненьні да Кацярыны Барысевіч і доктара Сарокіна, а таксама іх доўгае ўтрыманьне пад вартай, мы лічым абуральным, цынічным і абсурдным.
Па-першае, дадзеныя пра стан Рамана Бандарэнкі агучваліся ня толькі фігурантамі справы, але і шматлікімі іншымі крыніцамі, у тым ліку прадстаўнікамі ўлады.
Па-другое, нам здаецца відавочным, што «павышэньне напружанасьці ў грамадзтве» (фармулёўка пракуратуры) выклікала ня тое, што ў крыві Рамана не было алькаголю, а тое, што малады чалавек быў зьбіты да сьмерці невядомымі.
Бо стыхійная акцыя памяці Рамана прайшла ў двары на Чарвякова ўвечары 12 лістапада, задоўга да публікацыі Кацінага артыкулу. А адсутнасьць крымінальнай справы (яна была распачатая толькі 18 лютага, за суткі да пачатку суду над Кацяй і доктарам Сарокіным), як і затрыманых у сувязі з гвалтоўнай сьмерцю Рамана Бандарэнкі, а таксама адсутнасьць якой-небудзь рэакцыі на журналісцкія расьсьледаваньні аб падзеях 11 лістапада ў «двары пераменаў», якраз маглі спрыяць «стварэньню атмасфэры недаверу да кампэтэнтных дзяржаўных органаў».
Мы таксама перакананыя, што менавіта перасьлед і абвінаваўчы прысуд у дачыненьні да Кацярыны Барысевіч і доктара Арцёма Сарокіна здольныя падарваць давер да дзяржаўных органаў.
Мы лічым, што прысуд Каці — гэта і помста ёй пэрсанальна за яе працу, і спроба аказаць ціск на TUT.BY і іншыя незалежныя мэдыя.
Мы патрабуем неадкладна вызваліць Кацярыну Барысевіч! Мы патрабуем вярнуць у Беларусь правасудзьдзе!», — напісалі супрацоўнікі TUT.BY у сваім звароце.
Партал таксама апублікаваў для чытачоў форму, якую яны могуць запоўніць, выказаўшы тым самым сваю салідарнасьць з Барысевіч і Сарокіным. «Так мы зможам убачыць, колькі чалавек салідарныя з Кацяй і доктарам Сарокіным», — патлумачылі аўтары звароту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынесьлі прысуд у справе «нуль праміле»: журналістцы Барысевіч — 6 месяцаў пазбаўленьня волі, лекару Сарокіну — 2 гады з адтэрміноўкай ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Акцыя ў падтрымку асуджанай журналісткі ў Менску. ФОТА