Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адзіны справядлівы прысуд — поўнае апраўданьне». Рэакцыі на вырак журналістцы і мэдыку


Суд на Кацярынай Барысевіч і Арцёмам Сарокіным
Суд на Кацярынай Барысевіч і Арцёмам Сарокіным

Адвакаты Кацярыны Барысевіч пасьля агучанага вэрдыкту заявілі, што журналістка чакала больш жорсткага рашэньня, але гэта мінімальны тэрмін па справе.

2 сакавіка журналістку Кацярыну Барысевіч за «разгалошваньне лекарскай таямніцы» асудзілі на паўгода калёніі і 2900 рублёў штрафу. Мэдыка Арцёма Сарокіна — на 2 гады зьняволеньня з адтэрміноўкай на 1 год і ўдвая меншую суму ў якасьці кампэнсацыі. Сарокіна вызвалілі ў судовай залі.

Марына Золатава, галоўная рэдактарка парталу TUT.BY, дзе працуе Кацярына Барысевіч, ня лічыць, што паўгода за кратамі для Кацярыны Барысевіч — гэта «мала».

«Адзіны справядлівы прысуд — поўнае апраўданьне», — пракамэнтавала яна вырак сваёй каляжанцы і лекару Арцёму Сарокіну.

Ціханоўская: Для рэжыму праўда стала крымінальным злачынствам

Сьвятлана Ціханоўская адрэагавала на судовае рашэньне, запэўніўшы, што ўсе палітычна асуджаныя абавязкова будуць рэабілітаваныя.

«Прысуд Арцёму Сарокіну і Кацярыне Барысевіч — доказ ня іх віны, а таго, што для рэжыму праўда стала крымінальным злачынствам. Спыніць гэты страшны палітычны і прававы крызіс можа толькі сыход Лукашэнкі і новыя сумленныя выбары. Мы дакладна ведаем: пасьля гэтага ўсе асуджаныя з палітычных матываў будуць рэабілітаваныя, бо яны — нашы Героі пераменаў», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.

Дэпутат Варанецкі: Чарговая страчаная магчымасьць для прымірэньня

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валер Варанецкі ў інтэрвію Tut.by заявіў пра гэты вырак:

«2021 год аб'яўлены Годам народнага адзінства. Але абʼяднаць грамадзтва і зьяднаць народ нельга прыняцьцем указу, закону або пляну мерапрыемстваў. Дасягнуць адзінства можна толькі на шляху прымірэньня, умацаваньня ўзаемаразуменьня і даверу... На шляху сьцьвярджэньня справядлівасьці, дабра і любові. На жаль, тое, што мы пакуль назіраем, не дае падставы для аптымізму.

Валер Варанецкі.
Валер Варанецкі.

На мой погляд, мы ўпусьцілі тут ужо нямала шанцаў. І вынесены прысуд у дачыненьні да журналіста Кацярыны Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна таксама, па-мойму, стаў чарговай страчанай магчымасьцю на шляху прымірэньня і згуртаваньня нашага народу. Шкада! Бо ўсе мы: і ўлада, і грамадзтва, калі хочам ня толькі захаваць, але і ўмацаваць наш беларускі дом, зрабіць яго камфортным і ўтульным для тых, хто жыве ў ім, і перадаць яго ў цэласьці і захаванасьці будучым пакаленьням, не павінны забываць словы Сьвятога Пісаньня, пра якія нам нагадаў у ходзе Ўсебеларускага народнага сходу ўладыка Веньямін:

«Усякае царства, якое разьдзялілася само ў сабе, апусьцее; і ўсякі горад або дом, які разьдзяліўся сам у сабе, ня ўстоіць».

Думаю, што ў гэты складаны для нашага народу час нам усім трэба вельмі ўважліва паставіцца да гэтых слоў».

Адвакаты Кацярыны Барысевіч і Арцёма Сарокіна паведамілі, што зьбіраюцца абскарджваць прысуд.

Праваабаронцы прызналі абаіх палітзьняволенымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG