Суд Маскоўскага раёну Менску вынес вырак журналістцы парталу Tut.by Кацярыне Барысевіч і лекару Арцёму Сарокіну. Журналістка пакараная 6 месяцамі пазбаўленьня волі і штрафам у 2900 рублёў (больш за тры месяцы зьняволеньня да суду залічаць у адбываньне пакараньня), лекар асуджаны на 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на год і штрафам 1450 рублёў. Абаім падсудным не забаранілі займацца прафэсійнай дзейнасьцю.
Сарокіна вызвалілі ў залі суду.
Вырак, які вынесла судзьдзя Сьвятлана Бандарэнка, яшчэ не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны ў гарадзкім судзе Менску. Дзяржабвінаваўцай на працэсе выступіла Людміла Іваненка. Сарокін вызвалены, Барысевіч чакае накіраваньня ў калёнію
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адзіны справядлівы прысуд — поўнае апраўданьне». Рэакцыі на вырак журналістцы і мэдыкуАдвакаты Кацярыны Барысевіч Міхаіл Баднарчук і Андрэй Мачалаў, а таксама абаронца Арцёма Сарокіна Вольга Бацюк паведамілі, што зьбіраюцца абскарджваць прысуд.
На абвяшчэньне выраку пусьцілі толькі каля 10 чалавек — сваякоў падсудных і пяць працаўнікоў дзяржаўнай прэсы. Перад заляй паседжаньняў паставілі мэталашукальнік. У будынак ня мог трапіць родны брат Барысевіч.
Напярэдадні суд Маскоўскага раёну адмовіў у акрэдытацыі на абвяшчэньне прысуду журналісту Tut.by — спаслаўся на «неспрыяльную эпідэмічную абстаноўку». Адмовілі ў прысутнасьці і журналістам незалежных выданьняў Onliner.by і БелаПАН.
У чым вінавацяць журналістку і лекара
Працэс у справе журналісткі парталу Tut.by Кацярыны Барысевіч і лекара-анэстэзіёляга БХМД Арцёма Сарокіна пачаўся 19 лютага і праходзіў у закрытым рэжыме. Абвінавачаныя і іх адвакаты хадайнічалі аб галосным разглядзе справы, аднак іхныя хадайніцтвы адхілілі. Усе сьведкі і абаронцы далі падпіску аб невыдаваньні, таму невядома нават, якога пакараньня абвінавачваным прасіла пракурор Іваненка.
Барысевіч і Сарокіна вінавацяць у разгалошваньні мэдычнай таямніцы забітага актывіста Рамана Бандарэнкі, які загінуў ад рук невядомых. Ён памёр у шпіталі хуткай дапамогі, куды яго даставілі з Цэнтральнага РУУС Менску.
Абвінавачаная журналістка са спасылкай на інфармацыю, атрыманую ад лекара, апублікавала артыкул пра тое, што ў крыві загінулага Бандарэнкі не было алькаголю, як пра тое публічна казаў Лукашэнка.
Артыкул Крымінальнага кодэксу, паводле якога абвінавацілі доктара і журналістку, прадугледжвае пакараньне ад 6 месяцаў да 3 гадоў пазбаўленьня волі. Праваабаронцы прызналі абаіх палітзьняволенымі.
Сястра Рамана Бандарэнкі, якая выступіла ў судзе ў якасьці сьведкі, падкрэсьлівае, што асабіста дазволіла Барысевіч публікаваць інфармацыю пра стан яе брата.
Каго дапусьцілі ў судовую залю
Судзьдзя Бандарэнка пастанавіла зрабіць працэс закрытым ужо праз паўгадзіны пасьля яго пачатку. Прычынай стала тая ж мэдычная таямніца пра стан Рамана Бандарэнкі неўзабаве пасьля інцыдэнту на «плошчы Перамен», якую, па вэрсіі абвінавачваньня, абнародавалі Арцём Сарокін і Кацярына Барысевіч. У залі суду засталіся толькі адвакаты, абвінавачаныя і судзьдзя з пракурорам і сакратаркай.
Крымінальную справу па факце сьмерці Рамана Бандарэнкі завялі праз 100 дзён пасьля забойства, амаль адначасова з пачаткам працэсу супраць Сарокіна і Барысевіч, але падрабязнасьцяў грамадзтву дасюль не паказалі. Вядома толькі, што сілавікоў сярод падазраваных няма.
Як сустрэлі вырак
Што трэба ведаць пра асуджаных
Кацярыну Барысевіч і Арцёма Сарокіна затрымалі ўвечары 19 лістапада 2020 году, праз шэсьць дзён пасьля публікацыі артыкула Кацярыны Барысевіч, дзе са спасылкай на мэдычныя дакумэнты і лекараў гаварылася пра адсутнасьць алькаголю ў крыві забітага Рамана Бандарэнкі. Гэта цалкам абвяргала паведамленьне МУС пра тое, што Бандарэнка ў момант сьмерці быў п’яны.
Арцёму Сарокіну 37 гадоў. Ён працаваў у тую ноч, калі ў лякарню хуткай мэдычнай дапамогі прывезьлі пабітага Рамана Бандарэнку, і менавіта ён аглядаў пацярпелага. Пазьней у размове з Барысевіч Сарокін паведаміў, што ў крыві Бандарэнкі не было знойдзена этанолу. Сарокін жанаты, мае траіх малалетніх дзяцей.
Кацярыне Барысевіч 36, яна працуе ў журналістыцы ўжо 15 гадоў. Адна гадуе дачку Дар’ю, якой на пачатку студзеня 2021 году споўнілася 18. Летась Дар’я паступіла на журфак БДУ, нядаўна пасьпяхова здала першую сэсію.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як праходзіў закрыты суд у справе журналісткі Барысевіч і лекара Сарокіна ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сястра Рамана Бандарэнкі: «Я асабіста дазволіла Барысевіч апублікаваць вынікі яго аналізаў». ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сваю камэру ў СІЗА называе апартамэнтамі». Што важна ведаць пра Кацярыну Барысевіч ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня думаю, што ў Лукашэнкі можа прачнуцца сумленьне ці спачуваньне». Маці лекара Арцёма Сарокіна пра справу сынаШто вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі
- Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
- Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
- Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
- У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
- Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
- Раман быў у крытычным стане.
- ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
- Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
- 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
- 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
- 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».