Пра дэталі затрыманьня і сваю цяперашнюю дзейнасьць ён расказаў Свабодзе.
Працу ў праваабарончай арганізацыі «Вясна» Ўладзімер Вялічкін пачаў у 1998 годзе. За гэты час улады неаднаразова аказвалі на яго ціск.
«16 лютага я быў маральна гатовы апынуцца за кратамі. У кожным месцы, куды мяне прывозілі для ператрусаў, я стараўся ўзяць хоць нешта — то пачак кавы, то шкляначку цукру, крыху гарбаты... Пакуль даехаў да ГУБАЗіКу, назьбіраў вялікі пакунак, зь якім у турме мне было б больш-менш камфортна»,— успамінае праваабаронца.
Уладзімер Вялічкін падкрэсьліў, што некаторыя моманты ў дзень яго апошняга затрыманьня моцна адбіліся ў памяці.
«Сьледчы выхваляўся, што падчас ператрусу знайшоў у нас візытоўку Юрыя Захаранкі (міністар унутраных спраў Беларусі ў 1994-1995 гадах, зьнікненьне якога ў 1997 г. зьвязваюць з так званым „эскадронам сьмерці“. — РС). Спытаў, ці я яго ведаў, а потым дадаў: „Гэта ж наш міністар. Ён зьнік, мы яго шукаем“. Я адказаў: „Дрэнна шукаеце“. Потым ён пачаў прагаворвацца па Фрэйду, увесь час блытаў Захаранку з Аляксандрам Захарчанкам (загінулы лідэр самаабвешчанай ДНР. — РС). Неаднаразова мне даводзілася яго папраўляць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 40 ператрусаў у кіраўнікоў БАЖ, журналістаў і праваабаронцаў. СЬПІС«Пакінуць краіну прапанавала маё кіраўніцтва»
Па словах Уладзімера Вялічкіна, ужо ўвечары, пасьля канфіскацыі яго тэлефона, супрацоўнікі органаў сказалі яму знайсьці нейкую замену апарату і даць ім новы нумар, каб быць на сувязі. Аднак на сувязь зь сілавікамі праваабаронца так і ня выйшаў. Праз тры дні пасьля ператрусаў ён пакінуў Беларусь. Яшчэ раней выехалі і два яго валанцёры.
Суразмоўца сьцьвярджае, што рашэньне аб эміграцыі стала для яго вымушаным і далося цяжка.
«Пакінуць краіну пасьля ператрусаў і допытаў прапанавала маё кіраўніцтва»,— кажа праваабаронца.
Аднак падкрэсьлівае, што, нягледзячы на эміграцыю, працягвае сваю дзейнасьць.
«Сёньня я на вымушанай „дыстанцыі“. Таксама дапамагаю ўсім тым, з кім быў у кантакце раней, — апавядае Вялічкін. — У нас працуе чат, дзе каля 1300 чалавек. Тых, хто пацярпеў ад рэпрэсій і каму патрэбна дапамога, менш не становіцца. Яны задаюць пытаньні і атрымліваюць неабходныя кансультацыі ад людзей з падобным досьведам альбо ад адміністратараў чату».
У Беларусі ва Ўладзімера Вялічкіна засталася жонка Маргарыта. Паводле яго, яна вельмі перажывае, бо раней не сутыкалася з такім ціскам (16 лютага яе таксама дапытвалі).
Цяперашняе месца свайго знаходжаньня Ўладзімер Вялічкін раскрываць ня стаў. Сьцьвярджае, што цяпер праходзіць карантын. На пытаньне аб вяртаньні адказвае:
«Як толькі стане вядома, што з маёй справай, ці яна будзе закрытая, адразу ж вярнуся. Я ня ў тым узросьце, каб пачынаць новае жыцьцё на чужыне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У 2020 годзе ўлады рэпрэсавалі 18 сяброў і валянтэраў Праваабарончага цэнтру «Вясна»