Трамп намякнуў, што можа ўдзельнічаць у выбарах 2024 году

Дональд Трамп

Былы прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп вярнуўся на палітычную сцэну 28 лютага ўпершыню пасьля завяршэньня паўнамоцтваў.

У сваёй першай вялікай прамове з моманту ўступленьня на пасаду прэзыдэнта Джо Байдэна Трамп намякнуў пра магчымае вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты ў 2024 годзе, а таксама разьвеяў чуткі, што плянуе стварыць новую партыю.

«Я буду працягваць біцца проста побач з вамі. Мы не ствараем новых партый. У нас ёсьць Рэспубліканская партыя. Яна будзе моцнай і згуртаванай, як ніколі раней», — сказаў Трамп падчас выступу на Канфэрэнцыі кансэрватыўных палітычных дзеяньняў (CPAC) у штаце Флорыда.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская разьлічвае, што Лукашэнка сыдзе ўжо вясной

Трамп працягвае адмаўляць сваю паразу на выбарах 3 лістапада і раскрытыкаваў Байдэна па шэрагу пытаньняў, сказаўшы, што краіна «перайшла ад Амэрыкі перадусім (ад споклічу Трампа America First. — РС) да Амэрыку ў апошнюю чаргу».

Неафіцыйнае апытаньне на канфэрэнцыі, праведзенае сярод крыху больш як 1000 прысутных паказала, што 97 адсоткаў ухваляюць працу Трамп на пасадзе прэзыдэнта.

Яшчэ адно апытаньне паказала, што 68 працэнтаў падтрымалі б Трампа, калі б ён зноў балятаваўся ў 2024 годзе. І калі б выбары 2024 адбыліся сёньня, а Трамп удзельнічаў у гонцы, 55 адсоткаў заявілі, што прагаласавалі б за яго.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША ўхвалілі плян падтрымкі на амаль $2 трлн. Амэрыканцам раздадуць па $1400