Вось што расказваюць маці і сяброўка Сьвятланы Купрэевай.
Сьвятлана Купрэева была сябрам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, зьбірала за яго подпісы. Сьвятлана — дачка вядомага беларускага паэта Міколы Купрэева і мовазнаўцы, выкладчыцы Інстытуту ўдасканаленьня настаўнікаў Тацяны Гаўрыс. Зь сям’ёй Бабарыкаў Сьвятлану зьвязвалі цёплыя адносіны — яна была блізкай сяброўкай жонкі Віктара Марыны, сьведкай на іх вясельлі і хроснай старэйшай дачкі Бабарыкаў Марыі.
«Прадчуваньня не было, што Сьвятлана дадому ня вернецца»
11 чэрвеня 2020 году ў кватэру, дзе Сьвятлана жыве з пажылой маці Тацянай Мікалаеўнай, прыйшлі зь ператрусам.
«Да нас прыйшлі а 8-й раніцы два супрацоўнікі КДБ, нічога не тлумачачы. Другая пара была ДФР. Кажуць Сьвятлане, якая была яшчэ ў халаціку: „Давайце праедзем з намі ненадоўга, вы будзеце ў якасьці сьведкі. Хутка вернецеся“.
Сьвета ўзяла ў мяне грошы на таксоўку назад — 40 рублёў, бо ключы ад машыны пакінула. Я блізка пабачыла аднаго з супрацоўнікаў, хоць на ім была маска да вачэй. Вочы такія калючыя! Падумала: дакладна дачку забіраюць па нейкім іншым пытаньні. Але прадчуваньня не было, што Сьвятлана дадому ня вернецца», — узгадвае Тацяна Мікалаеўна.
Амаль суткі да маці нібыта не маглі датэлефанавацца, бо памыліліся адной лічбай. Паведамілі празь сяброўку, што Сьвятлану затрымалі. Пайшла яна ў адной лёгкай кофтачцы. 5 дзён родныя не маглі перадаць ёй нават зубную шчотку.
«Цяпер у турмах сядзяць найлепшыя людзі»
Празь некалькі дзён пасьля затрыманьня Сьвятлану Купрэеву абвінавацілі ў нясплаце падаткаў у асабліва буйным памеры (па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу), спалучанай з нанясеньнем шкоды на агульную суму ня менш як 8 мільёнаў 950 тысяч рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У чым вінавацяць сяброўку сям’і Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву. Яна знаходзіцца ў СІЗА КДБ
З 11 чэрвеня 2020 году яе ўтрымліваюць у турме КДБ.
«Спачатку Сьвета была доўга адна ў «пакоі» (яна ня піша слова «камэра», а менавіта пакой). Тады яна пісала вершы. Цяпер у «пакоі» іх чацьвёра, і вершаў дачка ня піша. Думаю, што здольнасьці ў яе ад бацькі, паэта Міколы Купрэева. Дарэчы, у зводнага брата Андрэя, сына Купрэева ад іншага шлюбу, таксама паэтычны талент. Андрэй са Сьветай сябруюць. Дык Сьвета піша ў лісьце: «Андрэй мне таксама верш напісаў. Ён вельмі таленавіты, таленавіты ва ўсім».
Дачка ня падае духам. Піша: «Добра было б жыць, каб заўсёды атачалі людзі такія, як цяпер: добрыя, не эгаісты, цярплівыя, якія пастаянна ўсьміхаюцца. Гэта шчасьце — сустрэць такіх людзей, як у мяне цяпер. Чалавек, які дасягнуў вельмі высокага ўзроўню, можа быць добрым і сардэчным», — цытуе лісты Сьвятланы маці.
І дадае: «Цяпер у турмах сядзяць найлепшыя людзі».
Сьвятлана піша часта, аднак ня ўсе лісты даходзяць. Суседка па «пакоі», маладая дзяўчына з Магілёва, малявала партрэт Купрэевай. Але ні таго ліста, ні партрэта маці не атрымала.
«10 лютага ў Сьвятланы быў дзень народзінаў. Суседкі яе павіншавалі вершам. Адзін радок пазычылі ў Маякоўскага, астатнія склалі самі:
«Свети всегда, свети везде,
Свети и никого не бойся.
Свети и знай, что для людей
Твой свет поярче солнца»
— чытае ўрывак зь ліста маці.
«Помсьцяць за тое, што яна сяброўка сям’і Бабарыкаў»
Адвакат прынёс 26 лютага Тацяне Мікалаеўне ноўтбук і смартфон Сьвятланы. Сказаў, што ўсё астатняе пакуль «у разабраным выглядзе». Маці спадзяецца, што, магчыма, адновяцца сьледчыя дзеяньні.
«Сьвета ж проста сядзіць. Яна ні да банку ня мае ніякага дачыненьня, ні да падаткаў, ні да афшораў! Віктара Бабарыку мы ведаем праз Марыну — Сьвятлана сябравала менавіта зь ягонай жонкай. Помсьцяць за тое, што яна сяброўка сям’і Бабарыкаў. Аднак Сьвятлана ніколі не выкарыстоўвала сяброўства такога ўплывовага чалавека!
Яе бацька Мікола Купрэеў некалі выдаў першую частку сваёй кнігі „Палеская элегія“ за дзяржаўны кошт. А калі ён напісаў другую кнігу, гэта быў 2007 год — часы зьмяніліся, і можна было ці за свой кошт выдаць, ці шукаць спонсара. Сьвеце кажуць: „У цябе ж сябар такі заможны, зьвярніся да яго“. Але яна адказала, што сяброўства — гэта адно, а фінансы — іншае. Другая кніга, дарэчы, так і ня выйшла», — узгадвае спадарыня Тацяна.
«Усё будзе добра. Трэба яшчэ крыху пачакаць»
Жанчына прызнаецца, што ніколі не магла ўявіць, што ёй давядзецца пячы піражкі і насіць іх у перадачах у турму, пісаць лісты і кожную раніцу зазіраць у паштовую скрыню.
«Я веруючы чалавек, і мяркую, што Бог даў нам такое выпрабаваньне, якое трэба прайсьці. Гэты бок жыцьця мы ня ведалі. Можа, гэта неабходна для пазнаньня чагосьці, для самаацэнкі — раней здавалася, што чагосьці нестае для шчасьця.
Я дачцэ неяк напісала, што „шчасьця малавата“. А Сьвета піша: „Што за пэсымістычны настрой? Гэта ў цябе мала радасьцяў у жыцьці? Прачнулася, можаш спакойна выйсьці на вуліцу, зайсьці ў краму — гэта ўжо шчасьце!
Як бы мне хацелася б зрабіць шопінг па „Дана Моле“ і накупляць процьму абновак!“
Піша таксама: „Усё будзе добра. Трэба яшчэ крыху пачакаць“. І просіць, каб я набралася цярпеньня і чакала», — кажа маці Сьвятланы Купрэевай.
У «амэрыканцы» перахварэла на каранавірус
Сяброўка Сьвятланы Купрэевай Вера Галубовіч таксама часта атрымлівае лісты з «амэрыканкі».
«Лісты збольшага даходзяць. Было пару выпадкаў, калі не дайшлі, але я сама вінаватая, цяпер зрабіла высновы. Аднак аглядацца і «шыфравацца» таксама цяжка.
Вельмі добра трымаецца Сьвета, ня падае духам, піша: «Не дачакаюцца». Ня так даўно ў камэру да Сьветы «падсадзілі» жанчыну сталага веку з ковідам. Усе перахварэлі, Сьвятлана таксама, дзякуй Богу, у лёгкай форме. Мяняюць камэры — было такое, што сядзела ў камэры без прыбіральні. Цяпер быццам бы ў нармальнай камэры.
Калі былі вялікія маршы, жаночыя, пэнсіянэраў — я пісала сяброўцы ў «амэрыканку: „Мы зь Ленай пагулялі па горадзе, праходзілі міма цябе“. Яна адказвае: „Так, я адчувала“. Чуюць у турме, як машыны гудуць. Першы раз, калі пачулі, падумалі, што войскі ўвялі ў горад. А цяпер і няма пра што пісаць — хіба што пра надвор’е, пра сабачку», — расказвае Вера Галубовіч.
«Анёл Тэры не дапамог — зноў працягнулі тэрмін»
Сяброўка спадзявалася, што справа Купрэевай будзе неяк хутчэй рухацца. 11 лютага сканчаўся чарговы тэрмін утрыманьня яе пад вартай.
«У мяне ёсьць фота Сьвятланы з маёй сабачкай, дзяўчынкай Тэры, якая пражыла ў нас 13 гадоў, а 2 гады таму памерла. І мы хавалі яе ў лесе якраз 11 лютага. Сьвета напісала ў лісьце: „Можа, анёл Тэры дапаможа...“ Аднак анёл Тэры не дапамог — зноў працягнулі тэрмін», — уздыхае Вера Галубовіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Штаб Бабарыкі паведаміў пра арышт каардынатаркі ягонай ініцыятыўнай групы
«Бабарыку невыносна ўсьведамляць, што жанчына цярпіць за яго»
Яна перакананая, што трымаюць Купрэеву менавіта затым, каб ціснуць на Віктара Бабарыку.
«Сьвета ніколі не працавала ў „Белгазпрамбанку“! Яна працавала ў падатковай інспэкцыі, потым у турыстычнай фірме ў Траецкім прадмесьці. Калі сышла на пэнсію, крыху падпрацоўвала бухгальтаркай у фірме, якая займалася продажам дарагой зубной пасты.
А яе трымаюць для таго, каб ціснуць на Бабарыку. Бо ён мужчына вельмі сумленны, і для яго вельмі цяжка ўсьведамляць, што сяброўка нябожчыцы-жонкі сядзіць. А ён вельмі жонку любіў, жонка для Віктара — сьвятая справа, ён кожны год у дзень сьмерці Марыны заўсёды запрашаў сяброў.
Бабарыку невыносна ўсьведамляць, што жанчына цярпіць за яго. Тым больш жанчына, якая была побач зь яго сям’ёй усё жыцьцё», — разважае Вера Галубовіч.
Сьвятлана амаль паўгода сядзела ў камэры адна. Дарэчы, там яна пісала вершы. Дасылала іх мне ў лісьце і прасіла разьмясьціць на яе старонцы ў фэйсбуку, — кажа сяброўка Сьвятланы Купрэевай Вера Галубовіч.